Як Новы год сустрэнеш... У Ёдкаўскай школе гэта робяць весела і цікава (фота)

24 Декабря 2015 3045

Вольны ад вучэбных заняткаў, але насычаны выхаваўчымі мерапрыемствамі шосты школьны дзень у Ёдкаўскай школе праходзіць сапраўды і цікава, і весела. Мінулую суботу, напрыклад, тут прысвяцілі надыходзячым святам і ладзілі традыцыйны “Калядны кірмаш”. У школу запрасілі не толькі вучняў, але і бацькоў, бабуль, дзядуль.

Галоўнай і надзвычай відовішчнай часткай кірмашу стала моднае дэфіле ў карнавальных касцюмах. Для стварэння іх, вядома, шмат намаганняў прыклалі мамы, бабулі. Тое ўнікальнае, што атрымалася, стала вынікам сямейнай фантазіі. Ды вынік гэты нямала ўражваў – і цікавымі задумкамі, і незвычайнымі матэрыяламі, не кажучы ўжо пра талент саміх мадэлей. Па подыуме прайшліся дзёрзкія каўбоі і піраты, грацыёзныя ўсходнія прыгажуні, выйшла сюды і сучасная Снягурачка – у кароткіх празрыстых бры-джах і элегантным капялюшыку. З подыума ўдзельнікі кірмашу перамясціліся на майстар-класы. Іх далі педагогі... Ды не па навучальных прадметах, а па вырабе навагодніх сувеніраў, мяккіх цацак, выцінанак. Зразумела, падчас кірмашу шмат гулялі – у снежкі, снежны камяк (якіх так не хапае зараз за акном!), спявалі у караоке-клубе і танчылі.

Варта колькі слоў сказаць і пра арганізаваную выставу “Зімовая феерыя”, на якой проста немагчыма было прайсці міма навагодніх ёлак з макарон, відэльцаў, снегавіка з пластмасавых шкляначак ці шматлікіх навагодніх вянкоў... Ну і які ж Новы год без падарункаў? Самыя актыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі кірмашу іх атрымалі.

Між іншым, шосты школьны дзень у Ёдкаўскай школе сапраўды ўмеюць ладзіць. Як адзначыла карэспандэнту “Лідскай газеты” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Дзень, некалькі год таму ёдкаўскі праект шостага школьнага дня “Ад вытокаў родных крыніц” заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе. Зараз у школе распрацаваны і дзейнічае чарговы праект шостага школьнага дня “Падарожжа па родным краі”. Як і папярэдні, ён спраектаваны на нашу лідскую мясцовасць. Дзеці шмат падарожнічаюць і пазнаюць сваю малую радзіму. З’явілася нават новая форма – “Дні суседзяў”. Ёдкаўская школа сябруе з Дварышчанскай, Мінойтаўскай, Першамайскай і шэрагам гарадскіх школ. Вось і ў гэты шосты школьны дзень у гасцях у ёдкаўчан былі вучні з Беліцы, Ваверкі і Ходараўцаў. Частка іх удзельнічала ў міжшкольных спартыўных спаборніцтвах па баскетболе, а частка стала ўдзельнікамі і гледачамі “Каляднага кірмашу”.

Кажуць, як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Па ўсім відаць, 2016-ы шмат абяцае вучням з Ёдак.

3

3

12

3

3

3

3

3

3

3

3

3

3

3

3

111217

3

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться