Няхай жыве прабабуліна спадчына

11 Июня 2024 942
На базе гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Ёдкаўскай сярэдняй школы дзейнічае праект шостага школьнага дня “Землякі”, накіраваны на  збор экспанатаў, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю  цікавых людзей малой радзімы, што дасягнулі высокіх вынікаў  у працоўнай дзейнасці. Зусім нядаўна вучань 5 “А” класа Лявон Мацвей  прынёс у музей часалку для лёну сваёй прабабулі, якая за добрасумленную працу на цагельным заводзе ў вёсцы Шайбакі атрымала медаль “Ветэран працы”.  Сваімі ўспамінамі аб прабабулі хлопчык вырашыў падзяліцца з чытачамі “Лідскай газеты”. 

У вёску Шайбакі Лідскага раёна з суседняга аграгарадка Ёдкі да прабабулі Яні мяне цягнула заўсёды. У яе хаце, нібы ў сапраўдным музеі, радавалі вока стракатыя сурвэткі, дываны, ходнікі і іншыя рэчы. Некаторыя з іх я любіў браць дадому. Нават сёння з задавальненнем уся наша сям’я: мама, тата, старэйшы брат Даніла і малодшая сястрычка Насця –носяць прабабуліны шкарпэткі, рукавіцы, безрукавачкі і кофты. 

З імем маёй прабабулі, Яніны Антонаўны Букатка, умяне асацыіруецца мая малая радзіма. Баба Яня, як мы яе заўсёды называлі, аб’ядноўвала ў адно цэлае нашу вялікую сям’ю з розных куткоў Беларусі і Расіі. Яна ўмела і цёплым словам сагрэць у пахмурнае надвор’е, і смачнымі блінамі на раніцы пачаставаць. 

Нарадзілася прабабуля Яня ў вёсцы Таневічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1932 годзе.  Была з небагатай сям’і. Ужо з ранняга дзяцінства яна дапамагала бацькам па гаспадарцы. Школу ў той час не наведвала, але чытаць і пісаць навучылася сама. З 14 гадоў працавала на ферме. Самым любімым яе заняткам было часанне льну. Дома яго вырошчвалі, як і многія  аднавяскоўцы, каб апрануць сям’ю, у вялікай колькасці. Баба Яня часала лён незвычайнай прыладай працы (на фотаздымку) – шчаціннем са свінога воласу. Пасля такой часалкі лянок станавіўся чыстым, шаўкавістым, прыдатным для святочных убораў: кашуль, ручнікоў, сурвэтак. 

У 1964 годзе прабабуля пераехала ў вёску Шайбакі Лідскага раёна. І шчэць узяла з сабой. З 1964 па 1972 год працавала на мясцовым цагельным заводзе. За высокія дасягненні ў працы атрымала медаль “Ветэран працы”. У канцы жыцця Яніна Антонаўна перадала шчэць сваёй унучцы – маёй маме, Лявон Ірыне Іосіфаўне, настаўніцы пачатковых класаў Ёдкаўскай СШ, на памяць аб сваім любімым занятку – часанні ільну.

Усёй сям’ёй мы вырашылі перадаць незвычайны прадмет у школьны гісторыка-краязнаўчы музей «Вытокі», бо часаннем льну сёння ўжо ніхто не займаецца. А значыць, знікаюць бясследна і тыя рэчы, якія выкарыстоўваліся для яго апрацоўкі.
 
У нашым музеі шчэць размясцілі ў экспазіцыю «Помнікі этнаграфіі Лідскага краю» побач з іншымі прыладамі працы: грабянямі, церніцай, траплом, прасніцай, калаўротам. Калі мы з класам наведваем школьны музей, то з заміраннем сэрца слухаем, як мінулае ажывае. Я ўяўляю сваю бабулю Яню за працай і з гонарам шапчу: “Няхай жыве прабабуліна спадчына!”


Текст: Мацвей Лявон,  вучань 5 “А” класа Ёдкаўскай СШ, Таццяна Марцэвіч,  класны кіраўнік Мацвей Лявон, вучань 5 “А” класа Ёдкаўскай СШ, Таццяна Марцэвіч, класны кіраўнік
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться