Узыходжанне на гітарны Алімп

09 Марта 2023 969
На днях у Лідскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў панавала святочная атмасфера, якая была зараджана энергетыкай юных гітарыстаў і жывой гітарнай музыкі. Падтрымаць выканаўцаў прыйшлі ў актавую залу іх настаўнікі, бацькі, дзядулі і бабулі. На базе музычнай школы праходзіў IV адкрыты конкурс выканаўцаў на класічнай гітары “Гітарны Алімп-2023”.

Сёлета конкурс праходзіў у вочнай і дыстанцыйнай формах. Удзельнікамі яго сталі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей, горада Мінска, а таксама (упершыню) далёкага горада Хабараўска (Расія). Гэта 41 сольны выканаўца, 9 ансамбляў і 4 аркестры. Агульная колькасць удзельнікаў – 129 чалавек. Як адзначыла намеснік дырэктара Лідскай ДМШМ Вольга Пчыцкая, удзельнікі-лідчане на фоне іншых канкурсантаў кожны год выглядаюць дастойна. Ад Лідскай музычнай школы ў конкурсе ўдзельнічалі практычна ўсе юныя гітарысты з 1 па 7 клас.

Адкрылася свята класічнай гітары гімнам конкурсу ў выкананні Кацярыны Сымановіч (словы Тэрэзы Смольскай і Веранікі Рыш-Швец, музыка Веранікі Рыш-Швец). Затым з прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу звярнулася начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова. Наталля Фёдараўна адзначыла, што “Гітарны Алімп”, як і іншыя культурныя мерапрыемствы ў нашым горадзе, сёлета праходзіць пад знакам 700-годдзя Ліды, і пажадала юным канкурсантам цікавых і яркіх выступленняў. Прывітала гітарыстаў і лідская паэтка, аўтар гімна конкурсу Тэрэза Смольская, чыя малодшая дачка некалі таксама займалася ў Лідскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў (па класе скрыпкі) і ўдзельнічала ў конкурсах.

Да 700-годдзя Ліды кампазітар-піяніст, член Саюза кампазітараў Францыі Вераніка Рыш-Швец, якая некалі працавала ў Лідскай ДМШМ, напісала песню “Мой город Лида”, прэм’ера якой адбылася падчас адкрыцця конкурсу “Гітарны Алімп-2023”. Выконвалі песню аркестр “Тандэм” і вакальная група “Кіндэр-сюрпрыз” музычнай школы. Завяршылася выкананне песні пра Ліду запускам да столі актавай залы паветраных шарыкаў. 

Выступленні юных канкурсантаў ацэньвала кампетэнтнае журы, узначальваў якое дацэнт кафедры музычнага мастацтва ГрДУ імя Янкі Купалы Уладзімір Захараў. Члены журы ў ходзе конкурсу таксама дзяліліся з настаўнікамі і вучнямі сваім майстэрствам ігры на класічнай гітары, прэзентавалі свае метадычныя дапаможнікі. Іх натхнёнае выкананне стала добрым прыкладам і стымулам да далейшага ўдасканалення юных музыкантаў.

Завяршыўся конкурсны дзень узнагаро-джаннем найлепшых гітарыстаў. У намінацыі «Выканаўцы-салісты» лаўрэатамі I ступені ў сваіх групах сталі Вольга Вакульчык (Гродзенская ДШМ імя А. Тызенгаўза), Соф’я Ахіменя (ДМШМ №1 імя Ю. Семянякі г. Гродна), Яраслаў Шынковіч (Магілёўская ДШМ №4), Міхаіл Самакар (Лідская ДМШМ), Антон Вяршук (Магілёўская ДШМ №4), Аліцыя Харэвіч (Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж). У намінацыі “Ансамблі” дыпломы лаўрэатаў I ступені атрымалі ансамбль «Гітарынка» (Дзятлаўская ДШМ), дуэт у складзе Марыі Рак і Паліны Хіляжавай (Лідская ДМШМ), трыа ў складзе Уладзіслава Белагрывага, Арсенія Комінча и Аляксандра Савянкова (Лідская ДМШМ), аркестры гітарыстаў «Тандэм» (на здымку) і «Гномікі», ансамбль «Акорд» (усе тры калектывы прадстаўлялі Лідскую ДМШМ). Гран-пры конкурсу дасталіся Лізавеце Казначэевай (ДШМ імя У. Алоўнікава г. Бабруйска) і ансамблю «Віват» (Магілёўская ДШМ №4).

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться