У госці да Радзівілаў і не толькі. Лідскія школьнікі здзейснілі невялікае падарожжа і ўсім раяць завітаць у Нясвіж

22 Июня 2021 1043
Летнія канікулы вучні 8-х класаў сярэдняй школы №11 пачалі  з вандроўкі ў невялікі, але вядомы ва ўсёй Беларусі горад Нясвіж – горад, які і сёння называюць “сталіцай некаранаваных каралёў Вялікага княства Літоўскага”. Аб знаёмстве з гісторыка-культурнай спадчынай, якую пакінулі нам Радзівілы, вучні марылі ўжо даўно, і вось доўгачаканая мара здзейснілася.

Шлях да Нясвіжа пралёг праз гарады і мястэчкі, аб якіх вучні таксама пачулі розныя факты з гісторыі, цікавыя паданні. Гэта Бярозаўка, Навагрудак, Карэлічы, Мір і іншыя. Нясвіж сустрэў нас добрым надвор’ем і падрыхтаваў шмат яскравых і запамінальных імгненняў. 

Першым аб’ектам знаёмства стаў нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, які ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарога да палаца Радзівілаў, які абкружаны ланцугом азёр і паркаў, адразу перанесла нас у час, калі там жылі яго гаспадары. Нам увесь час здавалася, што вось-вось выйдзе хтосьці з вяльможных асоб роду Радзівілаў і прывітае нас уласна, працягне экскурсію па пакоях велічнага палаца. 

Пасля знаёмства з жыццём княжацкага роду Радзівілаў, якія жылі тут да пачатку Другой сусветнай вайны, мы наведалі Стары парк, дзе прыемна ў спякотны дзень пагуляць у прахалодзе. Юныя турысты ўбачылі скульптурныя кампазіцыі, алею выбітных асоб, якія ўнеслі значны ўклад у жыццё Нясвіжа ў розныя часы, а сёння памяць аб іх увекавечана ў бюстах.
    
Міма касцёла Божага Цела (пабудаваны ў 1587-1593 гг. у стылі барока), дзе сёння знаходзіцца крыпта княжацкага роду Радзівілаў, не пройдзе ніводны турыст. Васьмікласнікі таксама не прайшлі. А недалёка ад касцёла, у скверы, у 1982 годзе ўстаноўлены помнік Сымону Буднаму, каб нагадаць усім гасцям горада, што менавіта ў Нясвіжы беларускі асветнік займаўся выдавецкай дзейнасцю. З яго ўдзелам у XVI стагоддзі была заснавана тыпаграфія, у якой выйшла першая на беларускіх землях кніга “Катэхізіс” у форме пытанняў і адказаў. 

Наступным аб’ектам знаёмства стаў будынак Нясвіжскай ратушы. Яна адлічвае сваю гісторыю з 1596 года. Сёння, пасля рэстаўрацыі, тут знаходзіцца музей “Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII-першай паловы XIX стагоддзяў”. Вежу ўпрыгожвае гарадскі гадзіннік, а вакол размясціліся гандлёвыя рады. 

Не менш цікавым для дзяцей стала знаёмства з гарадской Слуцкай брамай, помнікам барока. Гэта адна з пяці брам, якая захавалася да нашага часу. Узведзеная яшчэ ў XVI стагоддзі, сёння Слуцкая брама нагадвае нам і дапамагае ўявіць той далёкі час, калі вакол Нясвіжа дзейнічалі абарончыя ўмацаванні. 

Вяртаючыся ад брамы ў цэнтр горада, мы зазірнулі ў невялікі сквер каля фантана. Нашу ўвагу прыцягнуў цар звяроў – леў, які горда ўзнёсся на  п'едэстале і адною лапаю трымае герб Нясвіжа. Знізу на мемарыяльнай шыльдзе размешчаны запісы аб значных падзеях у гісторыі горада. Леў – сімвал мужнасці. Гэтая ж жывёла сустракаецца і на гербе нашага горада.

Прыглядзеўшыся да выявы, мы ў думках адразу перанесліся ў Ліду. Але толькі ў думках – дарога ад Нясвіжа да Ліды была наперадзе. 

Час у дарозе праляцеў вельмі хутка. Гэтаму паспрыялі незабыўныя ўражанні, новыя веды, якія сталі добрым пачаткам летніх канікул. Упэўненая, што вучні здзейсняць за лета не адно падарожжа па Беларусі. Наша краіна вельмі багатая на гісторыка-культурныя аб’екты, помнікі  архітэктуры, прыроды і археалогіі. Лета толькі пачалося! А вы збіраецеся ў дарогу? Раім.
Текст: Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ №11.Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ №11.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться