Лаўрэаты прэміі імя Аляксандра Дубко названыя ў Гродне. Сярод іх – двое лідчан
Лаўрэаты прэміі імя Аляксандра Дубко названыя ў Гродне. Сярод іх – двое лідчан: дзевяцікласніца СШ № 1 Валерыя Пранюк і другакурснік Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Аляксандр Барташэвіч.
Стаць лаўрэатам прэміі імя А. Дубко на Гродзеншчыне, бадай, гэтак жа прэстыжна, як атрымаць высокую дзяржаўную ўзнагароду. Прэміі ўдастойваюцца лепшыя з лепшых у той сферы, якой займаюцца, – у вучобе, творчасці, спорце. Гэта паказчык поспеху і добрая прыступка ў руху наперад. А яшчэ – стымул, які дапамагае дасягаць новых вяршынь. Аб гэтым карэспандэнту гаварылі абодва лідскія лаўрэаты...
– Жыццярадасная, адкрытая, працалюбівая, вельмі здольная і таленавітая. Адна з лепшых маіх вучаніц! – шчыра гаворыць пра Валерыю Пранюк настаўніца біялогіі СШ № 1 Таццяна Чарамісіна.
А сама Валерыя вельмі рада, што ёй выпала вучыцца ў Таццяны Аляксееўны.
Валерыя сапраўды гонар не толькі сваёй настаўніцы, але і школы. Яна пераможніца рэспубліканскага этапу прадметнай алімпіяды па біялогіі: летась, будучы васьмікласніцай, яна ўдзельнічала ў ёй за дзявяты клас і заняла першае месца. Зараз рыхтуецца да ўдзелу ў абласным этапе. Так паступова зарабляе будучы “пропуск” ва ўніверсітэт. А яшчэ яна вельмі любіць біялогію. На другім месцы ў яе хімія, на трэцім – руская літаратура. Акрамя вучобы ёсць месца і творчасці. Дзяўчына спявае і выступае на школьных мерапрыемствах.
З дзяцінства ў яе ёсць мара – стаць урачом. “Хочацца дапамагаць лю-дзям, – гаворыць Валерыя. – Разумею ўсю адказнасць, складанасць прафесіі. Гэта не палохае. Я спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца”.
Валерыя прызнаецца, што заўсёды брала прыклад са старэйшага брата. “Ён таксама ў свой час быў лаўрэатам прэміі імя Дубко, – расказвае дзяўчына. – Мне тады было шэсць год, і я добра не ўсведамляла, што гэта такое. Але потым мне трапіла ў рукі кніга, дзе былі прадстаўлены лаўрэаты прэміі за ўсе гады, у тым ліку мой брат. Мне таксама захацелася калі-небудзь стаць лаўрэатам. І калі мне паведамілі, што я ўдастоена гэтай узнагароды, то першым, з кім падзялілася радасцю, быў мой брат. Цяпер і ён можа мною ганарыцца”.
Пра Аляксандра Барташэвіча “Лідская газета” пісала не так даўно, у пачатку гэтага года: у ліку адораных студэнтаў і навучэнцаў ён быў запрошаны на сустрэчу з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. І вось зноў прыемная падстава расказаць пра таленавітага маладога музыканта.
Аляксандр родам з Радуні, вырас у шматдзетнай сям’і (у якой, дарэчы, усе дзеці з маленства займаюцца музыкай). Яшчэ будучы навучэнцам дзіцячай музычнай школы, ён стаў ездзіць на кансультацыі ў Ліду да выкладчыка Канстанціна Сцяпанава, і потым, пасля паступлення ў каледж, трапіў да яго ў клас. Нягледзячы на малады ўзрост, Аляксандр ужо заявіў аб сабе як здольны навучэнец і таленавіты музыкант. Ён паспяхова паўдзельнічаў у некалькіх міжнародных конкурсах і з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
– Сваім поспехам я абавязаны перш за ўсё выкладчыкам, – гаворыць Аляксандр, – Канстанціну Мікалаевічу Сцяпанаву і выкладчыку музычнай школы Паўлу Часлававічу Казлоўскаму, які даў пуцёўку ў вялікае музычнае жыццё.