«Час вяртаць iмёны». Жыў на Лідчыне свой Страдывары

04 Мая 2018 1879

СтрадивариСто год сёлета спаўняецца з даты напісання паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Памятаеце, герой твора сам змайстраваў сабе скрыпку, якая стала вернай спадарожніцай у яго жыцці? Чаму мы ўспомнілі менавіта пра гэту паэму? Падставай для гэтага паслужыў адзін цікавы фотаздымак, што заўважылі мы на мясцовых могілках у Белагрудзе. Гэта было надмагілле Браніслава Круглага. На ім – партрэт, на партрэце – мужчына, а перад ім – скрыпка. Звычайна на помніках мы бачым проста фотаздымкі, а тут – разам з музычным інструментам. Напярэдадні юбілея паэмы “Сымон-музыка” мы вярнуліся да фотаздымка і вырашылі разгадаць загадку.

Па фотаздымку мы меркавалі, што Браніслаў Круглы быў музыкантам. Але музыкаў у наваколлі было шмат, ды ніводнага надмагілля з фотакарткамі, на якіх змешчаны партрэты з музычнымі інструментамі, мы не знайшлі. Значыць, гэта не проста музыкант. Мы распыталі старэйшых жыхароў навакольных вёсак, якія пацвердзілі факт, што ў суседняй вёсцы жыў Браніслаў Круглы, які сам іграў на скрыпцы, сам майстраваў скрыпкі і нават калекцыяніраваў іх! У ходзе далейшага даследавання мы звярнуліся па дапамогу ў Лідскі гістарычна-мастацкі музей, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, раённую бібліятэку, Гро-дзенскую абласную бібліятэку, дзе знайшлі публікацыі пра Браніслава Круглага, а таксама пабывалі ў вёсцы, дзе жыў музыкант.

***

Беларуская народная прыказка “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” – гэта пра Браніслава Паўлавіча Круглага, скрыпача-музыканта, майстра і калекцыянера скрыпак, які ўсё жыццё пражыў у невялікай вёсачцы Дубчаны Лідскага раёна. Нарадзіўся Браніслаў Круглы 30 студзеня 1906 года ў сям’і цесляроў. Бацька хоць і жыў бедна, але быў майстрам на ўсе рукі, сталяром і цесляром. А таму і яго два старэйшыя сыны таксама добра ведалі справу і былі памочнікамі бацьку.

У пачатку XX стагоддзя ў вёсках умелі не толькі працаваць, але і адпачываць. Так было і ў Дубчанах. Пасля цяжкага дня часта чуліся песні, іграла дудка, скрыпка ці гармонік. І падлетка Браніслава цягнула туды, дзе гучала музыка. Нібы зачараваны, слухаў ён народныя мелодыі. Музыкі былі тады ў вялікай пашане, без іх не абыходзіліся ні вяселлі, ні ігрышчы, ні святы. Справа гэтая ў дапаўненне давала яшчэ і нядрэнны заробак, у чым і была асноўная яе вартасць.

І вось аднойчы ў суседа-сябрука Баніфацыя, па прозвішчы таксама Круглы, з’явілася скрыпка. І той вырашыў асіліць дадзены інструмент з адзінай мэтай: стаць вясковым музыкантам. Сваёй задумай падзяліўся з Браніславам, і сябры пагадзіліся далей вучыцца разам. Але Браніслаў не мог іграць на той скрыпцы, бо яна была зроблена для ігры правай рукой, а ён быў ляўшой. А паколькі ўмеў абыходзіцца з дрэвам, вырашыў зрабіць сваю. Скрыпка ўдалася. І ён стаў “другой скрыпкай” у так званым ансамблі. Прайшоў час, і лепшыя музычныя здольнасці аказаліся ў Браніслава, таму яго скрыпка стала першай. Але гэта ўжо не тая скрыпка, зробленая ўласнаручна. А з’явілася яна ў Браніслава вось як: жаніўся старэйшы брат Браніслава, і на вяселле запрасілі іграць мясцовага музыканта і веселуна Фелікса, па прозвішчы Чарток (так звалі яго за віртуозную ігру на скрыпцы). У перапынку паміж танцамі падсеў да яго Браніслаў са сваёй скрыпкай-самаробкай і зайграў. Ігра Феліксу спадабалася, і ён, расчулены захапленнем юнака, падарыў яму сваю скрыпку. І вось ужо Браніслаў спасцігаў навуку ігры на скрыпцы Фелікса. Тады і бацька паверыў у талент сына – купіў яму яшчэ адну скрыпку.

На слых падлетак падбіраў то беларускую польку, то кадрылю, то “Каробачку”, то кракавяк і марыў аб тым, што ён будзе іграць на вяселлях. Але патрэбны былі цымбалы, бо традыцыйна народныя ансамблі складаліся са скрыпкі і цымбалаў. Таму прыйшлося падгледзець і змайстраваць уласныя цымбалы. Яны таксама ўдаліся. Самастойна навучыўся іграць на тых цымбалах, а пасля навучыў іграць Уладзіміра Хрыстука, які пражываў у суседняй вёсцы Дудары. Так склаўся ансамбль, ці, як тады казалі, “музыка”. Разам весялілі народ, збіраліся на пасядзелкі. Здаралася, што іншы раз не выпадала іграць разам, тады неабходна было шукаць іншага музыку, які б мог сыграць у дуэце. І Браніслаў такога напарніка знайшоў у суседняй вёсцы Палубнікі. Ім стаў Ян Клінцэвіч. Браніслаў не паглядзеў, што Ян яму ў сыны гадзіўся, а запрасіў да сябе ў памочнікі. Вось так, у пары з хлапчуком-падлеткам, не адзін раз весялілі народ на вечарынках: Браніслаў на скрыпцы, а Ян на цымбалах. Пасля Ян таксама навучыўся іграць на скрыпцы. Пройдзе час, і Ян прывязе сваю скрыпку дзядзьку Браніславу, каб той падрамантаваў яе (на дадзены момант Ян Клінцэвіч пражывае ў горадзе Лідзе, яму 90 год, іншы раз ён дастае скрыпачку і грае, успамінаючы сваю маладосць).

Аднойчы, іграючы вяселле, Браніслаў прыглядзеў сабе будучую жонку, якая выдзялялася сярод іншых дзяўчат. Прыгожая, статная, з блакітнымі вачамі, яна не выходзіла з галавы Браніслава. Адэльфіна часта прыходзіла на пасядзелкі. Там і ўспыхнула першае каханне. А праз некаторы час бацька Браніслава разам са сватамі стаяў на парозе Адэльфінінага дома. Хутка згулялі вяселле. Маладая сям’я прытулілася ў бацькоўскім доме Браніслава. У гэтым жа доме жылі яшчэ і старэйшыя браты з сем’ямі. У Браніслава не выходзіла з галавы думка – пабудаваць уласны дом. Але купіць лес, каб будавацца з яго, не мог. Таму ўзвёў глінабітны дом, хоць ніколі і не бачыў, як гэта робяць. Выручыла прыродная кемлівасць. Гэты дом і цяпер упрыгожвае вёску Дубчаны, праўда, у яго ўжо іншыя гаспадары.

srad

Адмысловы музыка і майстар Браніслаў Круглы.

Ужо маючы сваю сям’ю, Браніслаў не пакінуў сваё захапленне рабіць скрыпкі, а ўзяўся за працу яшчэ больш апантана. Зрабіў адну – яна яму не спадабалася, зрабіў другую, потым трэцюю… І ўсё ў яго атрымлівалася не так, як хацелася. Так паўтаралася доўга, пакуль інструмент не трапіў у рукі вядомага на той час беларускага музыканта Міхаіла Лучко, які вучыўся ў кансерваторыі ў Вільні. Іх сустрэча адбылася ў 1936 годзе. Неяк яны сустрэліся, і Лучко захапіўся ігрой на яго скрыпцы-самаробцы, іграў са шчырай асалодай. “Твая скрыпка, лічы, цуд, – сказаў ён. – У цябе залатыя рукі”. З пачуццём удзячнасці Браніслаў Круглы падарыў Лучко сваю скрыпку…

Аб тым, што гэтая сустрэча запомнілася і Браніславу Кругламу, гаворыць факт з кнігі “Памяць”: майстар даведаўся пра лёс Міхаіла праз шмат гадоў пасля вайны. Фашысцкая куля абарвала жыццё музыканта- партызана атрада “Іскра” 9 студзеня 1944 года каля вёскі Бурносы. Ён удзельнічаў у разгроме Налібоцкага гарнізона. Калі стомленыя байцы вярталіся пасля выканання баявога задання ў размяшчэнне свайго атрада, Міхаіл Лучко даставаў з паходнага чамаданчыка скрыпку. Гэта была скрыпка, падораная Браніславам Круглым. Яна здымала стому ў байцоў, паднімала іх на новыя подзвігі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Браніславу прыйшлося закінуць далёка на гарышча свае скрыпкі. А калі настала мірнае жыццё і пачалі ствараць саўгасы і калгасы, Браніслаў Круглы адзін з першых пажадаў жыць па-новаму: лічы, першы ўступіў у саўгас “Тарнова”. Быў сталяром, не цураўся ніякай працы. Многае было зроблена рукамі ўдалага майстра.

Але не ўсе станоўча адносіліся да стварэння саўгаса, не хацелі жыць так, як дыктавала ўлада. Таму часта шкодзілі гаспадарцы, устройвалі падпалы, разбоі, злачынствы. Магчыма, такое здарылася і ў саўгасе “Тарнова”. За неданясенне аб злачынстве Браніслава Круглага арыштавалі і асудзілі на 8 год з адбываннем у папраўча-працоўным лагеры. І там, у лагеры, ён не пакідаў ігры на скрыпцы, нават іграў у створаным ансамблі.

Пасля вяртання дадому амаль трыццаць год адпрацаваў у саўгасе сталяром. Але не пакінуў і свайго асноўнага жыццёвага захаплення: па-ранейшаму майстраваў скрыпкі (за сваё жыццё вырабіў каля пяцідзесяці скрыпак). Таксама збіраў па вёсках, дзе толькі мог, старыя інструменты і настойліва, з веданнем усіх тонкасцей, рамантаваў іх, вяртаў да жыцця. Толькі дзякуючы ягонай заўзятай зацікаўленасці, апантанасці на Лідчыне захаваліся найцікавейшыя, адзіныя ў сваім родзе інструменты.

Слава аб майстры скрыпак хадзіла далёка за межамі Лідскага раёна, вобласці і нават краіны. Зробленым яго рукамі скрыпкам давалі высокую ацэнку спецыялісты і музыканты. Іх набывалі як прафесіяналы, так і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, аматары не толькі з Беларусі, але і з суседніх рэспублік. Напрыклад, адным з апошніх у 80-я гады завітаў да майстра літоўскі скрыпач І. Будкус з Каўнаса і купіў сабе скрыпку.

Браніслаў Круглы не толькі майстраваў скрыпкі, але і рамантаваў. Яны, часам аджыўшыя свой век, так і заставаліся ў яго. Сам майстар казаў, што рамантаваў іх у памяць аб былых калегах-музыках.

Аб тым, што на Лідчыне жыве свой Страдывары, пісалі на старонках перыядычных выданняў як раённага, так і рэспубліканскага ўзроўню, пра яго скрыпкі ўпамінала даследчык Іна Назіна, якая ў час сваіх экспедыцый таксама пабывала ў Браніслава Паўлавіча.

Адна з публікацый пра майстра, музыку і калекцыянера належыць пяру Уладзіміра Васько, журналіста газеты “Уперад” (цяпер – “Лідская газета”). Пра таленавітага майстра напісалі газеты “Голас Радзімы”, “Звязда”, “Гродзенская праўда”, яго фотаздымак са скрыпкамі змясцілі ў часопісе “Беларусь”.

Усе, хто пабываў у Браніслава Круглага, бачылі сярод новенькіх скрыпак і непрыкметныя з выгляду скрыпачкі з пацямнелым, адпалым у некаторых месцах, выцертым лакам. Гэтыя скрыпкі былі асабліва дарагія майстру. Гэта скрыпкі, зробленыя рукамі старых імянітых майстроў. На некаторых з гэтых інструментаў можна прачытаць імёны прадстаўнікоў італьянскай школы. Праўда, сам Браніслаў Паўлавіч прызнаваўся, што “ў свеце шмат падробак пад тварэнні славутых італьянцаў. Так што дакладна невядома, хто зрабіў мае знаходкі”.

IMG 5282

Аўтары даследавання Рэната Пятрушчык і Вераніка Лабко.

Браніслава Круглага не стала 13 верасня 1987 года. Ці засталіся яго скрыпкі? Адшукаць іх было адной з задач нашага даследавання. Таму мы адправіліся ў Лідскі гістарычна-мастацкі музей. У ходзе гутаркі з супрацоўнікамі мы даведаліся, што ў фондах музея няма скрыпак. Не аказалася іх і ў Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Была назначана экспедыцыя ў вёску Дубчаны, на радзіму Браніслава Круглага. У ходзе яе высветлілася, што дом, у якім пражываў музыка, прададзены, мае іншых гаспадароў. З гутаркі з мясцовай жыхаркай Аленай Каткоўскай мы высветлілі, што ў горадзе пражывае нявестка майстра – Ганна Круглая. Мы адшукалі тэлефон жанчыны і напрасіліся на сустрэчу.

Сустрэча адбылася напярэдадні Новага 2018 года. Ганна Аляксандраўна падзялілася ўспамінамі пра свёкра. Многія яе ўспаміны і леглі ў аснову нашага даследавання. Са сцяны маўкліва пазіраў прыгожы насценны гадзіннік. Такіх у Браніслава Паўлавіча было два. Іх ён зрабіў на памяць аб сабе ўнукам, якіх у яго два. “Чаму не скрыпкі?” – спыталі мы. “Не перайшоў музычны талент ні да сына, ні да ўнукаў. Таму – гадзіннікі”, – адказала жанчына.

Пасля смерці Браніслава Паўлавіча скрыпкі перайшлі да Адэльфіны Ігнатаўны, яго жонкі. Перад смерцю Браніслаў наказваў, каб не шкадавала іх, прадавала. Скрыпкі ён і рабіў для таго, каб на іх ігралі. Ведала жанчына пра тое, якія з іх асабліва дарагія мужу, ведала і тое, што не адважыцца рука прадаць іх. Пасля смерці Браніслава Паўлавіча неаднаразова прыязджалі музыканты да ўдавы, хацелі набыць скрыпкі. Прыязджаў са сваім сябрам і Ян Клінцэвіч, якому яшчэ падлеткам удалося сыграць разам з вядомым майстрам і якому пасля не раз прывозіў падрамантаваць сваю скрыпку. Адэльфіна Ігнатаўна ўнесла тады ў пакой усе скрыпкі. Позірк Яна Янавіча спыніўся на непрыкметнай, можна сказаць, старой скрыпцы. Але жанчына не прадала яе – асабліва дарагая была тая скрыпка яе мужу. Менавіта яе ён знайшоў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў пілавінні, яна была прастрэлена. Яе Браніслаў доўга “лячыў”. За гэта яна аддзячыла звонкім голасам. Ян Янавіч усё ж набыў скрыпку, праўда, іншую. Пасля смерці Адэльфіны Ігнатаўны (а перажыла яна свайго мужа ўсяго на 3 гады) скрыпкі забраў сын Іван Браніслававіч, які пражываў з сям’ёй у Лідзе. Скрыпкі сталі самым бясцэнным скарбам для сям’і, памяццю пра бацьку. Пасля смерці Івана Браніслававіча іх працягвала берагчы жонка Ганна Аляксандраўна (нявестка Браніслава Паўлавіча), якая з задавальненнем нам іх і паказала. Скрыпак аказалася сем. Жанчына многае расказала з жыцця Браніслава Паўлавіча, шкадавала, што няма пакуль у радні больш музыкантаў. Гэта была першая і апошняя наша сустрэча. Праз тыдзень Ганна Аляксандраўна памерла. У распачатым намі даследаванні працягвалі ўдзельнічаць іншыя сваякі музыканта, яны падзяліліся ўспамінамі і фотаздымкамі.

IMG 3450

Ганна Круглая – нявестка Браніслава Круглага.

***

Матэрыялы нашага даследавання мы падалі ў цэнтр культуры і народнай творчасці з прапановай аб правядзенні вечара памяці Браніслава Круглага, які запланаваны на май бягучага года. А таксама звярнуліся з просьбай замацаваць на доме ў в. Дубчаны, дзе пражываў Браніслаў Круглы, памятную дошку з надпісам. Дадзены дом мы ўключылі ў турыстычны маршрут, які прапаноўваем для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, а ў першую чаргу для выхаванцаў лагера “Бярозка”. Паколькі дом знаходзіцца ў радыусе двух кіламетраў, дзецям будзе цікава пабываць на радзіме лідскага Страдывары.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться