У Лідзе пенсіянеры выйшлі на шлях валанцёрства
У нас чамусьці прынята лічыць, што валанцёрства – справа школьнікаў або студэнтаў, якія такім чынам выхоўваюцца на карысных справах. Але ў нас у Лідзе гэта далёка не так... Актыўна займаюцца добрымі справамі і лідчане пажылога ўзросту. Аб іх, валанцёрах аб’яднання “Актыўнае даўгалецце”, на старонках “Лідскай газеты” апавядалася ўжо не раз. Гэтыя людзі арганізоўваюць акцыі і збіраюць школьныя прылады для сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, дапамагаюць старэйшым за сябе і нямоглым, робяць шмат іншых карысных спраў. Абавязкова хацелася б, каб пра іх даведалася як мага больш лідчан. Гэту мэту і ставіць сабе спецыяльная рубрыка “Лідскай газеты” і аб’яднання “Актыўнае даўгалецце” цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Хто ведае, можа, з нашай лёгкай падачы добрых спраў у Лідзе стане яшчэ больш, а валанцёрам захоча стаць і хтосьці з нашых чытачоў?! Спадзяёмся на гэта.
Зусім нядаўна, літаральна ў снежні мінулага года, у аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей “Актыўнае даўгалецце” быў створаны клуб народнай культуры “Сяброўка”. І першай справай клуба стала добрая. Час спрыяў – ішлі навагоднія і калядныя святы, перыяд, калі кожны з нас, згодна з поклічам сэрца, імкнецца зрабіць хоць нешта карыснае, прыемнае, парадаваць кагосьці з блізкіх і не толькі. А ў жанчын, удзельніц “Сяброўкі”, да таго ж столькі нерастрачанай энергіі, столькі ім яшчэ хочацца зрабіць! Вось і вырашылі – падарыць людзям свята. У першую чаргу тым, хто ў гэтыя святочныя дні быў пазбаўлены сямейнай утульнасці і цеплыні, хто хворы або абмежаваны ў сваіх магчымасцях.
Ідэйнай натхняльніцай справы стала Марыя Іосіфаўна Ганчар, у мінулым педагог, да таго ж – знаўца беларускага слова, фальклору і музычнай культуры. Яна і яе сяброўкі ператварыліся ў калядоўшчыкаў. Пашылі касцюмы, склалі сцэнарый, развучылі словы старадаўніх песень і прыйшлі ў аддзяленне дзённага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў (былы шпіталь), а таксама ў дом сезоннага пражывання ў аграгарадку Далекія. Завіталі нават у Бярозаўку, у аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, і ў домік Таўлая (літаратурны аддзел гістарычна-мастацкага музея).
Разам з няўрымслівымі лідчанамі паважанага ўзросту пад маскамі Каляды, Казы, Мядзведзя, Цыгана, Гаспадара, Пані і Доктара ў гэтыя ўстановы не проста ўвайшло, а весела ўкацілася свята. Трэба было бачыць, як ружавелі шчокі бабуль, як свяціліся на іх маршчыністых тварах усмешкі!.. Многія ўспомнілі сваю маладосць, калі і яны вось гэтак жа хадзілі калядаваць. Асабліва ж цёплы прыём ладзілі валанцёрам у Бярозаўцы, у аддзяленні дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, дзе іх сустракалі людзі, асабліва чулыя да дабрыні і сардэчнасці.
Чым больш яны дарылі свята, тым больш хацелася гэта рабіць. Здавалася б, усе ўстановы ўжо аб’еханы, усе пажаданні выказаны, а запалу і жадання дарыць людзям радасць яшчэ столькі! Тады яны пайшлі ў кватэры лідчан...
Пад маскамі калядных герояў няцяжка было пазнаць рухавую і вясёлую Марыю Ганчар (у ролі Каляды), артыстычную Зінаіду Рамановіч (у ролі Казы), уладальніцу трэцяга месца ў конкурсе прыгажосці “Самая абаяльная і прывабная жанчына элегантнага ўзросту” Станіславу Бобрык (у ролі Цыгана), таленавітую Іраіду Косаву (у ролі Мядзведзя), вытанчаную Галіну Коўзу (у ролі Пані), непераўзыдзеную Марыю Караву (у ролі Гаспадара), пераканаўчую Ядзвігу Кот (у ролі Доктара, бо па прафесіі яна медсястра), бадзёрага і спартыўнага Уладзіміра Крысіна (у ролі Зараношы). А падыграў ім на сваім акардэоне таленавіты музыка Канстанцін Казячы.
– Мы і самі атрымалі вялізнае задавальненне, – падзялілася з карэспандэнтам Марыя Іосіфаўна Ганчар. – А колькі людзей потым выказвалі нам свае падзякі! Абавязкова прадоўжым калядаванне праз год. А пакуль шыем нацыянальныя касцюмы для новых творчых ідэй.







