Сакрэт вігілійнага хлеба, або Як робіцца калядная аплатка (фота)

24 Декабря 2016 5447

Некалькі гадзін засталося да галоўнай урачыстасці католікаў – свята Божага Нараджэння, падчас якога вернікі абавязкова дзеляцца аплаткай. Белы кавалак тонкага прэснага хлеба вандруе з рук у рукі родных і блізкіх з пажаданнямі і словамі паяднання. І ў гэты момант мала хто задумваецца, адкуль на нашых сталах бярэцца вігілійны хлеб, хто яго робіць і як ён ствараецца. Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, карэспандэнт “Лідскай газеты” наведаў аплаткарню сясцёр назарэтанак у Навагрудку.

Па сутнасці, ніякіх таямніц няма: склад аплаткі – вада і мука вышэйшага гатунку, абавязкова “Лідская”.

– Інгрэдыенты змяшчаюцца ў збан міксера і прыкладна на працягу паўгадзіны перамешваюцца, – расказала сястра Вікторыя Коршун. – Кансістэнцыя цеста павінна мець пэўную гушчыню, інакш аплаткі проста не атрымаюцца – патрэскаюцца. А вось колькі дакладна трэба мукі і вады, сказаць не магу, бо раблю “на вока”. Яно ў мяне накіданае, бо ў аплаткарні працую не першы год.

Рэцэпт хоць і здаецца простым, але сам працэс выпякання вігілійнага хлеба зусім не лёгкі. Калі цеста падрыхтавана, неабходную яго колькасць крыж-накрыж (каб лепей расцякалася) сястра ўлівае ў разагрэтую электрычную “печку”, якая нагадвае вафельніцу, толькі значна большых памераў. Усяго ў аплаткарні такіх “печак” чатыры, і кожная розная. Адрозніваюцца яны адмысловымі каляднымі ўзорамі са Святога Пісання, якія змешчаны на верхніх сценках машын і якія на ўжо гатовых аплатках падчас Вігіліі так любяць разглядаць дзеці.

аплатка1

– Я адразу працую з трыма “вафельніцамі”, – распавядае сястра Вікторыя. – Заліваю цеста ў першую “печку” – закрываю, заліваю ў другую – закрываю, у трэцюю – закрываю. Затым адразу паднімаю ручку першай машыны, затым другой, апошняй – і так па крузе. Працэс дастаткова хуткі, кожная аплатка выпякаецца не болей за 20-25 секунд. Трэба быць пільнай: калі раскрыць машыну зарана, аплатка будзе недапечанай, зморшчанай, а калі запозна – можа стаць пажоўклай і ломкай.

аплатка

За адзін падыход сястра Вікторыя выпякае адзін збан міксера, і сыходзіць на гэта дзве гадзіны. Пасля таго як аплаткі спякліся, яны складваюцца ў адмысловую шафу, дзе адбываецца чарговы тэхналагічны працэс – увільгатненне. У “зняволенні” аплаткі праводзяць ноч. За гэты час яны становяцца эластычнымі, і калі надыдзе час іх разразаць, не пакрышацца і будуць мець ідэальна роўныя краі. “Тут галоўнае – не ператрымаць, інакш будзе адваротны працэс, калі крохкія пшанічныя пласціны зноў стануць цестам”, – з веданнем справы дадала сястра.

Але перад разрэзкай або адразу пасля “сауны” аплаткі на некалькі гадзін яшчэ трапляюць пад самаробны прэс, каб не пакруціцца ад перападу тэмпературы. На перадапошнім – “перадупаковачным” этапе звычайнай гільяцінай праходзіць нарэзка вігілійнага хлеба.

аплатки3

Сёстры назарэтанкі з Навагрудку старанна сочаць за яго якасцю, таму, перш чым адправіцца па парафіях, аплаткі праходзяць яшчэ адзін кантроль – на правільнасць формы, калі выбіраюцца толькі роўныя і правільныя аплаткі.

А што ж з забракаванымі рэшткамі?

Калі вігілійная аплатка не атрымалася, з яе спецыяльнай машынкай-прэсам адным націсканнем выразаюцца камуніканты (круглы белы хлеб, які на святой Імшы пераўтвараецца ў Цела Езуса Хрыста, якое вернікі спажываюць падчас абраду святой Камуніі) і гостыі – круглы камунікант большага памеру, які святар трымае ў руках падчас малітвы кансэкрацыі на святой Імшы.

– Гатовыя камуніканты я таксама перабіраю, уручную, – дадае сястра Вікторыя, – іх краі не павінны быць шурпатымі, а толькі роўнымі. Вядома, праца гэтая карпатлівая, бо праз мае рукі праходзяць дзясяткі тысяч аплаткаў, камунікантаў і гостый, але я раблю гэта з задавальненнем і малітвай аб кожным чалавеку, хто прыме ў сваё сэрца хлеб Божы.

аплатки2

Зусім непрыдатныя, патрэсканыя і паламаныя аплаткі, таксама як і рэшткі цеста ад выпечкі, аддаюцца на корм жывёлам парафіян. Пакуль аплаткі не асвечаныя, яны з’яўляюцца простым прадуктам з мукі і вады. Гостыі і камуніканты, вігілійны хлеб набываюць свой сакрамэнтальны сэнс толькі тады, калі пераўтвараюцца ў Цела Хрыста падчас Эўхарыстыі.

***

У канцы нашай сустрэчы сястра Вікторыя распавяла, што калі раней сёстры назарэтанкі выпякалі аплаткі нават ноччу, то сёння гэта не патрабуецца. За апошнія гады колькасць заказаў ад парафій паменшылася, таму што аплаткі вязуцца з іншых месц. За гэты сезон, напрыклад, сястра Вікторыя выпякла больш за 40 тысяч аплатак. Тры з іх замовілі ксяндзы з касцёла святога Юзафа Каласанса парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (мікрараён Індустрыяльны)  – адзіныя з Ліды. Вігілійным хлебам, выпечаным сястрой назарэтанкай з Навагрудку, падчас Вігіліі будуць дзяліцца вернікі і з іншых парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Пінскай, Віцебскай і нават Мінскай.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться