Па старонках нашай гісторыі. Хто і для якіх мэт будаваў дом №23 па вуліцы Савецкай і «дом з калонамі»

30 Ноября 2016 3428

Дом па вуліцы Савецкай, 23 стаіць насупраць дома па Савецкай, 26. Пабудаваны з цэглы, прамавугольны ў плане, з двухскатным дахам. Архітэктурны дэкор на галоўным фасадзе выкананы сродкамі мастацкай цаглянай муроўкі. На рызалітах (частках будынка, якія выступаюць за асноўны фасад) раней меліся шырокія балконы з фігурнай жалезнай агароджай. Зараз балконы з будынка знятыя. Архітэктурнае аблічча завяршае карніз складанага арнаментальнага малюнка. Дом раней меў адрас: Віленская (Сувальская), 73. Яго пабудаваў для сваёй сям’і лідскі фельчар Зэлік Зарцын (1866 г. н.).

Зарцыны ў Лідзе мелі нерухомасць яшчэ да пажару 1891 г. – за здачу памяшканняў для ніжніх чыноў для раскватараванага ў г. Лідзе 2-га чыгуначнага батальёна і 4-га Данскога казацкага палка Зарцыну ад казны плацілі 132 руб. штогод. Добрыя па тым часе грошы. Даходы ад медыцыны і здачы нерухомасці ў арэнду і дазволілі Зэліку Зарцыну ашчадзіць неабходную суму, каб пабудаваць гэты прыгожы дом.

У спісе фельчараў 1939 г. Зэлік Зарцын яшчэ прысутнічае як практыкуючы медык. Жыхары Ліды памяталі, што прыкладна з 1910 г. у гэтым доме знаходзіўся прыватны яўрэйскі радзільны дом. Гэту медыцынскую ўстанову ён і ўтрымліваў. У людской памяці Зарцын застаўся як чалавек педантычны, строгі, але справядлівы. Людзі казалі, што Зарцын любіў кожны дзень апранаць свежыя накрухмаленыя кашулі. Жонка яго была добрай жанчынай і па святах дарыла прыслузе модныя панчохі і сукенкі.

Фельчар меў трох сыноў: Ноталя (25.08.1890 г. н.), Рахмеля (23.11.1893 г. н.) і Макса (21.02.1899 г. н.). Усе яны закончылі Юр’еўскі (зараз – Тартускі) універсітэт.

Ноталь Зарцын пасля ўніверсітэта, верагодна, не жыў у Лідзе.

Макс Зарцын да вучобы ва ўніверсітэце скончыў гімназію ў Магілёве, у 1920-30-я гг. жыў у Лідзе. Вядома, што ў першай палове 1920-х гг. ён выкладаў рускую мову ў Лідскай яўрэйскай гімназіі, якая знаходзілася ў арандаваным будынку па вуліцы Крывой, 16. Потым выкладаў у іншых яўрэйскіх навучальных установах горада. У 1941 г. настаўнік Зарцын увайшоў у склад створанай акупантамі яўрэйскай рады «Юдэнрат» і потым быў забіты нацыстамі разам з іншымі лідскімі яўрэямі.

Рахмель Зарцын – урач-акуліст, у 1930-х гг. ён уваходзіў у склад кіраўніцтва Саюза лекараў віленска-навагрудскага рэгіёна і жыў у адным доме з бацькам.

Месца нараджэння вучоных – Ліда

Пасля вайны ў адрамантаваным доме па вуліцы Савецкай, 23 знаходзіўся інтэрнат камбіната харчовых канцэнтратаў. Насупраць дома, на другім баку вуліцы, стаяла прахадная гэтага камбіната, які сярод іншых займаў і стары будынак бровара Папірмейстара.

Вучоны-хімік Ірэна Рубінава (працавала ў Акадэміі навук Беларусі, зараз пенсіянерка, жыве ў Мінску) у дзяцінстве жыла разам з бацькамі ў гэтым інтэрнаце. Яна памятае, што яе дом лідзяне, па старой памяці, звалі домам Зарцына. Ірэна Рубінава расказала, што ў 1950-я гг. дом яшчэ не быў атынкаваны, але быў агароджаны прыгожай жалезнай агароджай, за якой меўся двор – невялікі з боку вуліцы і вялікі, «ажно ўніз да балота, ззаду дома. А знутры, я добра памятаю, – даўжэзны цёмны калідор праз увесь дом і асобныя пакойчыкі паабапал яго». Зараз дом па вуліцы Савецкай, 23 – жылы дом у цэнтры горада.

01

Дом па вуліцы Савецкай, 23 (раней – Віленская (Сувальская), 73).

Далей на поўнач, праз некалькі дамоў ад дома Зарцына, меў свой дом (Віленская (Сувальская), 83) другі лідскі ўрач, Эдмунд Фёдаравіч Рэнерт, брат ветэрынара Роберта Рэнерта, якога я згадваў у адным з папярэдніх артыкулаў.

Доктар медыцыны, надворны дарадца, Эдмунд Рэнерт (04.07.1862-05.07.1934) з 12 лютага 1891 г. быў гарадскім лекарам.  У 1879 г. ён скончыў Віленскую шасцікласную прагімназію, а ў 1881 г. – 1-ю Віленскую гімназію з сярэбраным медалём. Выпускнік Юр'еўскага ўніверсітэта, лютэранскага веравызнання. Працаваў у клінічнай лабараторыі прафесара Ф. І. Пастэрнацкага ў Санкт-Пецярбурзе. Абараніў дысертацыю «Аб параўнальным уплыве газіраванага і простага малака на кішэчныя закісанні здаровага чалавека (пры чыста малочнай дыеце)». Працаваў лекарам у лідскіх гарадскім і яўрэйскім шпіталях. Пахаваны на праваслаўных могілках, магіла і помнік захаваліся да нашага часу.

Тут жылі гаспадары Пупко

За домам па вуліцы Савецкай, 30 да нашага часу захаваўся дом з брандмаўэрам – па Савецкай, 30б, у якім жыла сям’я былога гаспадара лiдскага пiўзавода Пупко. За паціпавярховікам па Савецкай, 28 стаіць дом з брандмаўэрам №28а.

03

Дом з брандмаўэрам па вуліцы Савецкай, 30б.

У Лідзе маецца больш за два дзясяткі будынкаў гэтай своеасаблівай архітэктуры: увесь дом драўляны, а адна сцяна мураваная, яна называецца брандмаўэр і неабходна для аховы ад распаўсюджвання пажару. Лідскія дамы з брандмаўэрамі ўяўляюць сабой цікавая ўзоры гарадскога будаўніцтва канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

Яго называлі «лідскі бельведэр»

Захаваўся да нашага часу дом па вуліцы Савецкай, 31, ці так званы «дом з калонамi». Дом пабудаваны купцом Гурэвічам. У 1920-30-х тут размяшчаўся Лідскі школьны інспектарат. У 1960-80 гг. тут гарадская камендатура i бібліятэка, а зараз – аддзел садзейнічання занятасці насельніцтва.

02

Гэты аднапавярховы дом з высокім мансардавым дахам пабудаваны з цэглы ў класічным стылі. Будынак П-падобны ў плане, галоўны фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з двума двухкалоннымі порцікамі. Галоўны цэнтральны высунуты наперад порцік не захаваўся, але добра бачны на старых здымках. Зараз замест гэтага порціка цэнтральны ўваход фланкіраваны пілястрамі. У задняй частцы будынка маецца тэраса з высокім паўкруглым ганкам. Верагодна, таму ў першай палове ХХ ст. лідзяне звалі гэты дом «лідскім бельведэрам» (бельведэр (belvedere — «прыгожы від») — асобнае збудаванне ў парку на ўзвышшы). Дом стаяў адасоблена, і з тэрасы адкрываўся прыгожы від на яшчэ незабудаваную частку горада. Ранейшы адрас гэтага дома – Віленская (Сувальская), 103.

Гераізм і зладзейства паштовага работніка

Некалькі слоў пра дом, якога ўжо даўно няма. На сучасным перакрыжаванні вуліц Савецкай і Міцкевіча, насупраць сучаснага дома №31, стаяў вялікі драўляны дом з мансардай – старая гарадская пошта.

У 1885 г. Лідская павятовая паштовая ўправа і тэлеграфная станцыя былі аб’яднаны ў паштова-тэлеграфную ўправу 6-га класа і пераехалі ў вялікі драўляны дом па вуліцы Віленскай, 90. Дом быў пабудаваны Антонам Малеўскім на выдзеленую яму віленскай паштова-тэлеграфнай акругай субсідыю, якую ён павінен быў вярнуць за 12 гадоў. У гэтым доме пошта знаходзілася да 1938 г. Будынак меў 6 вокнаў па падоўжаным баку і 4 – па папярэчным, вокны зачыняліся аканіцамі, мелася вялікая зашклёная веранда з балконам.

04

Будынак пошты, 1916 г.

У 1890 годзе паштова-тэлеграфная ўправа ўзнялася да 5-га, у 1906 г. – да 4-га, а ў 1913 г. – да 3-га класа. Па штаце 1911 г. тут, акрамя паштальёнаў і ганцоў, працавала 17 чыноўнікаў, а ў 1913 г. – ужо 22 чыноўнікі. Начальнікамі паштовай управы былі: з 31 сакавіка 1889 г. Сямён Грачышчаў, з 21 сакавіка 1894 г. Якуб Булгакаў, з 1904 г. Васіль Смірноў, з 1909 г. Мелітон Бярыдзе, а з 1913 г. Канстанцін Каланкоўскі. У 1915 г., перад першай нямецкай акупацыяй, персанал Лідскай паштова-тэлеграфнай управы эвакуіраваны ў Каломну Маскоўскай губерні.

Да 1938 г. гарадская пошта знаходзілася ў гэтым будынку.

У 1930 годзе прэса паведаміла пра гераічны ўчынак аднаго з чыноўнікаў лідскай пошты падчас пажару ў ноч на 25 чэрвеня ў доме па Пастаўскай, 33 (стаяў недалёка ад яўрэйскіх могілак): «Агульнай увагі заслугоўвае геройскі ўчынак чыноўніка лідскай пошты Міхала Лісецкага, які вынес з палаючага дома цяжка параненую Ядвігу Бутурлю, якая, аднак, праз гадзіну памерла ў бальніцы». Аднак ужо 9 лютага 1931 г. чыноўнік лідскай пошты Міхал Лісецкі знік з сумай у 10 200 злотых. У той жа дзень паліцыя арыштавала яго ў цягніку на станцыі Ліда. Злодзей меў пры сабе толькі 7 000 злотых, велічэзную суму, каля трох добрых гадавых заробкаў. Больш за тры тысячы злотых ён паспеў растраціць у нашым горадзе за некалькі гадзін!

05

3D-мадэль будынка пошты, работа Віталя Бурака.

А ў верасні 1931 г. ад будынка пошты і тэлеграфа ў Лідзе скрадзены ровар служачага пошты Вінцэнта Русіновіча маркі «Нёман» №02682 коштам у 280 злотых.

Пасля пераезду пошты ў новы будынак па вуліцы Міцкевіча стары будынак планавалі перадаць пад гімназію асаднікаў, але ён згарэў у 1941 г.Думаю, тут дарэчы паведаміць, што першай тэлефоннай лініяй на Лідчыне была лінія паміж фабрыкамі «Нёман А» (стары шклозавод) і «Нёман Б» (новы шклозавод), якая пачала працаваць у 1894 г. У маёнтках Жалудок і Ліпічна тэлефонная сетка пабудавана ў 1902 г. А ў горадзе Лідзе першая тэлефонная сувязь з’явілася паміж броварамі Папірмейстара і Пупко ў 1907 г.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться