У Лідзе католікі асвячаюць стравы, або апошняя падрыхтоўка да Вялікадня (фота)
30 сакавіка католікі ўсяго свету адзначаюць Вялікую Суботу, апошні дзень перад урачыстасцю Уваскрасення Хрыстовага. Вялікая Субота – гэта дзень цішыні, малітваў і разважанняў пра таямніцы збаўлення. Сёння вернікі выконваюць асабліва строгі пост. Ён заключаецца не толькі ў адмове ад мясных прадуктаў, але і ў памяншэнні саміх порцый. У гэты дзень у касцёлах не здзяйсняюцца літургіі, толькі чытаюцца літургічныя гадзіны. Падчас Вялікай Суботы традыцыйна здзяйсняецца асвячэнне ежы для Велікоднай трапезы.
У касцёл парфіі Святой Сям’і, што на Тухачэўскага, людзі ішлі на працягу ўсяго дня. З сабою яны неслі кошыкі з ежай: фарбаванымі яйкамі (сімвал новага жыцця), соллю (ахоўвае нас ад сапсаванасці), мясам (на ўспамін пасхальнага баранка, які быў прадвесцем Баранка-Хрыста, забітага і ўваскрослага, які сваёй крывёй збавіў свет ад вечнай смерці) і хлебам, які прыпамінае «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў». У кошыках таксама красаваліся рознакаляровыя кулічы. Каб гэтыя стравы змаглі заўтра стаяць на Велікодным стале, святары парафіі Святой Сям’і кожную гадзіну асвячалі кошыкі з ежай.
– Вялікдзень – самая галоўная ўрачыстасць у нашай сям’і, – кажуць Андрэй і Вольга Букаткі. – Па-першае, яна з’яўляецца найважнейшым і самым старажытным хрысціянскім святам. Па-другое, Пасха – гэта ўспамін пакуты і ўваскрасення Хрыста. А хрысціянская вера менавіта на гэта і абапіраецца. Уваскрасенне Хрыста – гэта знак Яго перамогі над грахом і смерцю. Яшчэ гэта шанс на вечнае жыццё.
– Стравы для асвячэння на Велікодны стол мы рыхтавалі з самага рання, – працягвае Вольга. – Больш за ўсё часу пайшло на выпяканне кулічэй і афарбоўку яек. Але гэтыя клопаты прыемныя.
Заўтра завершыцца доўгае чаканне Вялікадня. У ноч з суботы на нядзелю ва ўсіх парафіях адбудзецца Пасхальная вігілія, калі дзверы касцёлаў адчынены і кожны жадаючы можа памаліцца каля труны Хрыста. Раніцай 31 сакавіка адбудуцца рэзурэкцыйныя святыя Імшы.