Кароль Андоры з-пад Ліды

22 Января 2016 2609

Працяг артыкула «Загадкі Тарноўскага палаца».

Юныя гады будучага міжнароднага авантурыста прайшлі ў Вільні і маёнтку Лебяда каля Ліды. На працягу жыцця Барыс Скосыраў неаднаразова сцвярджаў, што ён нашчадак старажытнага дваранскага роду, што, улічваючы паходжанне яго маці, з’яўляецца праўдай.

Пра Барыса Скосырава шмат сказана. З нядаўняга: дакументальную кнігу пра яго напісаў вядомы каталонскі пісьменнік Антоні Марэль-і-Мора, главу адной са сваіх апошніх кніг яму прысвяціў Барыс Акунін, у 2012 годзе тэлеканалам АНТ у цыкле «Обратный отсчет» зняты дакументальны фільм «Барыс Першы. Кароль з Беларусі», дасканала вывучаў і аналізаваў лёс былога тарноўца маскоўскі гісторык Аляксандр Кафка.

Усе, хто пісаў пра гэтага чалавека, сутыкаліся са шматлікай колькасцю супярэчлівых ці відавочна недакладных звестак. Пра сябе ён натхнёна хлусіў, валодаючы гэтым тонкім мастацтвам дасканала, – легенды былі часткай яго «піяр-кампаніі». Таму і атрымалася, што ўсё ягонае жыццё – суцэльная містыфікацыя.

Невядома, як праходзілі яго першыя гады, невядома, дзе ён вучыўся. Улічваючы, што ў 1914-м яму толькі 18, версiя некаторых аўтараў пра выдатную ўніверсітэцкую адукацыю адпадае: максімум, што ён паспеў бы скончыць, – гімназія. Сам Скосыраў, праўда, сцвярджаў, што вучыўся ў Оксфардзе і ў Ліцэі Людовіка Вялікага ў Парыжы. Прычым вучыўся разам з прынцам Валійскім і ў гэты час добра пазнаёміўся з нідэрландскім каралеўскім сямействам. На самой справе вучоба ў гэтых установах магла б тлумачыць свецкія сувязі Скосырава. Аднак імя ягонае ў архівах Оксфарда не фiгуруе. Ліцэй Людовіка Вялікага ў Парыжы таксама не згадвае такога навучэнца. Зразумела, што выдатнае валоданне англiйскай, французскай і нямецкай мовамі, як і бездакорныя манеры сапраўднага джэнтльмена, – вынік хатняй адукацыі, атрыманай, верагодна, у маёнтку Лебяда. Аднак нейкую афіцыйную адукацыю ён усё ж меў, бо атрымаў потым афіцэрскі чын.Восенню 1915 года Лідчына была акупавана нямецкімі войскамі, сям’я Скосыравых з’ехала на Усход. Верагодна, Барыс добраахвотнікам пайшоў на фронт, бо дакладна вядома, што ён ваяваў у брытанскім бронедывізіёне, які дзейнічаў на рускім фронце. Гэты факт у 1924 годзе пацвердзіў камандзір дывізіёна Олівер Локер-Лэмпсан.

Олівер Локер-Лэмпсан (1880–1954) – вядомая гістарычная фігура, бо на працягу некалькіх гадоў ён быў членам брытанскага парламента (кансерватар), меў цесныя сувязі з Расiяй, быў знаёмы з Мікалаем ІІ, прымаў удзел у знакамітай змове супраць Распуціна ў 1916-м. Брытанскі бронедывізіён (RNAS Armoured Squadron) – воінская частка, якая была паслана на дапамогу Расіі ваяваць супраць Германіі. Барыс Скосыраў, верагодна, быў прыкамандзіраваны да гэтага англійскага вайсковага аддзела як ваенны перакладчык.

Ёсць неправераная інфармацыя, што падчас Грамадзянскай вайны наш герой ваяваў на поўдні Украіны. Калі ў пачатку 1920-х яго дапытвалі ў Скотланд-Ярдзе, расказваў, што ў днi Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917-га яго разам з бацькам і трыма дзядзькамі арыштавалі і пасадзілі ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Па словах Барыса, усе яго сваякі там і загінулі, яму ж удалося цудам выратавацца і збегчы ў Заходнюю Еўропу.

«Ён быў высокі, блакітнавокі, твар заўсёды толькі што паголены. Нос прамы, грэцкі, пад якім па-геаметрычнаму правільна размяшчаліся светлыя вусікі. Вузкая дарожка прабору падзяляла валасы на дзве няроўныя часткі. У правай руцэ заўсёды срэбная дзяржальня кія...»

З успамінаў пра Барыса Скосырава.

Пра жыццё Скосырава ў Еўропе інфармацыі мала. Існуюць некалькі паліцэйскіх справаздач аб ягоных махлярствах і газетны артыкул пра канфлікт паміж iм і японскім аташэ маёрам Хашымота: у справе фігуруе залаты гадзіннiк, які Барыс адабраў у японца. Падрабязнасцi адсутнiчаюць. Неўзабаве пасля гэтага Скосырава затрымлiвае Скотланд-Ярд – за чэкі, не забяспечаныя грашыма. Таксама высвятляецца, што Скосыраў пражывае ў брытанскай сталіцы без дазволу. Падчас разгляду ў судзе ён прызнае віну і абяцае аплаціць рахункі, адсутнасць рэгістрацыі тлумачыць страхам перад савецкімі дыверсантамі. У выніку яго вызваляюць пад «слова гонару». Але гэтыя аферы не тлумачаць, чаму паліцыя лічыць яго яшчэ і небяспечным рэвалюцыянерам.

Фотаздымак Барыса Скосырава ў пашпарце.Як многія эмігранты ў 1920-я, Скосыраў апынуўся у адчайнай фінансавай сітуацыі і шукаў любую працу. У 1924 годзе ён звярнуўся да былога камандзіра Локер-Лэмпсана за падтрымкай. Локер-Лэмпсан выдаў сертыфікат аб службе Скосырава ў саюзнай арміі падчас вайны, знаёмства з гэтым чалавекам адкрыла некаторыя дзверы, стварыла новыя перспектывы. Новая праца, верагодна, мела дачыненне да брытанскай сакрэтнай службы. I менавіта з гэтага часу за Барысам замацаваўся імідж супершпіёна. Пра яго расказвалі фантастычнае: быццам ён i агент брытанскай сакрэтнай службы, і агент нацысцкай Германіі. Скосырава лічылі і рускім манархістам, які ў свой час спрабаваў арганізаваць уцёкі цара Мікалая ІІ з-пад арышту, і асабістым сакратаром Сталіна. Таксама Барыса ведалі як харызматычнага прыгожага мужчыну, спартсмена і паліглота з афіцэрскай выправай і манерамі арыстакрата.

Большасць чутак дакументамі не пацвярджаецца. Гісторык Аляксандр Кафка лічыць, што спецыяльныя службы час ад часу выкарыстоўвалі паслугі Скосырава, але малаверагодна, што ён быў паўнавартасным сакрэтным агентам. Iнакш было б цяжка растлумачыць яго фінансавыя цяжкасці і аферы, напрыклад, тыя ж незабяспечаныя чэкі, з-за якіх яго неаднаразова арыштоўвала паліцыя ў розных краінах Еўропы. З іншага боку, яму заўжды ўдавалася вырашаць свае праблемы без скандалаў. Відавочна, ён меў моцную падтрымку з боку магутнай арганізацыі. Але гэта толькі здагадкі.

Фактам з’яўляецца тое, што Локер-Лэмпсан і Скосыраў кантактавалi праз усе 1920-я. Цалкам верагодна, што добрыя прафесійныя адносіны паміж імі былі і ў 1930-я.

Прыкладна ў 1922-м Барыс накіроўваецца ў Нідэрланды. Потым, у 1930-х, у Каталоніі і Андоры наш герой называе сябе графам Аранскім (Count of Orange), прычым адзначае, што гэты тытул нададзены яму каралевай Нідэрландаў Вільгельмінай за асаблівыя заслугі. Зразумела, гэта няпраўда. Справа ў тым, што тытул «граф Аранскі» з’яўляецца тытулам каралеўскай сям’і. Асоба некаралеўскай крыві не можа быць ганаравана гэтым тытулам. У архівах не знайшлося дакументаў пра службу Скосырава каралеўскай сям’і і тым больш аб ганараванні. Ён не толькі не служыў каралеве, але і ў 1924 годзе нават фігураваў у спісе «вядомых замежных рэвалюцыянераў», падрыхтаваных службай бяспекі Нідэрландаў. У гэтай жа паперы Скосыраў названы і «міжнародным аферыстам».

Аляксандр Кафка знайшоў у архівах дацкі пашпарт нашага героя. Пашпарт меў нумар 85154 і быў выдадзены ў 1923 годзе консульствам у Францыі. Менавіта з гэтага дакумента вядомы дата і месца нара-джэння Скосырава: 12 студзеня 1896 года ў Вільні. У гэтым дакуменце ён запісаны як барон: «Спадар барон Барыс Скосыраў» (Monsieur le Baron Boris de Skossyreff), што з’яўляецца няпраўдай.

У пашпарце – подпіс і фатаграфія Барыса Скосырава, самы ранні з вядомых здымкаў. Мы бачым модна апранутага маладога чалавека ў кепі і з маноклем – рэччу, якая заўсёды прысутнічае на яго фатаграфіях. У пашпарце запісаны рост – 179 см, колер валасоў – чорны, нос – прамы, рэлігія – «без рэлігіі», прафесія – журналіст – і стаяць пячаткі памежных службаў Іспаніі і Андоры.

У тым жа архіве гісторык знайшоў візітныя карткі Скосырава з надпісам «Kapt. B. v. Skossyreff, den Haag». Надпiс сведчыць аб расійскім ваенным чыне капітана, але, улічваючы характар нашага земляка, наўрад ці можна разглядаць гэта як сапраўднае дакументальнае сведчанне. У архіўных дакументах згадваюцца розныя пагадненні з гандлёвай кампаніяй, арганізаванай у 1932 годзе. Яна мела назву «Барыс Скосыраў; імпарт-экспарт і прадстаўніцкія паслугі».

Некаторыя публікацыі згадваюць пра паездкі Скосырава ў Паўднёвую Амерыку, падчас якіх ён нібыта добра асвоіў іспанскую мову. Пішуць, што, акрамя дацкага пашпарта, Барыс меў яшчэ і пашпарт эмігранта, чалавека без грамадзянства – так званы нансенаўскі пашпарт. Здаецца, менавіта з гэтым дакументам наш зямляк жыў у Лацінскай Амерыцы і на працягу 1924-1934 гадоў актыўна падарожнічаў паміж Калумбіяй і Еўропай.

Верагодна, менавіта ў тыя гады Скосыраў сказаў пра сябе: «Мужчына ў маім становішчы павінен быць бездакорна апрануты, абавязаны пахнуць добрай парфумай і мець на рахунку вялікую суму грошай». Прэса шмат пісала пра прыватнае жыццё Барыса Скосырава, жанчыны мелі вялікі ўплыў на яго біяграфію. Прынята лічыць, што 21 сакавіка 1931 года ў Францыі ён ажаніўся з францужанкай Мары-Луіз Пара дэ Гасье (Marie-Louise Parat ці Parat de Gassier). Але ўжо ў 1932-м з’яўляецца іншая жанчына – Філіс Хэрд. Раман цягнецца адносна нядоўга. З Філіс, ці Ламарэс, як ён яе называў, Скосыраў пасяляецца ў гатэлі гарадка Сітгэс на Плайя дэ Ора (Залаты пляж) у Іспаніі. Пачынаюцца гулянкі да раніцы ў дарагіх рэстаранах: манокль, кій са срэбным наканечнікам, кветка ў пятліцы – усё гэта робiць «барона» Скосырава прыкметным чалавекам. Казалі нават, што ён сваяк усіх каралеўскіх дынастый Еўропы. Частыя ад’езды «барона» не вельмі хвалявалі адміністрацыю гатэля, бо яго рахункі аплачвала Філіс. Аднак іспанская паліцыя зацікавілася шляхетнай асобай і даведалася: барон наведваецца ў Барселону, каб прадаваць каштоўнасці сяброўкі. Скончылася высылкай Барыса Скосырава з Іспаніі ў снежні 1933 года.

03

Барыс Скосыраў у 1934 годзе.

У 1932-м ён знаёміцца з разведзенай амерыканкай Фларэнс Мармон. У верасні 1933-га газета «The Majorca Sun» у Пальме, дзе яны прыпыніліся, піша: «Сеньёра Мармон і яе муж, капітан Барыс Скосыраў, былі дапытаны паліцыяй з-за падазрэння, што яны ... маглі мець дачынне да какаінавага трафіку». Верагодна, менавіта прыватны капітал Фларэнс Мармон стаў крыніцай фінансавання далейшых праектаў Скосырава. Справа ў тым, што мiсiс Мармон была жонкай Говарда С. Мармона (1876–1943), уладальніка фірмы «Marmon Motor Car Company» ў Індыянапалісе, вытворцы вядомых амерыканскіх аўтамабіляў таго часу. Яны развяліся каля 1914 года, але Говард Мармон плаціў былой жонцы шчодрыя аліменты.

* * *

Стагоддзямі Андора не ведала супакою, пакуль у 1278 годзе біскуп Урхельскі, які прадстаўляў інтарэсы Мадрыда, не падпісаў з сеньёрам французскага графства Фуа сумесную дамову аб апецы гэтай тэрыторыі. Дамова стала асновай падвойнага суверэнітэту краіны. Сапернікі зруйнавалі свае ваенныя ўмацаванні і абавязаліся больш ніколі іх не будаваць. Спрэчная тэрыторыя прыняла статут нейтральнай і ў абмен на гарантыі сваіх суседзяў адмовілася ад уласнага войска. З таго часу княства Андора кіруецца дзвюма асобамі, якія кожныя паўгода здаюць адно аднаму справы: з іспанскага боку – біскупам Урхельскім, а з французскага – спачатку сеньёрамі графства Фуа, пасля каралямі, а цяпер прэзідэнтамі. У Генеральнай Радзе мініяцюрнай краіны (Consell General de les Valls) засядаюць дэпутаты ад шасці горных далін, з якіх і складаецца тэрыторыя гэтай краіны (адна з назваў Андоры – «краіна шасці далін»).

Для падтрымання нейтралітэту андорцы стагоддзямі не будавалі дарог, і гэта было галоўнай гарантыяй спакою, бо якая армія пойдзе праз горную тэрыторыю, калi няма дарог? І нават калі па ўсёй Еўропе з’явіўся тэлеграф, андорцы яшчэ добрых дзесяць год пілавалі па начах тэлеграфныя слупы і рэзалі дрот, бо лічылі, што тэлеграф таксама можа парушыць мір і спакой у краіне. Але да пачатку 1930-х упартасць горцаў атрымалася зламiць: Францыя і Іспанія пачалі будаваць скразную аўтамабільную дарогу, быў пракладзены высакавольтны кабель. Панаехалі будаўнікі, камерсанты, лаўцы поспеху… Сярод іх – наш зямляк.

У розных публікацыях апошняга часу шмат розных маляўнічых расказаў пра нядоўгае кіраванне Андорай каралём Барысам І. Я ж дам храналогію падзей, абгрунтаваную на аснове сакрэтных паведамленняў з архіваў Брытанскага Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці, узятых з працы гісторыка Аляксандра Кафкі.

17 мая 1934 года Скосыраў падаў уладам Андоры аргументаваную заяву аб сваіх правах на трон.

22 мая iспанскім і французскім бакамi падпісаны ордэр аб яго высылцы. Паведамляецца, што Скосыраў кудысьці з’ехаў.

6-7 ліпеня Скосыраў вяртаецца і прапаноўвае Генеральнай Радзе праграму рэформ і мадэрнізацыі эканомікі Андоры. Згодна з праграмай, эканоміка краіны павінна грунтавацца на рэжыме беспадаткавай зоны і на падтрымцы турызму са спортам. Частка гэтай праграмы: прызнанне яго манархам на аснове меркаванай згоды герцага дэ Гіза (Жана Арлеанскага), які быў, на думку Скосырава, адзіным праўдзівым спадчыннікам андорскай кароны.

8-10 ліпеня Генеральная Рада нават двойчы ратыфікавала эканамічную праграму і абвясціла Скосырава манархам Андоры Барысам І. Рада галасавала абодва разы 24 галасамі «за» пры адным, што ўстрымаўся. 9 ліпеня быў абвешчаны манарх, прынята Каралеўская Канстытуцыя, прызначаны новы ўрад, прыняты новы сцяг Андоры.

12 ліпеня Скосыраў аб’явіў вайну біскупу Урхельскаму. Гэта была рэакцыя на адмоўныя заявы біскупа пра асобу манарха Барыса І у прэсе.

20 ліпеня Скосыраў арыштаваны каталонскай грамадзянскай гвардыяй і транспартуецца ў Барселону. У якасці прычыны арышту заяўлена «парушэнне пастановы аб высылцы, якая была вынесена супраць яго 8 снежня 1933 года». Іншыя крыніцы згадваюць, што кароль Андоры быў арыштаваны і дастаўлены ў Барселону ў адпаведнасці з законам аб бадзяжніцтве. Але ж ён быў захоплены каталонскай грамадзянскай гвардыяй у Андоры, і гэта робіць яго арышт незаконным!

23 ліпеня Скосыраў перавезены ў Мадрыд, дзе «адказаў на пытанні ў цэнтральным паліцэйскім участку ў прысутнасці вялікай колькасці журналістаў. Са спасылкамі на дакументы ён прасачыў гісторыю Андорскай дынастыі. Адказваючы на пытанне, ці з’яўляецца ён прамым спадчыннікам Гіза, Скосыраў трохі збянтэжыўся і адказаў, што па крыві не, але фактычна – так, бо мае згоду прынца: яго прэтэнзіі на трон базуюцца на гістарычных правах, на «прынцыпах рыцарства» і неабходнасці абароны іспанскіх жыхароў Андоры ад эксплуатацыі на карысць Францыі». Скосыраў утрымліваўся ў турме Мадэла ў Мадрыдзе.

Дарэчы, сярод папер архіва Андоры захоўваюцца толькі Канстытуцыя Скосырава, або «Каралеўскі бюлетэнь», і выразкі пра яго са шведскіх, французскіх, іспанскіх газет.

З газетных артыкулаў вядома, што Скосыраў стаў самым папулярным аратарам на вуліцах сталіцы: «Хопіць жыць на завуголлі гісторыі! Андора павінна ўпусціць банкаўскі і гандлёвы капітал. Да якіх пор вы будзеце трываць свой авечы суверэнітэт, якім кіруюць два чужыя ўладары, ці не лепш Андоры абраць свайго караля?» Залётны рэфарматар робіць арыгінальную прапанову: Андора не адмаўляецца ад апекі, але апекуноў трэба замяніць! Біскупа Урхельскага – на караля Іспаніі: «Хуан III мой лепшы сябар!», прэзідэнта Францыі – на галаву французскага каралеўскага дома герцага Гіза, чыім асабістым намеснікам у Андоры стане сам «граф Аранскі», г. зн. ён сам.

І вось барон-граф-намеснік у Генеральнай Радзе. Дарэчы, сюды яго на плячах унёс народ з вуліцы. Барыс І склаў самую кароткую канстытуцыю ў свеце, з 17 пунктаў. Вось некаторыя: 1. Наўзамен Генеральнай Рады засноўваецца парламент. 2. Яго Вялікасць Кароль прадстаўляе парламенту склад урада. 5. Кароль будзе асабіста прадстаўляць Андору ў Лізе Нацый. ... 17. Кароль валодае правам роспуску парламента. Галоўнае – канстытуцыя гарантавала асабістыя правы і свабоды грамадзян.

Ужо не было сумненняў, што на першых усеагульных выбарах, прызначаных на 1 жніўня, пераможа партыя, якая ўнесла Барыса ў парламент. Каб ён пратрымаўся ўсяго некалькі тыдняў, дык запанаваў бы ўжо цалкам легітымна. Але закружылася галава, быў страчаны самакантроль. І ён піша «Маніфест», у якім аб’яўляе вайну біскупу Урхельскаму – сеньёру Бісбе – за «абразу» ў публічным друку.

Біскуп, папярэдне дамовіўшыся з французскім бокам, высылае атрад з чатырох гвардзейцаў і афіцэра. Яны без цяжкасці рассейваюць шаснаццаць паліцыянтаў «шасці далін» і раніцай уваходзяць у каралеўскі сад – у той самы час, калі Барыс у адным халаце п’е гарбату.

Так скончылася ўлада Барыса І. Каму як, а мне асабіста гэта гісторыя нагадвае прыгоды ў Васюках Астапа Бэндара з яго пражэктамі пабудовы Нью-Васюкоў. Але даследчыкі адзначаюць, што менавіта Скосыраў даў Андоры першую Канстытуцыю, дзе гарантаваліся грамадзянскія правы і свабоды. Ідэі развіцця Андоры на аснове бяспошліннай эканомікі і стымулявання турызму значна апярэджвалі час. Таксама трэба ўлічваць, што Генеральная Рада амаль аднагалосна двойчы прагаласавала за план Скосырава і легітымна зацвердзіла яго каралём.

31 кастрычніка 1934 года Іспанскі суд прысудзіў Скосырава да 1 года турмы. Газета «Нью-Ёрк таймс» пісала: «Нягледзячы на тое што Барыс Скосыраў, як і ўсе іспанскія зняволеныя, носіць сіні камбінезон, гэты прэтэндэнт на трон Андоры з яго нязменным маноклем у правым воку захаваў усю сваю каралеўскую годнасць і флёр выключнасці...». Не дачакаўшыся канца тэрміна пакарання, улады выслалі дакучлівага авантурыста ў Партугалію.

Фларэнс Мармон, жанчына, якая была партнёрам і сакратаром Скосырава падчас авантуры ў Андоры, у лістападзе 1934-га вярнулася ў ЗША на борце марскога лайнера «Exochorda». Верагодна, больш яны не сустракаліся.

25 лютага 1935-га на бланку гатэля ў Лісабоне Скосыраў на французскай мове піша заяву Міністру замежных спраў Нідэрландаў з просьбай выдаць новы пашпарт. Толькі ў канцы 1935-га былы «кароль» пакідае Партугалію і едзе да афіцыйнай жонкі ў Сэн-Кан, у Францыю. У маі 1936-га яны едуць у Партугалію і, магчыма, зноў наведваюць Іспанію, але з-за ўспышкі грамадзянскай вайны хутка вяртаюцца ў Францыю.

9 лютага 1939 года ў Францыі Скосырава арыштавалi, бо быў выпісаны ордэр аб яго выгнанні з краіны. Аднак ён не меў належнага пашпарту і таму быў адпраўлены ў лагер для інтэрнаваных замежнікаў паблізу горада Манд. 25 красавіка ён атрымаў загад пакінуць французскую тэрыторыю на працягу 3 дзён. Аднак ехаць яму не было куды, і 7 кастрычніка 1939 года ўлады зноў адправілі яго ў канцэнтрацыйны лагер «Ла Вэрне» ў Ар'ежы (у французскіх Пірэнеях). Там ён знаходзіўся як «непажаданы замежнік». Прафесар А. Н. Рубакін у кнізе ўспамінаў, апублікаванай у 1960 годзе ў Маскве, пiсаў пра сустрэчу з Барысам Скосыравым у лагеры «Ла Вэрне».

Афіцыйна пацверджанай інфармацыі аб жыцці Скосырава пасля лагера няма. Але ў 1950-х і 1960-х гадах у Партугаліі і Германіі прайшлі газетныя публікацыі пра былога караля. Яны праліваюць нейкае святло на яго жыццё пасля вайны.

У 1958 годзе партугальскі сябар Скосырава д-р Франсіска Фернандэс Лопес апублікаваў лісты, якія ён атрымліваў ад Скосырава і ягонай жонкi Мары-Луіз. Лісты былі дасланы з Бопарда – нямецкага горада ў Рэйнскай вобласці, недалёка ад Кабленца. Скосыраў пісаў, што разам з жонкай у кастрычніку 1942 года быў вызвалены немцамі з лагера «Ла Вэрне» i адпраўлены ў Савецкі Саюз. Пасля вайны было зняволенне ў Сібіры, потым – пераезд у Заходнюю Германію і спакойнае жыццё «100% маленькага ранцье». Уласная інтэрпрэтацыя Скосыравым ягонай біяграфіі заўжды ўводзіла ў зман, і гэты канкрэтны варыянт развіцця падзей, непацверджаны, выклікае шмат сумненняў. Да сваёй смерці ў 1989-м ён жыў у Бопардзе, дзе і быў пахаваны.

05

Барыс і Марыя (ці Разіта) па завяршэнні працэдуры шлюбу.Бопард, 3 красавіка 1969 года.

На гэтым можна было б і закончыць, калi б нямецкі гісторык Герхард Ланг не знайшоў нядаўна ў савецкіх архівах новыя дакументы пра Барыса Скосырава. З iх бачна, што 31 снежня 1957 года Скосыраў афіцыйна разводзіцца з Мары-Луіз Пара. 3 красавіка 1969 года, маючы 73 гады, ён жэніцца на нейкай Марыі-Разіце, нямецкай дзяўчыне, якая нарадзілася ў 1939-м у саксонскім мястэчку Брунсвік. Простая немка ператвараецца ў спадарыню – далей ва ўсіх дакументах яна згадваецца як Разіта фон Скосырава. Разам яны жывуць да смерці Скосырава 27 лютага 1989 года.

З гэтым шлюбам, дарэчы, звязана яшчэ адна містыфікацыя. У пасведчанні аб iм запісана, што жанiх нарадзіўся ў 1900-м, гэтая ж дата выбіта і на помніку. Цi містыфікацыяй з’яўляецца агульнапрыняты 1896 год нараджэння «караля»? Можа, Барыс дадаў сабе 4 гады, каб патрапіць на фронт? Чарговая загадка. Напісаць праўдзівую біяграфію гэтага чалавека ўжо амаль што немагчыма.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться