У радаводзе беззямельнага селяніна – вучоныя, юрысты, будаўнік
Жыццё чалавека – нібыта кніга, а лёс сям’і – дрэва. Спляценне жыццёвых па-дзей, шляхоў – падобнае на разгалінаванне. Менавіта такі прыклад дае ў сваёй будучай кнізе аб вёсках Ганчарскага сельсавета сялецкі краязнаўца Мікалай Дзікевіч. Рыхтуючы адзін з раздзелаў кнігі – “Сялецкая флатылія” (дарэчы, урыўкі з яго ўжо друкаваліся ў “Лідскай газеце” ў канцы мінулага года), – аўтар прасочвае гісторыю мясцовага марака – Георгія Шацюка – і адкрывае чытачу шырокую панараму лёсу яго сям’і. А пачыналася ўсё з беззямельнага селяніна...
У Івана Пятровіча Шацюка раслі чатыры сыны: Лёня, Валодзя, Георгій і Косця. Бацька працаваў на невялікай гаспадарцы, тралёўцы лесу з ракі Нёман, шаўцом, урыўкамі – на фанернай фабрыцы. Падчас вайны быў сувязным партызанскага атрада «Іскра». У красавіку 1944 г. па спісе, складзеным здраднікамі, салдатамі Арміі Краёвай, было арыштавана каля дваццаці жыхароў вёскі. Усіх сагналі ў гумно, выставілі ахову. Затым на калёсах завезлі ў Голдава, там вялі допыты, здзекаваліся, мучылі. Расстралялі трынаццаць чалавек. Не пашкадавалі нават дзвюх жанчын. З вызваленнем мясцовасці ад нямецкіх захопнікаў родзічы перахавалі загінуўшых на вясковых могілках. Жонка пазнала Івана Пятровіча Шацюка толькі па вопратцы.
Цяжкія пасляваенныя гады былі пазначаны змаганнем за выжыванне сям'і. Старэйшыя сыны Івана Пятровіча – браты Лёня і Валодзя – паасобку шукалі шляхі свайго жыцця. Старэйшы брат, Леанід, працаваў загадчыкам Сялецкай хаты-чытальні. Да выхаду на пенсію – начальнікам аховы стратэгічнай базы ракетных кампанентаў побач з вёскай Сялец. З жонкай Рэгінай выхавалі дзвюх дачок. Адна з іх, Лілія, стала медыцынскай сястрой, яе муж – юрыст, працаваў старшынёй раённага суда ў Санкт-Пецярбургу. У іх таксама дзве дачкі: адна закончыла педыятрычную акадэмію і клінічную ардынатуру, працуе ў акадэміі паслядыпломнай адукацыі, урач-акушэр-гінеколаг, другая дачка там жа закончыла медвучылішча, стала медыцынскай сястрой. А яе муж – палкоўнік, звольнены ў запас. Іх дачка Рэгіна атрымала адукацыю ў Маскоўскім інстытуце кібернетыкі.
Другі брат – Уладзімір Шацюк – працоўную дзейнасць пачаў на Нёманскім лесакамбінаце. Пасля дэмабілізацыі з арміі з жонкаю Людмілай апынуліся з мостацягніком у Прыморскім краі. Потым вярнуліся ў Беларусь. Працавалі ў Брэсцкім мостацягніку. Пераехалі ў Гомель. Уладзімір Іванавіч будаваў пуцеправоды. З жонкай выгадавалі дзвюх дачок.
Самы малодшы ў сям'і Шацюкоў – Канстанцін – пасля заканчэння Нёманскай сямігодкі пераехаў у Ліду, працаваў на заводзе жалезабетонных вырабаў і канструкцый кіравання вытворча-тэхнічнай камплектацыі будтрэста №19. Закончыў вячэрнюю школу, служыў у Савецкай Арміі, давучваўся, у тым ліку – у індустрыяльным тэхнікуме. Працаваў рабочым, інжынерам па ахове працы, старшым майстрам на заводзе жалезабетонных вырабаў і канструкцый.
Асабліва багатая біяграфія ў трэцяга брата – Георгія. Ён закончыў Нёманскую сямігодку і вучыўся ў Бярозаўскай рускай сярэдняй школе рабочай моладзі. Быў у камсамоле. Працоўную дзейнасць пачынаў паштальёнам Бярозаўскага аддзялення сувязі. Пераехаў у Ліду. Працаваў маляром на прарабскім пункце станцыі Ліда Гродзенскай дыстанцыі будынкаў і збудаванняў. А 9 кастрычніка 1960 г. пачаў службу ў Двойчы Чырванасцяжным Балтыйскім флоце, у Чырвана-сцяжным вучэбным атрадзе падводнага плавання імя С. М. Кірава ў Ленінградзе. Вайсковую прысягу прымаў у Ваенна-марскім музеі 31 снежня 1960 г. Летам 1961 г. Георгій зведаў першае апушчэнне падводнай лодкі на Ладажскім возеры, а ў ліпені з адзнакай закончыў радыётэхнічную школу і стаў гідраакустыкам падводнай лодкі. Быў накіраваны на Паўночны флот. Спачатку служыў на вялікай падводнай лодцы Б-37. Гэтую лодку рыхтавалі ў далёкае плаванне на баявое дзяжурства. Георгія Іванавіча перавялі, як маладога гідраакусціка, на падводную лодку Б-64. Пазней стала вядома, што 11 студзеня 1962 г. на падводнай лодцы Б-37, у першым адсеку, узнік пажар. Патушыць яго маракам не ўдалося. Узарваліся тарпеды, і лодка патанула каля пірса на базе горада Палярны. Экіпаж лодкі загінуў.
Георгій Іванавіч скончыў партыйную школу. Падчас службы з'яўляўся пазаштатным карэспандэнтам газеты Паўночнага флоту «На страже Заполярья». За поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы неаднаразова заахвочваўся камандаваннем. Летам 1964 г. здаў экзамены па праграме падрыхтоўкі афіцэраў запасу, прыказам Міністэрства абароны СССР было прысвоена званне “малодшы лейтэнант палітычнага саставу”. Службу закончыў у вучэбным атрадзе па падрыхтоўцы спецыялістаў для ВМФ у Пінску. У запасе яму прысвоены вайсковыя званні “лейтэнант”, “старшы лейтэнант”, “капітан-лейтэнант”.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Ліду і паступіў у Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт імя В. Капсукаса на завочнае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”. Працаваў на Гомельскім заводзе «Электраапаратура» слесарам-мантажнікам. Датэрмінова здаў экзамены за першы курс і перавёўся на другі курс завочнага аддзялення юрыдычнага факультэта. І там таксама здаў экзамены за першы курс юрфака. Перайшоў працаваць на Гомельскі завод станочных вузлоў слесарам-электрамантажнікам, пасля заканчэння юрфака з прысваеннем кваліфікацыі юрыста працаваў інжынерам-сацыёлагам аддзела кадраў на гэтым жа заводзе, потым па спецыяльнасці – старшым кансультантам прававой работы народнай гаспадаркі аддзела юстыцыі Гомельскага гарвыканкама. Гомельскім абкамам Кампартыі Беларусі Георгій Іванавіч быў рэкамендаваны ўзначаліць Гомельскую прававую абласную інспекцыю працы – галоўным прававым інспектарам працы. За працоўную і грамадскую дзейнасць мае ўзнагароды і заахвочванні. Работу пакінуў з-за дрэннага стану здароўя. Стаў інвалідам 3-й групы, потым – 2-й. У 2006 г. выканана аперацыя на сэрцы.
Яго дачка Таццяна закончыла Гомельскі дзяржуніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя». Дыпломная работа дзяўчыны на рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых работ атрымала дыплом 2-й ступені. Працавала настаўніцай гісторыі. Абараніла дысертацыю на саісканне навуковай ступені кандыдата педагагічных навук. Падчас вучобы ў аспірантуры працавала выкладчыкам, пазней была галоўным спецыялістам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, намеснікам дырэктара Гомельскага педагагічнага каледжа, затым – загадчыкам кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі. Ёй пры-своена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Педагогіка». Надрукавала 56 навуковых артыкулаў.