Курган Бессмяротнасці – сімвал мужнасці і гераізму
02 Июля 2026
107
Вялікая Айчынная вайна займае важнае месца ў гісторыі Беларусі. Яна стала найцяжэйшым выпрабаваннем для нашага народа. Загінуў кожны трэці беларус… Пакуль жыве памяць пра тыя страшныя падзеі, мы, беларусы, зробім усё магчымае, каб не дапусціць новай трагедыі. Захаванне памяці пра загінуўшых у баях за Радзіму – гэта наш святы абавязак. Мы з пашанай ставімся да пытання ўвекавечання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, што з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў палітыкі дзяржавы ў сферы ідэалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
А пачыналася ўсё так. Трэцяга ліпеня 1944 года, фактычна ў першыя гадзіны пасля вызвалення Мінска, выйшла падпісаная сакратаром ЦК КП(б) Беларусі П. Панамарэнкам пастанова № 5 «Аб пахаванні загінуўшых у барацьбе з нямецкімі захопнікамі байцоў і афіцэраў Чырвонай арміі». Тэкст дакумента быў кароткі: «Абавязаць абласныя, гарадскія і раённыя партыйныя і савецкія арганізацыі неадкладна праверыць усе месцы баёў, якія праходзілі на іх тэрыторыі, і пры выяўленні непахаваных байцоў і афіцэраў Чырвонай арміі, якія загінулі ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі, арганізаваць пахаванні з адданнем належных ушанаванняў. Пахаванне праводзіць на бачных і добрых месцах з устаноўкай помнікаў, агароджаў і прывядзеннем магіл у належны парадак». Менавіта гэты дакумент паклаў пачатак фарміраванню летапісу народнай памяці.
Паважаныя чытачы, давайце разам з намі, архівістамі, успомнім, як узводзіўся ў нашым горадзе адзін з галоўных мемарыялаў у памяць пра воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Праца па ўзвядзенні Кургана Бессмяротнасці ў нашым горадзе пачалася 60 гадоў таму назад. Чаму менавіта 1966 год? У кнізе «Мая паважаная мама» Ларысы Віркоўскай, дачкі ганаровага грамадзяніна горада Ліды Паповай Надзеі Іванаўны, паведамляецца пра тое, што зімой 1965 года на адным з семінараў у горадзе Гродна Надзея Іванаўна пачула ад калег з іншых гарадоў інфармацыю аб планах узвядзення Курганоў Славы ў год 20-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вярнуўшыся ў Ліду, яна расказала пра гэтую ідэю першаму сакратару гаркама партыі Рыгору Філатавічу Фамічову. Былы ўдзельнік партызанскага руху ў гады вайны горача падтрымаў праект па ўвекавечанні подзвігу народа.
Так пачалася падрыхтоўка да закладкі Кургана Бессмяротнасці…
Ужо 9 мая 1966 г. у наш горад для закладкі мемарыялу прыбылі прадстаўнікі раёнаў Гродзеншчыны і іншых абласцей Беларусі. У Ліду прыехалі дэлегацыі гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Севастопаля, Валгаграда, Брэсцкай крэпасці, гарадоў Курска, Бранска, Рыгі. З розных куткоў краіны прыбылі ганаровыя грамадзяне Ліды.
Ва ўрачыстай абстаноўцы першы сакратар гаркама партыі Р. Ф. Фамічоў, прадстаўнік горада Масквы, былы камандзір 24-й Самара-Ульянаўскай двойчы Чырвонасцяжнай дывізіі К. М. Галіцкі, былы камандзір 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі імя Катоўскага М. С. Чапуркін, былы сакратар Лідскага падпольнага гаркама Я. Д. Гапееў у аснову кургана заклалі капсулу, якая змяшчала пасланне нашчадкам: «Дарагія сябры! Калі ў які-небудзь час у вашых руках апынецца гэта капсула, азірніцеся назад. Вы пачуеце дыханне нашага жыцця. Успомніце пра тых, хто ў сярэдзіне XX стагоддзя ў крывавых баях адстаяў родную зямлю…».
У падножжа мемарыяла дэлегацыі Масквы і Ленінграда, Кіева і Адэсы, Севастопаля і Валгаграда паклалі зямлю, прывезеную з месцаў гарачых баёў з ворагам. Удзельнікі арганізаванага ў гэты дзень мотапрабегу па мясцінах баявой славы, прысвечанага Дню Перамогі, насыпалі зямлю, якую яны прывезлі з месцаў баёў, пахаванняў і расстрэлу лідскіх падпольшчыкаў. Дэлегацыі горада Гродна і Гродзенскага раёна засыпалі ў курган зямлю з брацкай магілы герояў падполля і воінаў-вызваліцеляў горада, зямлю з месца пакарання смерцю герояў скідзельскага падполля, з памежнай заставы імя Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Віктара Усава. Скрываўленую зямлю ссыпалі на курган прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гродзеншчыны, Віцебска і Гомеля, Мінска і Магілёва, Маладзечна і Брэста.
А 8 ліпеня 1966 года, у дзень вызвалення горада Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю Кургана Бессмяротнасці.
Дэлегаты XV злёту ўдарнікаў камуністычнай працы каля Кургана Бессмяротнасці ў дуброве ім. У. І. Леніна высаджваюць 105-ы дуб у гонар гадавіны з дня нараджэння У. І. Леніна.Раніцай 8 ліпеня горад выглядаў святочна. Вуліцы былі ўпрыгожаны лозунгамі і транспарантамі, дзяржаўнымі сцягамі. На цэнтральнай плошчы горада, у парку каля гарадской бальніцы, на месцы гібелі лідскіх падпольшчыкаў каля помнікаў быў запалены Вечны агонь. У той час, калі лідчане спяшаліся на работу, на вуліцах з’явіліся лістоўкі, якія запрашалі іх прыйсці на адкрыццё мемарыялу. І пасля працоўнага дня людзі з кветкамі ў руках накіроўваліся да Кургана Бессмяротнасці, каб чарговы раз ушанаваць памяць вызваліцеляў.
Адным з памятных момантаў адкрыцця мемарыялу стала цырымонія закладкі капсулы, у якую змясцілі запавет нашчадкам, а таксама тэксты клятвы воінаў гарнізона, піянераў і камсамольцаў, словы выступлення сакратара гаркама КПБ, якія былі прамоўлены на мерапрыемстве. Паклалі таксама магнітафонную стужку з запісам выступленняў дэлегацый гарадоў-герояў, кінарэпартажы студыі тэлебачання і студыі кінахронікі, газетныя публікацыі пра горад і закладку мемарыялу, гістарычную даведку пра Ліду, план і ключ ад горада. Нашчадкам перадалі наборы фотаздымкаў Ліды, прадукцыі горада, фатаграфіі Кургана Бессмяротнасці і прылеглай да яго тэрыторыі, зробленыя напярэдадні адкрыцця. Вырашана было захаваць будучым пакаленням памятны значок у гонар засыпкі кургана і значок «Ударнік працы», сувенір «Памятайце», юбілейныя медаль і рубель, выпушчаныя ў гонар 20-годдзя Перамогі над Германіяй.
У лісце-запавеце была просьба: у дзень святкавання 50-годдзя Перамогі, 9 мая 1995 года, прачытаць запавет, напісаць свой і пакласці іх зноў у нішу. І жыхары горада выканалі гэты наказ. Наступны раз капсула будзе адкрыта ў 2045 годзе – у дзень святкавання 100-годдзя Перамогі!
Не менш цікавы факт, што было прынята рашэнне аб перапахаванні невядомага салдата, астанкі якога былі знойдзены ў в. Чахаўцы і пахаваны ля падножжа Кургана Бессмяротнасці. Ён загінуў у ліпені 1944 года, вызваляючы лідскую зямлю ад ворага. Урачыстае перапахаванне астанкаў адбылося 8 мая 1967 года. Ветэраны і жыхары Лідчыны выйшлі праводзіць героя ў апошні шлях. Жалобны мітынг адкрыў першы сакратар Лідскага гаркама КПБ Р. Ф. Фамічоў. І пад гукі дзяржаўных гімнаў і залпы артылерыйскага салюту загінуўшаму сыну Айчыны былі аддадзены апошнія ўшанаванні. На магіле салдата была ўстаноўлена мемарыяльная пліта з надпісам: «Імя тваё невядома. Подзвіг твой бессмяротны». Запалены Вечны агонь.
Таксама ў 1967 годзе вакол Кургана Бессмяротнасці быў закладзены парк. Ён стаў улюбёным месцам адпачынку жыхароў і гасцей горада, месцам правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.
Дэлегаты XIV (1974 г.) злёту ўдарнікаў камуністычнай працы высаджваюць алею імя 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Кургане Бессмяротнасці.Па праекце мінскіх архітэктараў пад кіраўніцтвам Ю. Н. Трахтэнберга Курган Бессмяротнасці ў 1973 годзе быў дапоўнены 14-метровымі пілонамі, нахіленымі пад вуглом 60 градусаў. Яны ўвасабляюць ствалы артылерыйскіх прылад.
У 2010 годзе Курган Бессмяротнасці прайшоў рэканструкцыю, а тэрыторыя вакол мемарыяльнага комплексу была добраўпарадкавана. Пазней, у 2023 годзе, каля Кургана Бессмяротнасці размясцілі музейную экспазіцыю ваеннай тэхнікі.
Курган Бессмяротнасці, бясспрэчна, мае «ўсенародны» характар, бо ствараўся рукамі людзей, якія прыносілі зямлю са знакавых месцаў баёў і брацкіх магіл. Ён стаў адным з тых святых месцаў, без якіх нельга ўявіць аблічча нашага горада. І для нас, лідчан, ён з’яўляецца сімвалам мужнасці і гераізму.
Мы памятаем пра воінаў і партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне нашага горада і раёна, заплаціўшы за перамогу самым каштоўным – уласным жыццём. Мы ўдзячны за кожны спакойны дзень, за магчымасць жыць, вучыцца, кахаць і гадаваць дзяцей. Мы шануем іх бессмяротны подзвіг і вялікую ахвяру дзеля нашай будучыні!
Аксана Іванч,
загадчык аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і навукова-даведачнага апарата,
Ганна Лаўрукевіч,
загадчык аддзела справаводства, фарміравання НАФ і выкарыстання дакументаў
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






