Успаміны лідчанкі, якая асабіста ведала легендарнага разведчыка Рыбіноўскага

09 Мая 2026 50
Сёння вуліца Рыбіноўскага – адна з самых густанаселеных у Лідзе. Тут пражывае больш за 6 тысяч жыхароў, ёсць два дзіцячыя садкі, школа, магазіны… Мы так часта ўжываем прозвішча вядомага падпольшчыка ў размове, пішам яго на паштоўках, шукаем на гугл-картах, што яно стала для нас паўсядзённым. Але сярод лідчан ёсць жанчына, для якой кожны ўспамін гэтага чалавека адбіваецца ў сэрцы болем. 90-гадовая Алена Сымановіч сёння, бадай, адзіная, хто ведала Васіля Рыбіноўскага асабіста, вячэрала з ім за адным сталом, а потым… бачыла забітым на сваім падворку. 

– Недзе ў паралельнай рэчаіснасці гэты чалавек нават мог стаць маім шваграм, бо ён кахаў маю старэйшую сястру Веру. Яны не дажылі да Дня Перамогі толькі паўгода!  Маглі б застацца жывымі мае бацькі, а наша хата – няспаленай. Столькі ўсяго добрага магло б быць, каб не гэта праклятая вайна! – Алена Іванаўна выцірае хусцінкай слёзы. 

Алена Балбатунова (у дзявоцтве Сымановіч) нарадзілася і расла на хутары бліз вёскі Пятры Лідскага раёна. Бацькоўская хата стаяла ў паўкіламетры ад аднавяскоўцаў, амаль на ўскрайку леса. Такое размяшчэнне было вельмі зручным для партызан, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны абралі гэты хутар у якасці явачнай кватэры. Менавіта адсюль у эфір на “вялікую зямлю” ляцелі кропкі ды крэскі, якія там ператвараліся ў словы і сказы. Гэтыя радыёграмы былі вельмі неабходныя для савецкага камандавання. 

– Калі радысты прыходзілі да нас, каб правесці чарговы сеанс перадач, маці ці старэйшая сястра выганялі з хлява свіней і назіралі за наваколлем. Калі заўважалі што-небудзь небяспечнае, то крычалі што ёсць моцы: “А, юсь, каб вас!” Гэта быў наш пароль, – расказвае Алена Іванаўна.  

­Нярэдка на хутар прыходзілі падпольшчыкі, каб даць бацьку і брату Сымановічам розныя даручэнні. Крыху пазней стаў наведвацца і сам Рыбіноўскі. Дарэчы, тады яго прозвішча ніхто не ведаў (афіцыйныя звесткі пра гэтага разведчыка з’явіліся толькі праз чвэрць стагоддзя!). А тады мы ўсе звалі яго проста Васька-велікан. Адкуль узялася такая мянушка? Відавочна з таго, што ён быў пад два метры ростам, шырокі ў плячах і дужы, як асілак. 

Але пра сувязь сям’і Сымановіч з партызанамі празналі ворагі. Восенню 1943 года яны прыйшлі на хутар, скруцілі бацьку Івана Міхайлавіча і брата Валодзю і жорстка пабілі. Алене Іванаўне тады было ўсяго сем гадоў, але яна добра памятае  акрываўленыя твары сваіх родных. З той пары сям’я ў сваёй хаце не начавала – хаваліся ў лесе ці па суседзях. Дадому вярнуліся толькі на калядныя святы. 

Фатальны вечар

­– Напэўна, у тую злашчасную ноч мы таксама не пайшлі б на свой хутар, але нас запэўнілі, што з чужых сюды ніхто не сунецца, – успамінае мая суразмоўца. –  Памятаю, як мама са старэйшай сястрой Верай накрывалі святочны стол, а я з дзецьмі іншых партызан – Зінай і Толікам Канашэвіч, Эдзікам Жукавым – сядзелі на печы. Да нас на вячэру прыйшоў Васіль Рыбіноўскі, а таксама нейкая сувязная з Ліды. З намі не было толькі старэйшага брата Валодзі, ён выконваў чарговае заданне ад партызанаў. 

У такі шчыры, амаль сямейны вечар, усе прысутныя ўпершыню адчулі сябе хораша. Дарослыя аб чымсьці размаўлялі за сталом, а дзеці, досыта пад’еўшы, заснулі. 

– Прачнулася я ад матуліных пацалункаў. Памятаю, як схіліўшыся нада мною, яна абдымала мяне і горка плакала. Яе словы і сёння гучаць у вушах: “Бывайце, дзеткі! Мабыць, заб’юць нас…” – ад падступіўшага кому слёз Алене Іванаўне стала цяжка дыхаць. 

Аб тым, што здарылася ў той святочны вечар, пакуль малая Алена спала на печы, потым расказала старэйшая сястра Галя. Ёй тады было 14 гадоў.  Знянацку ў хату ўварваліся акаўцы. Васіль Рыбіноўскі падхапіўся, узяў іх за грудкі і выштурхнуў на двор. Пачалася бойка, а потым пачуліся стрэльбы. У гэтай сутычцы Васіль смяротна параніў трох супастатаў, але сам быў забіты каля хлява. 

Услед за Рыбіноўскім бандыты расстралялі гаспадара хутара Івана Сымановіча і яго жонку Мальвіну. Апошняе, што чулі дзеці, гэта крык свайго бацькі: “Паночкі, я ні ў чым не вінаваты”, – але аўтаматная чарга абарвала яго на паўслове…

– Магчыма, мяне і 14-гадовую сястру Галю таксама чакала смерць, але знайшоўся чалавек, які не дапусціў расправы над малалетнімі. Захутаўшы ў адзенне дарослых, нас пасадзілі у запрэжаныя санкі, і раненая кабыла павезла у бок Дакудава. За падводам рыпнулася ісці і наша старэйшая сястра Вера, але чужынцы яе затрымалі і адвялі ў хату. Ад’ехаўшыся на паўдарогі, мы бачылі здалёк, як палыхаюць нашы будынкі, – успамінае жанчына. 

Ранкам наступнага дня вяскоўцы пайшлі на хутар да Сымановічаў, але ад яго засталося толькі папялішча. Непадалёк знайшлі цела старэйшай дачкі Веры з абпаленымі валасамі і выкручанымі рукамі. Было зразумела, штонад ёй здзекаваліся. Кажуць, сярод рэчаў Рыбіноўскага знайшлі фотаздымак Веры. Гэтага аказалася дастаткова, каб па-зверску закатаваць маладую дзяўчыну. Ёй тады было ўсяго 18 гадоў! 

“Забаўляў мяне люстэркам, каб я не кідалася да труны бацькоў”

Мясцовыя жыхары зрабілі дзве драўляныя труны: у адну палажылі Васіля Рыбіноўскага, а ў другую – Івана, Мальвіну і Веру Сымановіч. Пахавалі іх на пятроўскіх могілках.

­ – Памятаю, як падчас пахавання мяне на руках трымаў адзін з партызан. Ён загаворваў мяне, забаўляў люстэркам, каб я не плакала і не кідалася да бацькоў, – кажа Алена Сымановіч. 

Асірацеўшых дзяўчынак забраў да сябе родны дзядзька, які жыў у вёсцы Князюкоўцы. Там Лена і Галя дачакаліся Вялікай Перамогі.  Старэйшы брат Валодзя пасля гэтай трагедыі назусім пайшоў у партызаны. 

– Калі вайна скончылася, Валодзя, Галя і я вярнуліся на наш хутар у Пятрах, – прадаўжае аповед Алена Іванаўна. – Паступова жыццё пачало наладжвацца. Брат ажаніўся, пачаў аднаўляць бацькоўскую хату, завёў гаспадарку. Але пражыў ён вельмі мала – у 1948 годзе захварэў туберкулёзам і памёр. Услед за ім памерла і яго жонка, пакінуўшы сіротамі дзвюх маленькіх дачок – Зою і Валю. Першы час мы з Галяй гадавалі іх самастойна, хаця і самыя былі яшчэ дзецьмі. Потым дзяржаўная служба апекі ўладкавала іх у Гродзенскі інтэрнат. 

Калі ў Дакудаўскім сельсавеце ўтварыўся калгас, сёстры пайшлі працаваць на свінаферму. Але весці асабістую гаспадарку маладым дзяўчатам было складана. Першай перабрацца ў горад вырашыла Алена. Атрымаўшы пашпарт, яна ўладкавалася ў гархарчпрамторг, а жыллё здымала. Потым да яе перабралася і старэйшая сястра Галя. Яна працавала на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце. З цягам часу абедзве сястры выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей. 

– Крыху пазней з інтэрната пераехала да нас братава дачка Валя. Наша пасляваеннае жыццё таксама было нялёгкім. Пра яго можна шмат чаго расказаць, але, як кажуць, гэта ўжо зусім іншая гісторыя, – сумна ўздыхае Алена Сымановіч. 

Яго прозвішча даведаліся толькі праз чвэрць стагоддзя

Хто ж такі на самой справе Васька-велікан? Неверагодна, але факт: яго сапраўднае прозвішча стала вядома толькі праз чвэрць стагоддзя! 

Нарадзіўся легендарны падпольшчык у 1918 годзе ў невялікай вёсачцы Горбачы (цяпер яна носіць назву Новая) Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці. У сям’і Рыбіноўскіх было дзевяцёра дзяцей. І Васіль – самы старэйшы.  Усе сыны пайшлі ў бацьку: павырасталі вялікія і мажныя, як слупы. Васіль не з’яўляўся выключэннем. Ён таксама быў шыракаплечым, пад два метры ростам. Нядзіва, што мянушка Велікан прычапілася да яго яшчэ ў юнацтве. 

Вядома, што хлопец скончыў палітычнае вучылішча МУС. Працаваў следчым у аддзеле міліцыі ў Вялікіх Луках. А тут вайна. Калі гітлераўскія полчышчы пачалі набліжацца да роднага горада, Васіль разам з многімі сваімі землякамі пайшоў у атрад народнага апалчэння. У першай баявой аперацыі праявіў вытрымку і смеласць, потым яго залічылі ў партызанскі атрад. 

Работа ў тыле ворага

У пачатку 1942 года Рыбіноўскага накіравалі у спец-школу па падрыхтоўцы кадраў у тыле ворага, а пасля прызначылі начальнікам разведгрупы асобага назначэння, якую закінулі на захопленую беларускую зямлю. Першая спроба дэсантавацца з борта бамбавіка ў Віцебскай вобласці была няўдалай. Тады з цэнтра паступіла новае заданне – перабрацца ў Лідскі раён. Так Васіль апынуўся на нашай зямлі. Заданне група атрымала складанае: здабываць звесткі аб мясцовым гарнізоне і перамяшчэнні ваеннай тэхнікі праціўніка па чыгуначным накірункам Ліда – Вільнюс, Ліда – Баранавічы, Гродна – Ліда – Маладзечна. Наш горад быў важным транспартным вузлом. Радыёперадатчык дазваляў падпольшчыкам атрымліваць звесткі ад Саўмінінформбюро і передаваць важныя радыёграмы. Група Васіля Рыбіноўскага дзейнічала як асобна, так і ў складзе партызанскага атрада “Іскра”. 

Турэмны пабег, як у прыгодніцкім рамане

Тым часам група Васі-Велікана не абмяжоўвалася зборам мясцовых дадзеных. Адна з самых дзёрзкіх аперацый, якую выконвалі разведчыкі, была па вызваленню палітычных вязняў з Лідскай турмы. На такое рызыкоўнае заданне Рыбіноўскі пайшоў асабіста. І яму вельмі не пашанцавала. Фашысты схапілі падпольшчыка і пасадзілі ў турму. Хто ён такі, ворагі дакладна не ведалі, але здагадваліся, што арыштант мае сувязь з партызанамі. Каб выбіць хоць нейкую інфармацыю, яго катавалі і здзекаваліся над ім, але Рыбіноўскі не назваў ніводнага імя. Пераканаўшыся, што звестак ад яго не дабіцца, вырашылі пакараць голадам. У дзень давалі яму толькі 100 грамаў хлеба і кубак вады. Васіль губляў сілы, але маўчаў. 

Аб няўлоўным і бясстрашным Велікане хадзілі легенды сярод мясцовага насельніцтва, а акупанты нават назначылі ўзнагароду за рускага партызана. 

Аднак партызаны не спалі ў шапку. Увесь гэты час яны распрацоўвалі план па вызваленню Васіля. У Лідскай гарадской турме працавалі некалькі сувязных. Праз іх Рыбіноўскаму перадалі нажоўку, каб выпілаваць металічныя краты акна. Але скрыгат металу аб метал прыцягнуў увагу вартавых і Рыбіноўскага перавялі ў іншую камеру. Уцёкі не ўдаліся. Падпольшчыкі вырашылі выкарыстаць іншы варыянт. Былі зроблены слепкі ключоў ад турэмных дзвярэй і камеры, дзе знаходзіўся Рыбіноўскі. Аднак у самы адказны момант ключ зламаўся ў замку. Спроба збегчы зноў правалілася. Да выканання смяротнага прысуду над Рыбіноўскім заставала апошняя ноч. Час ішоў літаральна на мінуты. На шчасце, атрымалася перадаць нажоўку. Але за 52 дні галадоўкі і штодзённых катаванняў вязень знясілеў, а краты выпілоўваць трэба было ў паўвісячым становішчы, трымаючыся адной рукой за акно. Колькі сілы на гэта спатрэбілася, можна было толькі ўявіць. Але ў Васіля атрымалася. А надзейныя людзі выцягнулі яго праз акно. І на гэты раз смерць, якая наступала яму на пяты, зноў мінавала.

Пасля вызвалення з турмы Васіль аднаўляў свае сілы на хутары ў Сымановічаў. Аб ім клапаціліся гаспадыня  і яе дочкі, сярод якіх была прыгажуня Вера. Магчыма, менавіта пры гэтых абставінах паміж юнаком і дзяўчынай успыхнула іх першае і нясмелае пачуццё. У Пятрах Рыбіноўскі рэабілітаваўся каля дзвюх месяцаў. А калі акрэп, зноў узяўся за сваю разведвальную работу, поўную смяротнай небяспекі. Тады ні ён, ні Сымановічы яшчэ не ведалі, чым усё гэта скончыцца…

Агульная памяць

Бацька Рыбіноўскага дачакаўся з вайны ўсіх сваіх дачок і сыноў, невядомым заставаўся  толькі лёс старэйшага. Пошукамі Васіля заняўся яго брат Якаў. Нарэшце з Ліды прыйшла адначасова і радасная, і сумная вестка: “Дарагі Якаў Аляксандравіч! Пішуць вам піянеры трэцяй школы горада Ліды Беларускай БССР. У нас у школе працуе атрад следапытаў. На канікулах мы атрымалі заданне ад мясцовага краязнаўчага музея  даведацца ўсё пра партызанскага разведчыка Васіля Рыбіноўскага. Мы выканалі даручэнне: знайшлі і пабывалі на месцы гібелі Вашага брата. Каля яго магілкі мы пасадзілі дзве елкі. У наступным пісьме вышлем фотаздымкі магілкі і хутара, дзе загінуў Васіль. З павагай, піянеры атрада “Факел”. 

Падрабязнасці дзейнасці разведгрупы высветліліся толькі ў ходзе справы, якую распачалі ў 1966 годзе па ініцыятыве дырэктара Лідскага краязнаўчага музея М. Іванова. 

­Упершыню ў Ліду родныя Васіля Рыбіноўскага прыехалі ў 60-х гадах. Тады рашэннем раённых уладаў яго астанкі перавезлі ў вёску Дакудава і пахавалі каля абеліска (стэлы) землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны (на фота). Астанкі сваіх родных Алена Балбатунова пераносіць адмовілася.

–  Мы пасябравалі з братамі і сёстрамі Васіля Рыбіноўскага. З першай нашай сустрэчы яны сталі называць мяне і Галю сёстрамі, бо ў нас агульная памяць і агульны боль. Родныя Васі, пакуль былі жывыя, прыязджалі ў Ліду не толькі з Вялікіх Лук, але і з Пскова, Масквы і нават Рыгі. Хто б ні прыехаў, заўсёды заставаліся начаваць у нашай кватэры, – з цеплынёй гаворыць Алена Сымановіч. 

Браты Рыбіноўскага расказалі, што ў адным з лістоў, які даслаў ім Вася, ён паведаміў, што сустрэў дзяўчыну Веру, якая яму вельмі падабаецца, і таму пасля заканчэння вайны мае намер на ёй ажаніцца. На жаль, шчасця не здарылася: жыццё Васіля і Веры абарвалася ў адзін дзень на нашым хутары. 

На беларускай зямлі Васіль Рыбіноўскі правёў усяго год – са студзеня 1943-га па студзень 1944-га, але яго імя назаўжды ўпісалася ў гісторыю Лідчыны. У 1973 годзе 2-й Чырвонаармейскай вуліцы ў Лідзе надалі імя Рыбіноўскага. У гонар героя была названа і вуліца ў вёсцы Дакудава. 

***

 “Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак – вуліца Рыбіноўскага”. Я сыходжу з аўтобуса і іду па роднаму мікрараёне. У маі ён асабліва прыгожы: квітнеюць дрэвы, мірнае жыццё аддаецца смехам дзяцей, гулам машын, выпадковымі размовамі жыхароў на вуліцы... І толькі прозвішча легендарнага разведчыка, якое напісана амаль на кожным будынку, напамінае аб трагічных падзеях 82-гадовай даўнасці. Яно, нібы нітачка, якая працягнулася ад прадзедаў да праўнукаў, не дазваляе забыць нам аб тым, што было. І вучыць шанаваць тое, што маем.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться