Тэрыторыя адказнасці не будзе тэрыторыяй абыякавасці
29 Ноября 2024
580
У вёсцы Мінойты тры магазіны: “Родны кут”, “Закрома”, “Таццяна”. Усе яны размешчаны на вуліцы Лідскай. Па гэтай жа вуліцы праз Мінойты пралягае траса М-11 Беняконі-Ліда-Слонім-Быцень, а значыць, ля гандлёвых кропак спыняюць свае аўто не толькі мясцовыя жыхары, але і тыя вадзіцелі, хто едзе транзітам.
Выбар тавару ва ўсіх трох магазінах багаты і на любы густ. А як жа абстаяць справы са стаянкамі? Ля прыватнага магазіна “Таццяна” з гэтым усё ў парадку. Прычым не толькі паркоўка ў належным стане, але і тэрыторыя вакол гандлёвай кропкі выкладзена тратуарнай пліткай. Перыядычна праводзіцца падсыпка і грэйдзіроўка пляцоўкі для аўтамабіляў побач з магазінам “Родны кут”. Што датычыць пляцоўкі насупраць магазіна “Закрома”, то бачна: яна нядаўна прыведзена ў парадак. Старшыня Траццякоўскага сельвыканкама Аляксандр Хвайніцкі расказаў журналісту, што гутарыў на гэты конт з кіраўніцтвам ДЭУ-55, паколькі стаянка знаходзіцца на дарозе, якую абслугоўвае гэтая арганізацыя. Знайшоў паразуменне. Галоўны інжынер ДЭУ выехаў на месца, і ў вызначаны тэрмін работы былі выкананы. Толькі вось ці надоўга захаваецца такі стан “кішэні” пры немалым патоку машын? Паколькі аўтамабільная пляцоўка служыць для прыпынку вадзіцеляў, якія наведваюць магазін і робяць там пакупкі, то ўладальнік памяшкання і гандляры павінны быць уважлівымі да таго, як і дзе паркуюцца аўтамабілі пакупнікоў.
Дарэчы будзе нагадаць, што ў ліпені 2020 года прынята Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 430 “Аб парадку вызначэння памераў (межаў) тэрыторый для выканання работ па падтрыманню іх належнага санітарнага стану”. Ёю ўстанаўліваецца парадак вызначэння памераў тэрыторый зямель агульнага карыстання населеных пунктаў, у тым ліку прылягаючых да прадастаўленых юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам, грамадзянам зямельных участкаў, пералік работ па падтрыманню належнага санітарнага стану адпаведных тэрыторый і перыядычнасць іх выканання.
– Сярод пытанняў, якія ўзнімае старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі на планёрках з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Лідчыны, – навядзенне санітарнага парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. Пры гэтым Аляксандр Людвігавіч нагадвае, якія ў гэтым плане абавязкі ляжаць на размешчаных там арганізацыях, і што іх кіраўнікам трэба быць у тандэме з уладай на месцы, адгукацца на яе просьбы і прапановы, - зазначае Аляксандр Хвайніцкі.
У прадаўжэнне тэмы хочацца сказаць і пра ролю жыхароў у падтрыманні санітарнага парадку ў сваім населеным пункце. Падчас паездкі ў Мінойты журналіст адзначыла, як старанна наводзіла чысціню ў двары шматкватэрных дамоў дворнік Лідскага ГУП ЖКГ Вікторыя Мартынюк. Жанчына расказала, што працуе дворнікам вось ужо 12 гадоў. Акрамя яе парадак у дварах шматпавярховак падтрымлівае яшчэ адзін работнік.
– Ведаеце, што самае прыемнае для мяне ў рабоце? Не толькі, калі ад жыхароў чую ў свой адрас “дзякуй”, але і калі бачу, што яны імкнуцца ствараць утульнасць у сваім двары, высаджваюць і даглядаюць кветкі, – кажа Вікторыя.
Ганну Іванаўну і Генадзя Часлававіча Трапіла журналіст застала за мыццём бетоннага плоту на сваёй сядзібе. Як патлумачылі вяскоўцы, у 2010 годзе за дзяржаўны кошт па вуліцы Лідскай была ўстаноўлена бетонная агароджа. А вось падтрымліваць яе ў належным стане павінны тыя, чые ўчасткі яна абмяжоўвае. “Хіба іначай можа быць?” – кажуць муж і жонка Трапіла. Дарэчы, па агароджы бачна, што так думаюць і многія іншыя жыхары вуліцы Лідскай. Хаця, на жаль, знаходзяцца і тыя, хто мяркуе інакш: маўляў, не за мой кошт устаноўлена, не мне і даглядаць. Таму сельвыканкам не лічыць лішнім нагадаць людзям пра такі іх абавязак.
Асобна трэба згадаць ініцыятыву жыхаркі Мінойтаў Ганны Хітрун і яе мужа Леаніда на карысць усіх вяскоўцаў: дзякуючы іх неабыякавасці з мясцовых могілак былі выдалены вялікія дрэвы, якія раслі на тэрыторыі пагосту. Таксама па iх iнiцыятыве сельвыканкам устанавiў на могiлках дадатковую кантэйнерную пляцоўку.
– Ёсць такое выказванне “Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там дзе не смецяць”. Я б дадаў да гэтага, што чыста яшчэ і там, дзе адгукаюцца на прапановы ўлады па навядзенню санітарнага парадку і ўдзельнічаюць у гэтым. Бо тое, што зроблена самімі, і цэніцца больш, – кажа Аляксандр Хвайніцкі.
Думаецца, што з гэтым пагадзяцца і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, і грамадзяне.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.