Абрад “Тры каралі” – прызнаная каштоўнасць у скарбонцы Лідчыны

19 Мая 2024 800
Яшчэ адным аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі днямі папоўнілася скарбонка лідскага краю. 15 мая на пасяджэнні беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Традыцыі свята “Тры каралі” на Гродзеншчыне”. Абарону дадзенага элемента прадставілі спецыялісты Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Гэты ўнікальны абрад бытаваў у вёсках Ваверскага сельсавета і з’яўляўся адметным праяўленнем каталіцкай каляднай абраднасці. Ён уяўляе сабой абыход двароў з віншаваннямі гаспадароў, спевам калядных песень трыма Каралямікалядоўшчыкамі. Заходзячы ў хату, яны спявалі велічальныя песні, за што гаспадары частавалі іх салодкім печывам. Кожны гаспадар чакаў прыходу Каралёў як сімвала Божай міласці і благаславення, дабрабыту, надзеі на перамогу дабра над злом.


Да канца 20 ст. абрад амаль спыніў сваё жывое бытаванне, але захоўваўся ў памяці многіх жыхароў старэйшага ўзросту і ў матэрыялах этнаграфічных даследаванняў. Ён быў адноўлены дзякуючы даследчай працы, якая праводзілася пры актыўным удзеле работнікаў філіяла “Ваверскі Дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, зараз да правядзення абраду актыўна далучаецца моладзь – пераемнікі традыцыі, якія асэнсавана цікавяцца гісторыяй і культурай рэгіёна. А ў якасці калядоўшчыкаў часта можна ўбачыць падлеткаў.

Абрад “Тры каралі” – гэта ўжо другі культурны здабытак (пасля традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва) у скарбонцы нацыянальнай спадчыны Лідскага раёна.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться