Ксёндз Юрый Бяганскі: «Пражываць зямное жыццё трэба з любоўю да Бога, да людзей, да сваёй краіны»
07 Февраля 2024
1445
– Ксёндз Юрый, акрамя таго, што Вы служыце ў Тракельскім касцёле ў Воранаўскім раёне, Вы цесна звязаны і з Лідчынай.
– Гэта так. Раней, дзесяць гадоў запар, я нёс службу ў Лідзе. За гэты час давялося прымаць удзел у добрай для вернікаў справе – стварэнні капліцы ў Лідскай ЦРБ. Адкрыццё яе адбылося ў лютым 2014 года. Зараз кожную суботу я прыязджаю ў капліцу, малюся за ўсіх хворых, якія знаходзяцца ў бальніцы, за дзетак, якія з’явіліся на свет у раддоме, і за медыцынскі персанал ЦРБ. Пасля наведваю палаты, пры пажаданні хворых выконваю свой абавязак як святар.
У кастрычніку мінулага года ў Дворышчы пасля рэканструкцыі была адчынена капліца, дзе кожную трэцюю нядзелю месяца праводжу службу. Будаўніцтва капліцы пачалося ў 1990 годзе, але праз тры гады, падчас перабудовы ў краіне, прыпынілася. Калі ў 2018 годзе я быў пераведзены на службу ў Тракельскі касцёл, то пачуў ад жыхароў Дворышча пажаданне адрадзіць капліцу, будынак якой з цягам часу ўсё больш прыходзіў у заняпад. Я падтрымаў вернікаў. Да ведама скажу, што Тракельскі прыход уключае ў сябе не толькі Тракелі і вёскі Воранаўскага раёна, але і Дворышча Лідскага раёна, і шэраг вёсак ад Уладзіславова да Эйтун.
Спачатку я звярнуўся да кіраўніцтва саўгаса “Лідскі”, бо капліца знаходзілася на балансе гаспадаркі, а затым – у Лідскі райвыканкам з просьбай перадаць будынак ва ўласнасць Тракельскай парафіі. Улады раёна не адмовілі. З восені 2020 года мы пачалі рэканструкцыю. Спачатку правялі электрычнасць і замянілі дах. Потым паступова былі выкананы і іншыя работы.
Той момант, што роўна праз 30 гадоў будынак капліцы адрадзіўся, прыйшоў ад Бога. Але ж вялікае значэнне мае старанне і імкненне людзей. Мне вельмі хацелася ўпісаць у гісторыю Дворышча не толькі сам факт правядзення рэканструкцыі капліцы, але і тых, хто прыклаў да гэтага намаганні: і звычайных вернікаў, і кіраўнікоў дзяржаўных і прыватных арганізацый. Таму ў падрыхтаванай і выдадзенай мною кнізе “Мінулае і сучаснае Дворышча” прозвішчы гэтых людзей займаюць пачэснае месца. Прэзентацыя кнігі яшчэ больш надала ўрачыстасці мерапрыемству з нагоды завяршэння рэканструкцыі капліцы.
– Як стваралася кніга “Мінулае і сучаснае Дворышча”? Дзе бралі матэрыял?
– У пачатку мінулага года мне прыйшла думка аб’яднаць у адно ўвесь матэрыял, які меўся пра гісторыю Дворышча ў розных крыніцах (у “Лідскай газеце” таксама). Вялікую дапамогу ў гэтым мне аказала загадчыца Дварышчанскай бібліятэкі Людміла Уладзіславаўна Марцінкевіч. Увайшлі ў кнігу і ўспаміны вяскоўцаў пра мінулае Дворышча. А яшчэ ў гэтым друкаваным выданні маецца згадванне пра ўсе невялікія вёскі акругі. З мясцовымі жыхарамі я раіўся і наконт назвы кнігі, каб яна была трапнай і адлюстроўвала змест.
– Дзе можна азнаёміцца са зместам кнігі?
– Кніга выдадзена ў 350 асобнікаў. Частка іх была ўручана ў якасці падарунка разам з Падзякамі тым, хто прымаў непасрэдны ўдзел у рэканструкцыі будынка капліцы. Таксама кніга перададзена для папаўнення фонду гістарычнай тэматыкі ў Дварышчанскую бібліятэку. Пэўную колькасць асобнікаў планую перадаць у Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Няхай сабраны матэрыял захоўваецца там для сучаснага і будучага пакаленняў.
– Ксёндз Юрый, Вы абапіраецеся на падтрымку прыхаджан. А як будуеце ўзаемаадносіны з мясцовай уладай (мясцовымі Саветамі дэпутатаў, райвыканкамам)?
– Узаемаразуменне заўсёды знаходзіў з кіраўніцтвам і дзяржаўных устаноў, і з мясцовай улады наогул. Што датычыць Лідскага раёна, то як я ўжо казаў, давялося звяртацца ў райвыканкам наконт перадачы будынка капліцы на баланс Тракельскай парафіі. Было вельмі прыемна, што справа вырашылася без прамаруджвання. Хацелася б сказаць і пра Дварышчанскі сельскі Савет. Яго старшыня Ніна Міхайлаўна Зуенка не толькі дапамагала ў вырашэнні адміністрацыйных пытанняў, але і разам з вернікамі непасрэдна прымала ўдзел у добраўпарадкаванні капліцы і тэрыторыі вакол яе. Вялікую падтрымку я адчуваў і адчуваю з боку папярэдняга старшыні Дварышчанскага сельскага Савета Івана Феліксавіча Ганевіча. І не толькі як верніка, але і чалавека, які беражліва адносіцца да спадчыны Дворышча, усім сэрцам жадае працвітання населенаму пункту. Безумоўна, удзячны я і кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі: не адмаўлялі, калі патрабавалася пэўная дапамога пры правядзенні добраўпарадкавання.
З паразуменнем падыходзяць і ўлады Воранаўскага раёна. Штогод у ліпені на базе нашага Тракельскага касцёла праходзіць фэст. Бяспеку і парадак на ім забяспечваюць разнастайныя службы раёна. Тракельскі касцёл заўсёды прыцягваў да сябе паломнікаў, бо ў ім знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Тракельскай. Узнікла ідэя зрабіць культавую ўстанову яшчэ больш прывабным аб’ектам для турыстаў. Яе ахвотна падтрымалі старшыні Воранаўскага райвыканкама, Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў, работнікі дзяржаўных арганізацый і служб. З’явіліся вернікі-фундатары. І зараз той, хто прыязджае ў Тракелі, ўражваецца зменамі, якія адбыліся ў плане добраўпарадкавання, створанымі камфортнымі ўмовамі для знаходжання паломнікаў і турыстаў.
– Ксёндз Юрый, я ведаю, што Ваша дзейнасць у напрамку, пра які мы вядзём гутарку, не раз адзначалася. Так, напрыклад, Вы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Лідскага раённага Савета дэпутатаў за актыўнае супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў пытаннях духоўнага выхавання насельніцтва і ўпарадкавання тэрыторыі Дварышчанскага сельсавета. А ў сярэдзіне снежня мінулага года, калі былі падведзены вынікі рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь-2023”, прызёрам у намінацыі “Аб’ект рэлігійнага турызму” стаў касцёл Наведвання Маці Божай Тракельскай.
– Прызнанню на рэспубліканскім узроўні папярэднічала вялікая праца вернікаў па добраўпарадкаванню храма, тэрыторыі. Многія ўнеслі ў гэта сваю важкую “жменьку”.
– І ўсё ж самая вялікая заслуга ў гэтым непасрэдна Ваша. Вы бярэцеся за справу, і яна паспяхова рэалізоўваецца. У чым сакрэт?
– Трэба любіць тое, чым ты займаешся. Пражываць зямное жыццё з любоўю да Бога, да людзей, да сваёй краіны.
– Ад нас, сучаснікаў, залежыць, якім будзе будучае нашай рэспублікі. Свой уклад можна ўнесці ў гэта падчас электаральнай кампаніі. А Вы асабіста пойдзеце 25 лютага на выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў і Палаты прадстаўнікоў?
– Безумоўна. Я ўдзельнічаю ва ўсіх выбарах. Гэта мой абавязак як і кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, да гэтага часу ў мяне ў памяці захаваліся прыемныя ўспаміны пра маё першае галасаванне: вельмі хвалюючы і ўрачысты момант.
Годных людзей, якія могуць стаць народнымі абраннікамі і будуць працаваць на карысць краіны, нямала. І мы, калі выказваемся за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты, давяраем яму, падтрымліваем яго перадвыбарную праграму і ўпэўнены ў яе рэалізацыі.
– Ксёндз Юрый, напрыканцы хацелася б пачуць пра Вашы далейшыя планы па добраўпарадкаванню аб’ектаў на Лідчыне і Воранаўшчыне.
– Плануем разам з вернікамі закончыць у Дворышчы добраўпарадкаванне тэрыторыі старых могілак, вакол капліцы на новых могілках. Таксама прадоўжым упрыгожванне тэрыторыі ля тракельскага касцёла. Няхай кожны адчувае ўтульнасць гэтага кутка! Дарэчы, для ўсіх прыезджых людзей у нас пабудаваны гасціны дом Святой Марты.
– Вялікае дзякуй за гутарку. Жадаем, каб усе Вашы планы па-ранейшаму паспяхова ажыццяўляліся.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.