Гісторыка-краязнаўчы музей «Спадчына» Ваверскай школы адзначыў дзесяцігадовы юбілей
08 Декабря 2023
756
Усё пачыналася з… праса
Школа ў гэтыя дні ўпрыгожылася да Новага года, але адбітак, безумоўна, наклала і юбілейная дата. Вучні і кіраўнік музея Лілія Петрусевіч віталі гасцей яшчэ з парога – вершамі і пачастункамі. Тым часам, у актавай зале сабралася ўся школа ад малога да вялікага. Сярод запрошаных гасцей – педагогіветэраны і тыя, хто стаяў ля вытокаў музея, а таксама сябры – супрацоўнікі Ваверскага Дома культуры, бібліятэкі і проста нераўнадушныя жыхары.
Кожны клас трымаў віншавальнае слова і рабіў музею падарункі – новыя экспанаты. Цікава, што сярод іх аказалася адразу некалькі старадаўніх прасаў (дарэчы, менавіта з праса – першага экспаната, і пачынаўся калісьці музейны пакой Ваверскай школы!), былі тут гадзіннікі, карціны і многае іншае.
– У Ваверскай школы глыбокія краязнаўчыя традыцыі, – адзначыў дырэктар школы Іван Баяроўскі. – Наш музей папулярызуе жыццё вёскі. Выхоўвае дзяцей, праз гісторыю прывівае любоў да малой радзімы, падштурхоўвае вяртацца і заставацца на сваёй зямлі.
Апынуўшыся ў музеі, больш за ўсё хочацца застацца сам-насам з гісторыяй.
Музей Ваверскай школы аднаўляе атмасферу мінулага розных эпох. Ад старадаўніх часоў – адлюстроўваючы быт вясковай хаты, уклад жыцця сялян, далей – пераносячы ў хрушчоўку 80-х, паказвае рэчы, якімі не так даўно карысталіся нашы бацькі і якія сучаснай моладдзю аднесеныя ў разрад рарытэтаў. У музеі можна вярнуцца ў школу 80-х, пасядзець за драўлянай партай з крышкай. Ёсць магчымасць дакрануцца да памяці аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Колькасць унікальных рэчаў, якія захоўваюцца ў музеі сёння, можна назваць толькі прыблізна – каля шасцісот, бо калекцыі папаўняюцца пастаянна. Вымераць іх каштоўнасць з дапамогай матэматыкі немагчыма нават прыблізна. Бо ў кожнай рэчы ёсць свая гістарычная значымасць… Напрыклад, глебазачэп або трохвугольны калёсны шып (упэўнена: многія нават не ведаюць, што гэта такое) узгадвае гісторыю трактараў СХТЗ-15- 30, якія сыходзілі з канвейера Сталінградскага завода абмежаваным выпускам і толькі на працягу сямі год, з 1930-га па 1937-ы. А пяцігранная маслабойка, характэрная толькі для ваверскай мясцовасці, здзіўляла нават універсітэцкіх навуковых супрацоўнікаў, што аднойчы пабывалі ў музеі.
Адметнай рысай Ваверскага гісторыка-краязнаўчага музея можна назваць і той факт, што ў яго ўкладзена шмат любові і чалавечай душы. Увогуле, музей – гэта людзі і лёсы. Настаўнікі, што кіравалі ім у розныя гады, літаральна ўклалі ў яго часцінкі сябе. Гэтыя словы тычацца заснавальніцы музейнага пакоя, былой настаўніцы гісторыі Тамары Бункевіч і сучаснай кіраўніцы – настаўніцы пачатковых класаў Ліліі Петрусевіч.
Напрыканцы застаецца дабавіць: музей Ваверскай школы вывучае не толькі мінулае, але і нацэлены ў будучыню. Дарэчы, некалькі год таму ён стаў яшчэ і віртуальным: музейныя экспазіцыі можна наведаць на сайце школы і ў сацыяльнай сетцы інстаграм. Перспектыўныя кірункі работы музея вызначае магчымасць злучэння ў сабе навукова-даследчых, культурна-асветных і дасугавых функцый. Узяць хаця б музейную педагогіку, якая стварае галоўныя ўмовы для станаўлення асобы грамадзяніна. Гэта экскурсіі, падрыхтоўка экскурсаводаў, напісанне рэфератаў, даследчых прац і інш. Над чым працуюць вучні зараз? Ствараюць маршрут “Сем цудаў Ваверкі”. Цікава!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.