Актыў раённай арганізацыі БСЖ пабываў на ДП «Конус»
25 Октября 2023
779
На днях прадстаўніцы раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” – яе кіраўніцтва і старшыні пярвічак – пабывалі на ДП “Конус”. Тут прайшло першае пасяджэнне актыву пасля правядзення некалькі тыдняў таму назад справаздачна-выбарнай канферэнцыі. Выбар прадпрыемства абумоўліваўся некалькімі прычынамі. Па-першае, тут не так даўно была створана пярвічная арганізацыя жанчын, якая ўлілася ў раённую і ўжо актыўна пачала работу. Па-другое, на прадпрыемстве ёсць што пачарпнуць для сябе, бо “Конус” славіцца не толькі добрымі вытворчымі паказчыкамі, але і арганізацыяй для сваіх работнікаў належных умоў працы і адпачынку.
– Ініцыятыва стварыць на прадпрыемстве пярвічную арганізацыю Беларускага саюза жанчын зыходзіла ад нашага кіраўніка Андрэя Пятровіча Жамойды, – кажа намеснік дырэктара па эканоміцы, старшыня пярвічкі Таісія Багдановіч. – Мы падхапілі такую прапанову. Запрасілі да сябе на той час старшыню раённай арганізацыі жанчын Святлану Івуць. Яна расказала нам пра грамадскае аб’яднанне, чым яно займаецца. З’явіліся жадаючыя ўступіць у арганізацыю. Заявы падаў 21 чалавек. А гэта вельмі значная частка ад колькасці жанчын (іх 33), якія працуюць на “Конусе”. Андрэй Пятровіч ахвотна падтрымаў наша жаданне – напярэдадні Дня маці запрасіць да сябе на прадпрыемства актывістак жаночага руху. Маўляў, пазнаёміцеся, даведаецеся пра вопыт іншых і сваім падзеліцеся.

Акрамя таго, Андрэй Жамойда сам прыняў удзел у мерапрыемстве, правёў для гасцей экскурсію па вытворчых і бытавых памяшканнях. Актывісткі раённай арганізацыі жанчын звярнулі ўвагу, што парадак і добраўпарадкаванне пачынаюцца ўжо з заводскай тэрыторыі. Адзначылі, што на прадпрыемстве высока цэніцца чалавек працы і жаночая частка калектыву акружана не меншым клопатам, чым мужчынская.

Пасля знаёмства з прадпрыемствам удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў зале. Работа выязнога пасяджэння была прадоўжана. Да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, якая, дарэчы, таксама з’яўляецца членам Беларускага саюза жанчын. Грунтоўную размову пра планы на будучае і пра арганізацыю работы вяла з членамі праўлення і з кіраўнікамі пярвічных арганізацый новы, выбраны на нядаўняй справаздачна-выбарнай канферэнцыі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Петух.
Урачыстым момантам стала ўручэнне пасведчання аб рэгістрацыі пярвічнай арганізацыі жанчын ДП “Конус”. Старшыні пярвічкі Таісіі Багдановіч яго ўручыла былы кіраўнік раённай арганізацыі Святлана Івуць.
Па водгуках удзельніц выязнога пасяджэння, мерапрыемства падняло настрой, натхніла на рэалізацыю новых добрых спраў, якіх наперадзе мноства.








