Добрае слова

Нядаўна па нейкай асацыяцыі ўспомніла некалькі радкоў верша, які вучыла на памяць яшчэ ў школе, але хто аўтар – аніяк успомніць не змагла. Як кажуць, Гугл у дапамогу. І дапамог! Прычым так, што не магла адарвацца ад чытання некалькі гадзін. У дадзеным выпадку – у добрым сэнсе. Але аб усім па парадку.
Вось тыя радкі, з якіх усё пачалося:
Бяры сабе бохан
І з шчырай падзякай
Да ўсіх, хто рабіў яго, –
Рэж і еш.
Усёведны Гугл выдаў зборнік вершау і паэм Кастуся Кірэенкі. Стала прагортваць яго творы, і… мяне зацягнула. Чаго толькі каштуе наступны верш:
Ты па шчавель ішла на луг,
Лёгка дыхаў шырокі Сож.
Раптам цёплы вясновы дождж
Да тваіх дакрануўся рук.
І адчуў, мусіць, іх агонь.
Усёй істотай к табе прыпаў
І трымаў, пакуль шэпт яго
Не заціх сярод буйных траў.
Ты ўсміхалася. Ну, а я...
(Ці пра ўсё ж я табе скажу?)
Я пад клёнам адзін стаяў
І зайздросціў яму, дажджу.
Пагадзіцеся: пранікнёна, шчыра, інтымна, сучасна! Калі б не адно “але”… Верш напісаны ў 1939 годзе! У тым самым Савецкім Саюзе, калі сэксу не было. Затое сёння ён (сэкс) ёсць. Але днём з агнём у тэкстах не знойдзеш той шчымлівай цнатлівасці, чысціні і дабрыні.
Калісьці крылі на чым свет стаіць цэнзуру. Ва ўсім: у кіно, вершах, прозе і песнях. Цяпер яе нямв – цяпер усё можна і пра ўсё. А вы не задумваліся аб тым, чаму кіно савецкага часу разабрана на афарызмы? Яны трапныя, смешныя, дакладныя, сучасныя і сёння. На маю суб'ектыўную думку, толькі дзякуючы той самай цэнзуры. Таму што, каб данесці патрэбны сэнс да гледача, чытача і слухача, аўтар думаў над кожным словам і адточваў кожнае словазлучэнне, кожную фразу.
Сёння ёсць шмат фільмаў, якія нібы з задавальненнем глядзіш, але чамусьці пераглядаць не хочацца. Ёсць песні, некалькі радкоў якіх запамінаеш, і яны дакучліва круцяцца ў галаве. Але калі пачытаеш тэкст гэтага, з дазвалення сказаць, твора, разумееш, што нічога не разумееш.
Вельмі трапна пра гэту з'яву калісьці сказаў Іосіф Кабзон, калі ў адным з інтэрв’ю ў яго спыталі, чаму песні савецкіх часоў жывуць і перапяваюцца сёння, а сучасныя часцей за ўсё жывуць роўна столькі, колькі іх "раскручваюць". Ведаеце, што ён сказаў? "Таму што раней песні пісалі на вершы, а цяпер – на тэксты". Па-мойму, дакладней не скажаш…






