Афганістан баліць у нашым сэрцы

15 Февраля 2023 1093
Мой родны горад – Бярозаўка, што раскінуўся на маляўнічым левым беразе ракі Нёман. 

Не знойдзецца чалавека ў нашым горадзе, які не ведае пра лёс двух сваіх землякоў – Мікалая Каламыцкага і Ігара Маркевіча, якія загінулі ў Афганістане, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак. Сярэдняя школа № 2 г. Бярозаўкі захоўвае памяць пра сваіх былых вучняў, якія не вярнуліся з афганскай вайны. Кожны год мы ўшаноўваем памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў. На сцяне нашай школы знаходзіцца мармуровая мемарыяльная дошка, на якой высечаны іх імёны. Нібы напамін: «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым»…

15 лютага 1989 года – гэта дзень, калі скончыўся пералік страт нашых салдат, афіцэраў, служачых, сярод якіх выпускнікі нашай школы Мікалай Каламыцкі і Ігар Маркевіч. 
Каламыцкі Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 15 кастрычніка 1963 года. Член ВЛКСМ. Рос адказным, сумленным, вельмі любіў маляваць. Пасля заканчэння васьмі класаў працягваў вучыцца ў Гродзенскім ПТВ №7, дзе атрымаў спецыяльнасць электраманцёра і правы вадзіцеля. 

«Прывітанне з Джалалабада. Добры дзень, мае дарагія родныя! З гарачым салдацкім прывітаннем да вас Коля. У першых радках свайго ліста хачу паведаміць, што справы ў мяне ідуць добра... Ты пытаеш, мама, як мой камандзір узвода. Ты ведаеш, з ім няшчасце здарылася. Ноччу ішлі ў гарах, і ён наступіў на міну. Але нічога, яшчэ лёгка адкарастаўся, толькі нагу крыху параніла. Але да нас у роту ўжо не прыйдзе...»

Падчас службы Мікалай знаходзіў хвілінкі для малявання. Камандаванне назначыла яго адказным за выпуск баявога лістка. У нашым школьным музеі разам з пісьмамі і фотаздымкамі захоўваецца апошні “Баявы лісток” Мікалая.

У той дзень падраздзяленне, у якім служыў Мікалай Каламыцкі, суправаджала калону аўтамашын з хлебам. Душманы, як заўсёды, напалі нечакана. Тры гадзіны працягваўся бой. Малодшы сяржант Мікалай Каламыцкі першы падняўся ў атаку, за ім кінуліся на ворага яго баявыя сябры. Душманы былі ліквідаваны...

9 красавіка1984 года малодшы сяржант Каламыцкі ў баі з душманамі быў цяжкая паранены, а 20 красавіка перастала біцца сэрца мужнага юнака.

Ігар Мікалаевіч Маркевіч нарадзіўся 16 лістапада 1967 года. Скончыў восем класаў і паступіў у Бярозаўскае ПТВ №196. У красавіку 1986 года быў прызваны ў Савецкую Армію. Пасля заканчэння вучэбнага падраздзялення служыў у Афганістане.

“Прывітанне з Кабула. Добры дзень, дарагія родныя тата, мама, Генка, Надзька і Жэнька! Вось атрымаў ад вас ліст, за які вялікі дзякуй. Справы ў мяне ідуць выдатна... Зямля тут – адна гліна. Ранічкай выйдзеш на вуліцу, нагой пастукаеш па зямлі – мёрзлая. Адразу дом успамінаю… Любіў я такое надвор'е дома – гэта ў нас ужо позняя восень, канец лістапада, снежань. Хутка, мамулька, у мяне дзень нараджэння – ужо 20, а ні кропелькі не верыцца. Здаецца, зусім яшчэ мала, ну, гадоў 16. Хутка ляціць час!..”

16 лістапада 1987 года радавому Ігару Маркевічу споўнілася 20 гадоў, а праз тры тыдні яго не стала. У баі з душманамі ён быў цяжка паранены і памёр 9 снежня 1987 года.
Гавораць, чалавек жыве столькі, колькі жыве памяць пра яго. І памяць гэта будзе жывая, пакуль мы пра гэта памятаем, пакуль мы пра гэта гаворым. Міру ўсім нам і згоды!


Текст: Паліна Піваварчык, вучаніца 11 класа СШ №2 г. БярозаўкіПаліна Піваварчык, вучаніца 11 класа СШ №2 г. Бярозаўкі
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться