Чаму ў гімназіі №1 г. Ліды на беларускай мове размаўляюць не толькі на занятках?
09 Января 2023
1298
«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі…» – з такім заклікам любіць родную мову, шанаваць яе звяртаўся да беларусаў заснавальнік крытычнага рэалізму, паэт, публіцыст, празаік і перакладчык Францішак Бенедыкт Казіміравіч Багушэвіч, з імем якога даследчыкі звязваюць развіццё і станаўленне беларускай літаратурнай мовы, а таксама зараджэнне беларускай байкі.Да кагосьці ўсведамленне мудрасці пісьменніцкіх слоў прыходзіць у маладосці, да кагосьці – у больш сталым узросце, але ёсць і такія, каго такое стаўленне наогул... абмінае. Усе мы вучылі беларускую мову і літаратуру ў школе, валодаем ёю. А ці карыстаемся? Рэдка, вельмі рэдка даводзіцца чуць беларускую гаворку на вуліцах горада. Магчыма, таму на носьбітаў роднай мовы, што ліецца сакавітай, мілагучнай песняй, заўсёды звяртаеш увагу. Іх няшмат. Але яны ёсць.
Паўплывала не толькі прафесійная дзейнасць
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 горада Ліды Таццяна Пільчук і Галіна Велькашынская размаўляюць на роднай мове не толькі падчас заняткаў, але і ў паўсядзённым жыцці. Па словах педагогаў, на гэта паўплывала не толькі іх прафесійная дзейнасць. Абедзве лідчанкі карыстаюцца беларускай мовай з дзяцінства: і Галіна Велькашынская, і Таццяна Пільчук родам з сельскай мясцовасці, скончылі беларускамоўныя школы. І, па словах настаўніц, яны настолькі з'ядналіся з роднай мовай, што нават думаюць па-беларуску. Навошта губляць час на пераклад?!
І ўжо нікога з педагогаў не здзіўляюць ні беларускамоўныя выступленні Таццяны Канстанцінаўны і Галіны Антонаўны на педсаветах, ні нават тое, што на беларускай мове вядзецца справаводства метадычнага аб'яднання. Наадварот, тое, што настаўніцы размаўляюць на роднай мове ў паўсядзённым жыцці, падштурхоўвае іх калег таксама звяртацца да выкладчыц выключна на беларускай мове. Калісьці любоў да беларускай мовы Таццяне Пільчук і Галіне Велькашынскай прывілі іх настаўніцы, а цяпер яны самі вучаць дзяцей любіць і паважаць матчыну мову.
– Нам вельмі прыемна, што гімназісты з пашанай ставяцца да роднай мовы. Гэта не можа не радаваць, – адзначаюць настаўніцы. – Нашы вучні па-беларуску размаўляюць паміж сабой, вядуць на мове старонкі ў сацыяльных сетках. Штогод да Міжнароднага дня роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага, з вялікім задавальненнем рыхтуюць мерапрыемствы: чытаюць вершы на беларускай мове, праводзяць лекторыі.
Не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца профільным беларускамоўным класам, а ў гімназіі група, якая на павышаным узроўні вывучае беларускую мову, набіраецца кожны год. Выпускнікі паказваюць добрыя веды падчас дзяржаўных іспытаў і атрымліваюць высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Сярод вучняў Таццяны Пільчук і Галіны Велькашынскай ёсць стабальнікі, пераможцы апошніх этапаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Некалькі гадоў запар гімназія займала другое месца ў краіне (пасля ліцэя БДУ) па выніках здачы ЦТ па беларускай мове.
І «Бархатное» стала «Аксамітным»
Зрэшты, не толькі асобныя лідчане, але і некаторыя арганізацыі і прадпрыемствы папулярызуюць беларускую мову. Так, у нашым горадзе ёсць асобныя гандлёвыя кропкі з беларускамоўным афармленнем. І гэта не можа не радаваць.
Матывуе размаўляць на беларускай мове і ААТ «Лідскае піва». Як адно з найстарэйшых дзеючых прадпрыемстваў Беларусі, яно ўдзяляе шмат увагі гісторыі і традыцыям, якія непарыўна звязаны з мовай. Таму любоў да мовы, жаданне ёю карыстацца і папулярызаваць яе – адзін з самых важных і неад’емных сацыяльных напрамкаў дзейнасці «Лідскага піва».
– Без перабольшання можам сказаць, што наш сацыяльны праект “Агульная дыктоўка” вядомы амаль ва ўсім свеце. За шэсць гадоў існавання праекта ў ім прыняло ўдзел больш за 5 тысяч чалавек больш чым з 30 краін свету, – расказвае спецыяліст па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва» Наталля Тур. – У розныя гады «Агульную дыктоўку» падтрымлівалі вядомыя музыкі, пісьменнікі, акцёры, рэжысёры. Сёлета тэкст дыктанта чытаў голас Мінскага метро – дыктар тэлебачання і радыё Уладзімір Баклейчаў. Для тых, хто напісаў дыктоўку на 8-10 балаў, бонусам за добрае веданне беларускай мовы стала запрашэнне ў музей Лідскага бровара.
Дабрачыннасць
Акрамя глабальных праектаў, якія ахопліваюць шмат тысяч людзей, мы ладзім і невялікія па сваіх маштабах імпрэзы, мэта якіх – навучыць нашых пакупнікоў граматна карыстацца мовай, не рабіць моўных памылак. Так, улетку была праведзена моўная гульня «Націскальнік», падчас якой усе жадаючыя маглі паспаборнічаць з іншымі ўдзельнікамі ў тым, хто лепш ведае, дзе правільна паставіць націск у тым ці іншым беларускім слове.
Таксама не варта забывацца і пра тое, што камунікацыю на беларускай мове ад імя «Лідскага піва» ў Інстаграме вядзе заснавальнік нашага завода Носаль Пупко (https://www.instagram.com/nosel.pupko/). І, уласна, у Музеі лідскага бровара, які адкрыўся на тэрыторыі нашага завода сёлета, вам заўсёды падрабязна раскажуць на беларускай мове пра гісторыю прадпрыемства, а таксама асаблівасці піваварэння.
А яшчэ выключна па-беларуску «размаўляюць» некаторыя брэнды «Лідскага піва». Напрыклад, крафтавая лінейка «Калекцыя Майстра». З 2016 года піва «Бархатное» стала «Аксамітным». Па-беларуску “размаўляе” са сваім пакупніком “Пепсі”.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







