Лідчане падзяліліся цёплымі ўспамінамі пра сваіх блізкіх

18 Ноября 2022 1815
«Ведаеце, каго можна любіць мацней за сваіх дзяцей? Сваіх унукаў!» – прызналася мне аднойчы адна сталая жанчына. І сапраўды: чаму бацькі, калісьці такія строгія ў адносінах да сваіх дзяцей, так песцяць  унучкоў? Хто пачастуе самымі смачнымі ў свеце катлетамі і на развітанне насыпле поўную кішэню цукерак? Будзе сумленна берагчы сакрэты і дазволіць глядзець мульцікі да самай ночы? Канешне, нашы любімыя бабулі і дзядулі! Іх пяшчоту, дабрыню і мудрасць мы будзем памятаць да канца сваіх дзён. Чытачы “Лідскай газеты” падзяліліся кранальнымі ўспамінамі пра сваіх родных. Да іх аповедаў далучуся і я…

Мая бабуля Вацлава жыла ў горадзе, але марыла купіць казу… Назваць яе Дуняй і пасвiць на зялёным загончыку каля свайго дома. Яна вельмі хацела рабіць казіны сыр і частаваць ім родных і знаёмых. Бабулі маёй не стала, а яе мара так і засталася няздзейсненай. Шкадую, што ў свой час я не дапамагла ёй ажыццявіцца…
Майму дзядулю Мараку 86 год, але ён яшчэ вельмі рухавы і спрытны. А яшчэ ён вельмі цікава распавядае пра свае дзіцячыя прыгоды. Кожны такі аповед  –  вандроўка па часе. Дзядуля нарадзіўся і жыў на хутары паблізу вёскі Дзітва. Аднойчы ў лесе ён сустрэўся з дзіком. Таксама быў выпадак, калі маленькага Марака ўкусіла змяя і яго бацькам прыйшлося прайсці сапраўдны “квэст”, каб з хутара хуценька даставіць дзіця ў шпіталь. А колькі заўжды рогату з гісторыі, як дзядуля пасвіў кароў! Сучасным дзецям нават цяжка ўявіць, што раней у людзей магло не быць абутку. Марак і яго сябра  не выключэнне. Таму летам па выгане хлопцы хадзілі босыя. А калі раніцою было вельмі зябка, ногі грэлі ў каровінай мачы або ў яе “ляпёшках”. 

Алесь Міхалькевіч (35 год, менеджар па рэкламе): Мой дзед Сцяпан навучыў мяне рабіць свістулькі з вольхі, варыць медавуху і разбірацца ў механіцы. Ён быў авіятэхнікам і вельмі разумным чалавекам. А яшчэ заўсёды жартаваў. Здаралася і такое, што ён балюча лупцаваў мяне крапівой па мяккім месцы. Але за гэта я не трымаю на яго крыўды. Разумею: падлеткам я быў бесклапотным і легкадумным, а строгія дзядулевы метады, магчыма, уратавалі мяне ад розных непрымнасцяў. «Дзякуй дзеду за навуку», – звяртаюся да яго іншы раз у думках, калі ўспамінаю  дзяцінства і юнацтва.

Вольга Якушава (36 год, прадпрымальніца): Майго дзядулі Анатоля няма на гэтым свеце ўжо многа год, але не праходзіць і дня, каб я пра яго не ўспамінала. Гэта быў сапраўды блізкі для мяне чалавек, які навучыў дабрыні і ветлівасці ў адносінах да іншых. Памятаю, як у яго кватэры работнікі мянялі старыя аконныя рамы. І выканалі сваю работу кепска. Калі дзядуля ўбачыў гэтую «прыгажосць», не раззлаваўся, наадварот, стаў шчыра іх хваліць: «Якія вы малайцы, хлопцы! Такія рамы добрыя мне зладзілі: новыя, прыгожыя! Каб яны яшчэ і роўныя былі б – я быў бы, бадай, самы шчаслівы пенсіянер у свеце!» Відаць, мужчынам зрабілася сорамна, бо праз некалькі дзён яны зноў прыехалі і выправілі ўсе недахопы. 

Арына Ласіцкая (24 гады, бухгалтар): Мая бабуля Валянціна Яўгенаўна ўсё сваё жыццё працавала прарабам. Сумяшчаць такую адказную прафесію і ўнукаў – тое яшчэ выпрабаванне! Таму калі на канікулах я прыязджала ў вёску, яна была вымушана браць мяне з сабой на будоўлю. Працоўная раніца там заўжды пачыналася з планёрак, і, каб я не перашкаджала, бабуля-прараб адводзіла мяне на пілараму. Але аднойчы Валянціна Яўгенаўна начыста забылася пра мяне больш чым на паўдня. Мабільных тэлефонаў у той час яшчэ не было. А паколькі пакідаць сцены будынка мне катэгарычна забаранялася, я была вымушана бавіць час сярод апілак і была гэтаму толькі рада. Павесялілася тады лепей, чым у сучасным батутным цэнтры: скакала, спявала, рабіла “дождж” з апілкаў! Канешне, пасля мне прыйшлося ўвесь гэты “цуд” доўга і старанна прыбіраць, але той день ўсё роўна застаўся ў маёй памяці як адзін з лепшых. Жадаю сваей даражэнькай бабулі здароўя і доўгіх гадоў жыцця! 


Ганна Кавальская (32 гады, шматдзетная маці)
: Мне вельмі пашанцавала, бо ў маім жыцці былі аж тры бабулі! Таму ўсё лета падзялялася на тры часткі. Першы месяц канікулаў мы з братам праводзілі ў бабулі Лёдзі, якая жыла ў нашым горадзе. Там, як звычайна ўсе дзеці, гарэзнічалі: маглі залезці на гарышча і ўкрасці кумпяк. Які ён быў смачны – дагэтуль помню гэты смак! Бабуля Лёдзя – дзіця вайны, і, вядома, шмат расказвала пра яе: як яны хаваліся ў склепе, як было страшна, як не было чаго есці. Яшчэ бабуля Лёдзя  кожны раз прыдумвала розныя казкі і распавядала нам: галоўнымі героямі, канешне, былі яе ўнукі. 
Бабуля Казя, цётка маёй маці, жыла таксама недалёка ад нашага горада, у вёсцы Даліна. Яна была, бадай, самай строгай з усіх бабуль, але з ёй было вельмі цікава. Напрыклад, яна навучыла нас гатаваць дранікі і размаўляць на розных мовах. 
Бабуля Гэля жыла ў Мінскай вобласці ў вёсцы Гірбіняты. Яна штораніцы гатавала бліны ці сырнікі – яны былі самымі смачнымі. У вёсцы ўлетку працавалі на агародзе, пасвілі кароў, па сцяжынцы за некалькі хвілін можна было схадзіць у лес па грыбы ды ягады. Памятаю, як бабуля Гэля за адзін кароткі вечар навучыла мяне вязаць. 
Калі маіх любімых бабуль не стала, маё дзяцінства скончылася. Нават цяпер мне іх вельмі не хапае. Беражыце сваіх родных!





Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться