Спас – усяго пра запас. Пад такой назвай адбылося фальклорнае свята ў аграгарадку Дзітва
У мінулую пятніцу тых, хто падыходзіў вечарам да Дзітвянскага дома культуры, сустракаў прыгожа накрыты стол, на якім на падносах і блюдах былі маляўніча раскладзены яблыкі і іншая садавіна. Гэта адразу настройвала на тэму імпрэзы, якую арганізавалі мясцовыя культработнікі, – святкаванне Яблычнага Спасу.
– Мы шануем традыцыі нашага народа, – казала журналісту загадчыца Дома культуры Таццяна Каплун. – Безумоўна, данесці іх да маладога пакалення імкнёмся праз фальклорныя мерапрыемствы, у тым ліку з нагоды такіх свят, як Каляды, Купалле, Яблычны Спас. А сёлета, у Год гістарычнай памяці, гэта асабліва актуальна. Недарэмна на нашу імпрэзу мы запрасілі не толькі дарослых жыхароў Дзітвы, але і дзяцей. Тым больш што зараз падлеткі са ўсяго раёна адпачываюць у школьным аздараўленчым лагеры “Эрудыт”.
Таксама хачу сказаць, што я шчыра дзякую кіраўніку фермерскай гаспадаркі Галіне Бадзяк, якая падаравала садавіну, каб багата накрыць наш святочны стол.
У тэатралізаваным дзеянні, якое прапанавалі прысутным, асаблівая роля адводзілася ганароваму госцю – іерэю Леаніду Вабішчэвічу. Айцец Леанід расказаў прысутным аб сэнсе Яблычнага Спасу і з малітваю акрапіў дары саду, якія размяшчаліся на стале.
Пазней, у гутарцы з журналістам, бацюшка адзначыў:
– Зараз па рэлігійных канонах ідзе Успенскі пост, і ўдзел ва ўвесяляльных мерапрыемствах прымаць не належыць, але я не мог не адгукнуцца на просьбу культработнікаў прыйсці на арганізаванае імі фальклорнае свята. Зранку я правёў службу ў царкве ў Мыто, затым наведаў прыхаджан Баброўскай царквы, пад самы вечар адслужу малебен у храме Дзітвы. І разам з тым пэўны час адвёў для таго, каб пагутарыць з тымі, хто сабраўся ля Дома культуры. Вы, напэўна, заўважылі, колькі сярод прысутных моладзі? Вельмі хацелася ім данесці, што сутнасць Яблычнага Спасу не толькі ў тым, каб асвяціць дары новага ўраджаю. 19 жніўня – свята Пераўтварэння Божага. Па біблейскім паданні, Бог паклікаў трох сваіх вучняў на гару Фавор і стаў там маліцца. Вучні ўбачылі, як пераўтварылася яго адзенне, а твар пасвятлеў. Дык вось, Бог паказаў, што пераўтварэнню папярэднічала праца: перад гэтым быў нялёгкі шлях на гару Фавор. І кожны можа зняніць жыццё да лепшага, толькі трэба прыкладаць старанні і намаганні. А адна з традыцый Яблычнага Спасу – асвячэнне яблыкаў і іншай садавіны.
Падчас імпрэзы размова ішла пра новы ўраджай садавіны, і, вядома, пра яблыкі. Дарэчы, адным з персанажаў тэатралізаванага дзеяння з гульнямі, конкурсамі была Яблынька.
– Гэтую ролю далі мне, – казала журналісту культработнік Ксенія Герцкая. – Я прыйшла на працу ў Дзітвянскі дом культуры 1 жніўня гэтага года пасля заканчэння Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Фальклорнае свята “Спас – усяму запас” – другое па ліку мерапрыемства, у якім я ўдзельнічаю. Разам з калегамі мы імкнёмся далучыць прысутных да цікавага дзеяння, зрабіць так, каб кожны стаў яго ўдзельнікам.
Трэба сказаць, што дзітвянскім культработнікам гэта ўдалося.
– Вельмі цікава. Я люблю яблыкі, стравы з іх, але не ведала, што з гэтай садавінай звязана так многа пазнавальнага, – казала Дамініка Дулько, вучаніца гімназіі №1, якая адпачывае ў аздараўленчым лагеры “Эрудыт”.
– На мерапрыемства прыйшлі ўсе тры пакаленні нашай сям’і, – адзначыла мясцовая жыхарка Ганна Бубен. – Акрамя мяне тут мама Бярнарда Кедык, мая дачка Біята і пляменніца Насця. Яблычны спас – гэта рэлігійнае свята, якое мае свае традыцыі. Іх падтрымліваем я і мая мама і будуць падтрымліваць дзеці.







