Каб папярэдзіць агонь на жытнёвых палях

06 Августа 2022 3139
Нарэшце ізноў настала для жніва спрыяльнае надвор’е: скончыліся дажджы. Але з гарачынёй прыйшла для вырашчанага ўраджаю іншая небяспека – пажарная.

 Каб папярэдзіць гэту бяду, пракантраляваць выкананне ўсіх правіл пажарнай бяспекі пры палявых работах, штодзённа туды выязджаюць дзве аператыўныя групы супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. З адной з такіх груп, якую ўзначальваў начальнік райаддзела Дзмітрый Бяляўскі, у рэйд адправіўся і карэспандэнт “Лідскай газеты”.

Па дарозе Дзмітрый Іванавіч расказаў, што ўсе работнікі сельгапрадпрыемстваў, якія задзейнічаны на ўборцы ўраджаю, яшчэ да яе пачатку прайшлі навучанне па пажарна-тэхнічным мінімуме і атрымалі адпаведныя пасведчанні. Каб пазбегнуць гібелі ўраджаю на полі, там павінна пастаянна прысутнічаць спецыяльная тэхніка: трактар з плугамі (які ў прафілактычных мерах абворвае абочыну поля, каб, напрыклад, выкінуты акурак не падпаліў іржышча або, пры ўзгаранні поля, павінен абараць ачаг і перашкодзіць агню распаўсюдзіцца па ўсёй плошчы), і іншая тэхніка для тушэння пажара. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы (як ААТ “Лідахлебапрадукт) заключаюць дамовы з аддзелам па надзвыйчайных сітуацыях, і тады на полі са спецтэхнікай дзяжураць яго супрацоўнікі, іншыя маюць абучаных людзей сярод сваіх работнікаў (дабравольныя дружыны) і забяспечваюць гэты працэс самі.
 Наш маршрут пралягаў праз прыгожыя мясціны Панямоння: рознакаляровыя палісаднікі вёсак змяняліся разнатраўем лугоў і зеленню лясоў. Вось мы на жытнёвым полі, якое належыць КСУП “Пескаўцы”.

 І тут нас чакала непрыемнасць: на рагу гэтага поля адна з апор электраперадач была нахілена і трымалася толькі на правадах, якія ў любы час маглі парвацца і ўпасці на зямлю або зачапіць таго, хто быў побач. Без перабольшвання, склалася смяротная небяспека. Рэакцыя Дзмітрыя Іванавіча была імгненнай: ён патэлефанаваў у раённую службу электрычных сетак і паведаміў пра здарэнне. Была накладзена забарона працаваць у небяспечнай зоне, а наводдаль, каб не падвяргаць рызыцы жыццё і здароўе людзей, быў выстаўлены пост. Дарэчы, як потым высветлілася, работнікі сельгаспрадрыемства яшчэ да нашага прыезда таксама паведамілі аб гэтым ў РЭС, і рамонтная брыгада ўжо накіроўвалася туды для прадухілення бяды. 

 І толькі потым супрацоўнікі райаддзела прыступілі да праверкі наяўнасці і спраўнасці вогнетушыцеляў на камбайнах і ў машынах, якія задзейнічаны на адвозцы зерня; тэхнікі з практычнай падачай вады. Работу трактара з плугамі мы ўбачылі здалёк, яшчэ пры пад’ездзе да поля.

 Трэба аддаць належнае, грубых парушэнняў выяўлена не было. Усе рабочыя заўвагі і пажаданні супрацоўнікамі КСУП “Пескаўцы” былі выслуханы спакойна, нават зацікаўлена.

 Падводзячы вынік рэйда, Дзмітрый Бяляўскі паведаміў, што падчас праверак і ў іншых гаспадарках, куды выязджалі раней, таксама вялікіх недахопаў не заўважана. Людзі адказна адносяцца да сваёй працы, прадухілення небяспечных сітуацый і, што не менш важна, шмат увагі надаюць захаванню паспелага ўраджаю.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться