Жывіце без надзвычайных сітуацый! Вёску Дакудава наведалі члены аглядавай камісіі Траццякоўскага сельвыканкама
21 Июля 2021
2849
У Лідскім раёне аглядавыя камісіі існуюць пры кожным сельвыканкаме, Бярозаўскім гарвыканкаме, жыллёва-камунальных службах. Створаныя яны для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, з мэтай папярэдзіць пажары і гібель людзей на іх у жыллёвым фондзе. У поле зроку камісій у першую чаргу трапляюць тыя домаўладанні, у якіх пражываюць грамадзяне, схільныя да рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый. А гэта сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шматдзетныя сем’і, адзінокія і адзінока пражываючыя, інваліды першай і другой груп, а таксама грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і стаяць на рознага роду ўліках.
Як адзначыла сакратар камісіі Траццякоўскага сельвыканкама, старшы інспектар Траццякоўскага сельвыканкама Алена Канатоўская, на тэрыторыі сельсавета ўжо абследавана 97 працэнтаў такіх домаўладанняў, выяўлена 13 парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі: не адпавядаюць у нечым патрабаванням пячное ацяпленне і электраправодка. Для іх ухілення прынятыя розныя меры. Адным патрэбна падтрымка з боку раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, мясцовай гаспадаркі, сельвыканкама. Праблему іншых могуць рашыць дзеці, якія пражываюць асобна. Ну, а некаторых нядбайных гаспадароў, якія сябруюць з бутэлькай, трэба проста прымушаць зрабіць бяспечнымі ўмовы пражывання ў сваім доме, і да іх наведваюцца зноў і зноў.
«Мы раім вам...»
У час рэйду ў вёсцы Дакудава ў полі зроку ўдзельнікаў камісіі была такая катэгорыя, як адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, якія маюць у дамах пячное ацяпленне. Адразу адзначу, што ў кожнай з хат, якія наведвалі ўдзельнікі камісіі, гаспадары да іх ставіліся вельмі прыветліва, дзякавалі, што клапоцяцца аб іх бяспецы. Дарэчы, і самі ўдзельнікі рэйду вельмі па-добраму адносіліся да вяскоўцаў, бо галоўная задача такіх вось абходаў – не пакараць за якое-небудзь парушэнне, а дабіцца таго, каб яно было ўхілена і жыццё і здароўе людзей, іх маёмасць былі ў бяспецы.– Дзякуй вам: у вас у плане электрагаспадаркі ўсё зроблена так, як належыць, – казаў інспектар па энергетычным наглядзе Лідскага міжраённага аддзялення філіяла “Энерганагляд” Андрэй Боландзь Уладзіміру Пятровічу Барысевічу. – Бо правілы бяспекі патрабуюць, каб праводка была ўкладзена ў кабельны канал, была выключана магчымасць пракладкі па згараемай аснове, былі ўстаноўленыя аўтаматычныя выключальнікі на лічыльніку.
Па словах Андрэя Станіслававіча, на жаль, ёсць нямала і такіх грамадзян, якія не грэбуюць пробкамі з жучкамі. У працяг гутаркі інспектар па энерганаглядзе расказаў аб неабходнасці таго, каб свяцільнікі ў доме мелі ахоўныя рассейвальнікі, а разеткі і выключальнікі былі цэласнымі (на што ён у час рэйду таксама звяртае ўвагу) і не мелася дотыку да адкрытых вядучых правадоў рукамі.
Ёсць добрая нагода
У дамах адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян вельмі важная наяўнасць пажарнага апавяшчальніка. І гэта пытанне таксама было на кантролі ва ўдзельнікаў рэйду.– Кожны дзень наведваю сваю падапечную Альфрэду Пятроўну, бо яна інвалід па зроку, – кажа сацыяльны работнік Галіна Акола. – А калі жанчына застаецца адна, безумоўна, спакайней на душы, калі ведаеш, што ў доме ўстаноўленыя два пажарныя апавяшчальнікі: адзін – у пакоі, другі – вонкавы.
А вось у доме ветэрана працы Ганны Іванаўны Васілеўскай члены камісіі, выявіўшы, што не працуе пажарны апавяшчальнік, адразу замянілі батарэйку.
Дарэчы, журналіста ўразіла, з якімі цеплынёй і адказнасцю сама Вольга Фёдараўна і тыя сацыяльныя работнікі, якіх мы сустрэлі пры абходзе вяскоўцаў, ставяцца да сваіх падапечных. Акрамя агляду, ці ўсё ў парадку ў плане беспекі, гутарка пры наведванні ішла пра ўсе надзённыя патрэбы састарэлых адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, і яны браліся на заметку.
Трэба сказаць, што ўдзел у аглядавай камісіі дае магчымасць непасрэдна на месцы весці прафілактычную работу не толькі ў плане пажарнай бяспекі. Як адзначыў участковы інспектар Лідскага РАУС Сяргей Гядзько, у час рэйду па вёсцы ён пільна сочыць, ці не трапіў хто пад мерапрыемствы спецыяльнай праграмы “Мак” і ці ўсё адпавядае патрабаванням захаванасці асабістай маёмасці. Нагадаць вяскоўцам аб гэтых правілах участковы інспектар лічыць нялішнім.
У сваю чаргу, карыстаючыся выпадкам сустрэчы з кіраўніком мясцовай улады, дакудаўцы казалі аб сваіх патрэбах. Пытанні тычыліся добраўпарадкавання могілак, абсталявання на вуліцы “ляжачага паліцэйскага”. Безумоўна, пажаданні вяскоўцаў не застануцца без увагі старшыні сельскага Савета.

0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.