Жыццёва важныя ініцыятывы. Карэспандэнт “Лідскай газеты” і Лідскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання адзначаны ў конкурсе праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі
Пачынаючы з 2017 года, у шаснаццаці раёнах Гродзенскай і Мінскай абласцей (у тым ліку Лідскім) пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, тэхнічнай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа і ў супрацоўніцтве з органамі ўлады рэалізоўваўся праект "Пашырэнне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі». Праект будзе завершаны ў 2021 годзе, а зараз падводзяцца яго прамежкавыя вынікі. Падзякаваць за праведзеную працу былі прызваны конкурсы «Лепшы сацыяльны партнёр», «Лепшае асвятленне ў СМІ» і «Лепшы валанцёр». Узнагароджанне пераможцаў адбылося напрыканцы мінулага тыдня ў рамках двухдзённага форуму ўдзельнікаў праекта.
Арганізатар сустрэчы – Гродзенская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа. Падчас яе ішла размова аб вялікай колькасці рэалізаваных жыццёва важных спраў. Кожны з прысутных змог падзяліцца вопытам рэалізацыі ініцыятыў у сваім рэгіёне і паўдзельнічаць у майстар-класах.
– Дзякуючы праекту функцыянуе 21 ініцыятыўная група ў Гродзенскім, Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Лідскім, Астравецкім, Смаргонскім, Шчучынскім раёнах. У іх рэалізавана 29 валанцёрскіх ініцыятыў, аказана падтрымка 1229 бенефіцыярам, уцягнутыя ў аказанне сацыяльных паслуг 485 валанцёраў, – адзначала рэгіянальны каардынатар праекта ў Гродзенскай вобласці Маргарыта Лявонава.
Адна з ініцыятыў рэалізоўвалася ў Лідскім раёне, на базе цэнтра сацыяльнаа абслугоўвання насельніцтва.
– Пачынаючы з кастрычніка 2019 года, пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Лідскага РАУС, Лідскага раённага аддзела па НС, Лідскай ЦРБ і разам з валанцёрамі, лідчанамі пажылога ўзросту, якія наведваюць клуб «Актыўнае даўгалецце», мы рэалізавалі міні-ініцыятыву «Служба «Сацыяльны экспрэс», – расказвае загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ЦСАН Ірына Саўчык. – Сваім клопатам валанцёры ахапілі ў асноўным адзінокіх пажылых жыхароў сельскай мясцовасці. Нашай мэтай было навучыць іх адказным адносінам да ўласнай бяспекі і бяспекі навакольных людзей, узаемадзеянню, супрацоўніцтву, неабходным для папярэджання небяспечных сітуацый, спосабам першай дапамогі, прафілактыцы дэменцыі і вірусных інфекцый, у тым ліку каранавіруса. Навучанне ажыццяўлялася праз працу інтэрактыўных пляцовак (правядзенне выязных навучальных заняткаў «Азбука бяспекі пажылога чалавека») па прынцыпе «пажылы – пажылому» са стварэннем груп сямейнай падтрымкі і наведваннем дома адзінокіх, адзінока пражываючых пажылых грамадзян, а таксама інвалідаў са зніжанай рухальнай актыўнасцю. Адной з мэт было і непасрэдна развіццё валанцёрскага руху.
Важнасць валанцёрства падкрэслівалася падчас сустрэчы зацікаўленых. “Варта прадастаўляць валанцёрам магчымасць рэалізоўваць уласныя ідэі, падтрымліваць у высакародным жаданні дапамагаць іншым людзям, – адзначала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Наталля Талкачова. – Што датычыцца вынікаў нашых конкурсаў, то тут хацелася б сказаць словы падзякі тым арганізацыям, якія дапамагалі нашым валанцёрам рэалізоўваць іх ініцыятывы, сродкам масавай інфармацыі, якія асвятлялі нашы праекты.
Па выніках конкурсу «Лепшы сацыяльны партнёр», куды было пададзена адзінаццаць заявак, дыпломам другой ступені ўзнагароджаны Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, яго ініцыятыва “Служба “Сацыяльны экспрэс” прызнана адной з лепшых на нацыянальным узроўні. На конкурс на лепшае асвятленне ў СМІ падалі дзевяць заявак. Першае месца сярод журналістаў друкаваных СМІ заняла карэспандэнт “Гродзенскай праўды". Сярод аўтараў матэрыялаў адзначаны таксама рэдактар аддзела сацыяльных пытанняў “Лідскай газеты” Вольга Яхантава.