Сям’я Міхаловічаў – залатыя юбіляры Лідчыны: «Патрэбна не толькі каханне, але і цярплівасць, павага, уменне ўступаць»
04 Октября 2020
1824

Колькі ўсяго ўмяшчае адрэзак часу ў 50 гадоў сумеснага жыцця! І, дарэчы, само жыццё людзей сталага пакалення цесна звязана з тым, што адбывалася наўкола, што ў розныя гады лічылася мерай каштоўнасцей. Зыгмунд Пятровіч успамінае, як пасля заканчэння васьмі класаў Першамайскай школы захацеў атрымаць спецыяльнасць “механізатар” і падаўся для гэтага не абы куды, а ў Казахстан, дзе ў той час паднімалі цаліну. Праз два гады вярнуўся дадому, трохі працаваў трактарыстам, а потым авалодаў такарнай справай. Як тады лічылася, маеш рабочую прафесію – без кавалка хлеба ніколі не застанешся. У гэты час лёс падараваў і важную для маладога чалавека сустрэчу. Адбылася яна на мясцовых танцах, якія лічыліся адным з важных момантаў правядзення вольнага часу моладзі. Хлопец запрымеціў маладзенькую танклявую прыгажуню і без яе сябе ўжо не ўяўляў. Шаснаццацігадовай Леанардзе Зыгмунд таксама спадабаўся, таму, калі хлопец праходзіў тэрміновую вайсковую службу, ахвотна адказвала на яго пісьмы. Пасля вяртання Зыгмунда з арміі дамоў ён зрабіў Леанардзе прапанову стаць яго жонкай. Дзяўчына не адмовіла. Акрамя афіцыйнай рэгістрацыі, шлюб заключылі ў касцёле, нягледзячы на тое што тады атэістычная прапаганда была пастаўлена ў грамадстве на даволі сур’ёзным узроўні.

Значную частку свайго жыцця Леанарда Станіславаўна і Зыгмунд Пятровіч аддалі торфабрыкетнаму заводу “Дзітва”. Зыгмунд Пятровіч лічыўся адмысловым токарам на прадпрыемстве. Больш таго, быў выдатным рацыяналізатарам, што пацвярджаюць і шматлікія граматы, якія захоўваюцца ўсё ў тым жа старым сямейным альбоме разам з дарагімі сэрцу фотаздымкамі. Леанарда Станіславаўна на заводзе працавала на розных пасадах: бухгалтарам, у заводакіраўніцтве, прадаўцом у заводскім магазіне. Яе грамата за актыўны ўдзел у заводскай мастацкай самадзейнасці падштурхнула мяне пацікавіцца ў мужа і жонкі, як віравала іх тагачаснае жыццё, якія прыемныя падзеі яны ўспамінаюць.
– Дзеці нарадзіліся, кватэру маем, вырашылі стаць у чаргу для пакупкі аўтамабіля. Думалі, не дачакаемся, калі яна падыдзе, ажно да радаснай падзеі не так і многа часу прайшло, – расказвае Зыгмунд Пятровіч. – Свае грошы сабралі, сваякі сродкамі падсабілі, і мы набылі “Жыгулі”. Уяўляеце, колькі радасці было, ды і зручнасць якая! Селі сабе ў выхадны дзень у машыну і паехалі, напрыклад, у Ліду, а затым у госці да родных у Першамайскі. Потым гэтыя “Жыгулі” змянілі на аўтамабіль больш сучаснай мадэлі – “васьмёрку”. А цяпер, калі машыны на розны густ амаль у кожным двары, купляць нешта новае не сталі – калі якая патрэба, дык дзеці на сваіх аўтамабілях падкінуць. Дарэчы, на дачу нам дабірацца не трэба. Маем участак непадалёку ад дома, бо без работы на зямлі, як і многія людзі нашага пакалення, сябе не ўяўляем.
– Вось вы тут яшчэ заўважылі мой удзел у мастацкай самадзейнасці, – звяртаецца да мяне Леанарда Станіславаўна. – Ведаеце, 70-я, 80-я і нават 90-я гады адрозніваліся тым, што людзі імкнуліся бавіць час супольна. Мы ў госці вельмі часта хадзілі адзін да аднаго. Цяпер не так. А з якой ахвотай на экскурсіі ездзілі! Прадпрыемствы і арганізацыі нярэдка тады давалі сваім работнікам магчымасць паездкі. Давялося нам пабываць у Маскве, Калінінградзе і нават у Балгарыі. Падарожнічалі і самастойна: адпачывалі на моры ў Крыму, у Ленінград і Польшчу ездзілі. Словам, сумна не было.
Завяла я з мужам і жонкай Міхаловічамі і размову пра сакрэт сямейнага даўгалецця. Яны адзначылі, што не адкрыюць нічога новага ў трываласці сямейнага жыцця: патрэбна не толькі каханне, але і цярплівасць, узаемаразуменне, павага, уменне ўступаць. Маўляў, бывала, і яны спрачаліся, кожны адстойваў свой пункт погляду, але заўсёды прыходзілі да агульнай высновы. А яшчэ вельмі важна быць ў міры і згодзе з роднымі тваёй другой паловы. Дарэчы, шмат гадоў у сям’і Міхаловічаў жыла цётка Леанарды Станіславаўны – Юзэфа. Зараз разам з імі пражывае маці Зыгмунда Пятровіча – Уладзіслава Вінцэнтаўна. Жанчыне 95 гадоў, але розум, памяць у яе – дай Бог кожнаму ў такім узросце. Уладзіслава Вінцэнтаўна расказала мне нямала фактаў са сваёй доўгай біяграфіі (дарэчы, працавала яна таксама ў торфаперапрацоўчай галіне), а ў канцы падвяла вынік: “Усякае было, але я адчуваю сябе шчаслівай”.
“А ці адчуваеце сябе шчаслівымі вы пасля паўвека сумеснага жыцця?” – пацікавілася я ў Зыгмунда Пятровіча і Леанарды Станіславаўны. Муж і жонка ў адказ на гэта пытанне вельмі цёпла пераглянуліся паміж сабой, і Зыгмунд Пятровіч, усміхнуўшыся, зазначыў: “Каб на дадзены момант давялося жаніцца, дык мы зноў злучаліся б у пару”.
А яшчэ, безумоўна, шчасце кожнай сям’і – у дзецях і іх прадаўжэнні. Той галінцы, якая адышла ад іх сямейнага дрэва, муж і жонка радуюцца. Дачка Святлана працуе ў Ганчарах у школе, сын Валерый – у водаканале, жыве ў Дзітве. Не нахваляцца бацькі таксама нявесткай і зяцем. З гонарам расказваюць і пра чацвярых унукаў. Трое з іх ужо скончылі ВНУ і набылі прафесіі, якія ім падабаюцца, так што зараз сярод блізкіх людзей ёсць ваенны, урач, работнік упраўлення чыгункі. Дарэчы, гонар узаемны. Таму і быў званок з боку родных Леанарды Станіславаўны і Зыгмунда Пятровіча ў рэдакцыю “Лідскай газеты”: “У дарагіх нам людзей залаты юбілей. Пражылі паўвека ў згодзе, чаму і іншым можна павучыцца”. Хіба магла газета прапусціць такі факт і не расказаць пра яго чытачам?
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.