«У людзей, якія незаконна перамяшчаюць тавары праз мяжу, фантазія вельмі багатая». Гісторыя аб тым, як настаўнік матэматыкі і фізікі стаў мытнікам
20 Сентября 2020
1959

– Па першай спецыяльнасці я настаўнік матэматыкі і фізікі, сваю працоўную дзейнасць пачынаў у СШ №14, – расказвае суразмоўца. – Але лёс склаўся так, што ў школе я не затрымаўся надоўга: навучальную ўстанову змяніў на лакафарбавы завод. У той час на гэтым прадпрыемстве знаходзіўся пункт мытнага афармлення, куды я і ўладкаваўся. Ужо пры першай сустрэчы з новай працай у мяне ёкнула сэрца: гэта маё, гэта тое, да чаго ляжыць душа і дзе я змагу рэалізавацца. Мытная служба закранае эканамічныя і юрыдычныя пытанні, у той жа час не выключае логіку і псіхалогію – такія рознабаковасць і шматзадачнасць прыцягваюць. Да таго ж сіні колер формы мне да твару (ўсміхаецца).
Сяргей Іваноўскі – выдатнік: ён скончыў СШ №1 з залатым медалём, Гродзенскі інстытут – з чырвоным дыпломам. Калі ўжо ён за нешта бярэцца, то робіць гэта максімальна адказна, якасна, заўсёды даводзіць пачатае да канца. Таму і “Лакафарба” стала ўсяго толькі прамежкавым месцам працы Сяргея Мікалаевіча. Але менавіта яе можна лічыць кропкай адліку кар’ернага росту. Як расказаў наш герой, праз некаторы час ён перайшоў у пункт мытнага афармлення “Ліда” пры чыгунцы. Перад гэтым, вядома, прайшоў пільны адбор, адвучыўся ў адпаведнай навучальнай установе – дзяржаўным інстытуце перакваліфікацыі і падрыхтоўкі мытных органаў Беларусі.
– Чытачу наўрад ці будуць цікавыя ўсе падрабязнасці майго прафесійнага станаўлення. Адзінае, што скажу: да пасады намесніка начальніка пункта пропуску “Беняконі” я ішоў паступова, рос разам з мытнымі органамі, – удакладніў суразмоўца.
Пункт пропуску “Беняконі” жыхарам Лідскага рэгіёна добра знаёмы: ён знаходзіцца ў суседнім, Воранаўскім, раёне і размешчаны на беларуска-літоўскай мяжы.
У мытнікаў усіх краін (а транзітных, як Беларусь, асабліва) можна акрэсліць такія асноўныя задачы, як абарона эканамічнай бяспекі краіны, недапушчэнне ўвозу ці вывазу забароненых тавараў, а таксама забеспячэнне максімальна хуткага праходжання мяжы як грамадзянамі, так і перавозчыкамі.
Прынамсі, для паскарэння здзяйснення мытных аперацый і спрашчэння праходжання мяжы мытнымі органамі ўдасканальваюцца формы і метады кантролю, з’яўляюцца новыя праграмныя прадукты, ажыццяўляецца пераход да электроннага дэкларавання. І пункт пропуску “Беняконі” тут не выключэнне. З развіццём тэхналогій усё большую папулярнасць набірае магчымасць ажыццяўляць неабходныя аперацыі ў аўтаматычным рэжыме, без удзелу супрацоўнікаў мытных органаў. У хуткім часе ў рамках міжнароднага праекта “Умацаванне патэнцыялу ў сферы выяўлення, процідзеяння і спынення незаконнага абароту радыёактыўных матэрыялаў на дзяржаўнай мяжы Беларусі” тут з’явіцца яшчэ і абсталяванне радыяцыйнага кантролю.
На мытным пасту “Беняконі” выяўляліся такія парушэнні, як незаконнае перамяшчэнне транспартных сродкаў, кветак, рознага іншага тавару, калі перавозчык заніжае вартасць, каб не плаціць плацяжы. Былі і транспартныя сродкі, дзе перабіваліся VIN-нумары. Спрабавалі перамясціць у тайніках і зброю, і наркатычныя сродкі, і неапрацаваны бурштын. На чыгуначнай станцыі “Ліда”, дзе знаходзіцца структурнае падраздзяленне паста “Беняконі”, у пачатку жніўня гэтага года мытнікамі была выяўлена сур’ёзная кантрабанда: у жалеза-бетонных плітах парушальнікі спрабавалі перавезці больш за 800 карабоў цыгарэт. Замест грашовага прыбытку яны атрымалі прадугледжанае заканадаўствам пакаранне. “Наогул, у людзей, якія незаконна перамяшчаюць тавары праз мяжу, фантазія вельмі багатая. Аднак ёсць выпадкі, якія інакш чым недарэчнымі не назавеш. Жанчына перасякала мяжу. У багажніку яе аўтамабіля была знойдзена паветраная вінтоўка. Ружжо пасля сустрэчы і актыўнага адпачынку туды паклаў муж, а дастаць забыўся. З-за гэтай няўважлівасці ў сям’і цяпер пэўныя непрыемнасці”, – не ўдаючыся ў падрабязнасці, сказаў Сяргей Іваноўскі.
Праца мытні ў 2020 годзе праходзіла ў штатным рэжыме, хаця сусветная сітуацыя з COVID-19 і аказала пэўны ўплыў. У прыватнасці, скараціўся легкавы паток, зменшылася колькасць турыстаў. Разам з тым паток грузавых транспартных сродкаў у пункце пропуску “Беняконі” па выніках 8 месяцаў гэтага года, наадварот, вырас. Гэта гаворыць аб высокай дзелавой актыўнасці суб’ектаў гаспадарання і транзітнай прывабнасці Беларусі, у якой ствараюцца неабходныя ўмовы для развіцця бізнэсу.
Віншаванні з прафесійным святам мытнікаў лідчанін Сяргей Іваноўскі прымае ўжо 15 год запар. На пытанне журналіста “Лідскай газеты”, якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік мытнай службы, наш герой не задумваючыся адказаў: гібкасцю розуму, працаздольнасцю, аб’ектыўнасцю, прынцыповасцю, уменнем аналізаваць, прымаць рашэнні.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.