З прафесійным святам! Валадары лесу – харвестары, форвардары, або Справа тэхнікі Іосіфа Івуця
20 Сентября 2020
1022
Галоўны механік Лідскага лясгаса Іосіф Івуць восенню адзначае два прафесійныя святы – Дзень работнікаў лесу і Дзень аўтамабіліста (апошняя нядзеля кастрычніка).Але першым па значнасці для яго, ды і першым у календары стаіць менавіта Дзень работнікаў лесу. Так склаўся лёс, што Іосіф Пятровіч, абраўшы сваёй прафесіяй тэхніку, працаваў на шэрагу прадпрыемстваў Лідчыны. Але восем гадоў таму прыйшоў у лясгас, дзе застаўся і зразумеў: гэта яго месца.
Сваю працоўную дзейнасць Іосіф Івуць пачынаў у 1977-м, калі пасля сканчэння Лідскага індустрыяльнага тэхнікума прыйшоў на аўтакамбінат №3 вадзіцелем аўтамабіля. З таго часу тэхніка і стала неад’емнай часткай яго жыцця. Працаваў на тым жа аўтакамбінаце старшым інжынерам па бяспецы руху, начальнікам калоны, намеснікам дырэктара па перавозках – 27 год аддаў прадпрыемству.
Непрацяглы час працаваў на заводзе “Оптык”, у ГВФ “Ліда”, на камбінаце школьнага харчавання – і ўсюды займаўся аўтатранспартам і тэхнапаркам. А потым, у 2013 годзе, яго запрасілі ў лясгас – прадпрыемства, дзе вытворчы працэс немагчымы без складанай цяжкавагавай тэхнікі. Вялізны тэхнапарк харвестараў, форвардараў і іншай тэхнікі цяпер у надзейных руках.
– Арсенал Лідскага лясгаса складаюць 117 адзінак транспарту, – расказвае Іосіф Пятровіч. – Гэта прычэпы і паўпрычэпы, матацыклы, на якіх леснікам лепей за ўсё рухацца па лесе, і шматлікая іншая тэхніка. Паколькі асноўная работа лясгаса – нарыхтоўка і перавозка драўніны, – выкарыстоўваюцца восем сартыментавозаў (лесавозаў) з прычэпамі. Парк абнаўляецца штогод. Сёлета, напрыклад, лясгас набыў новы сартыментавоз з прычэпам, дзве пагрузачна-транспартныя машыны і адзін паўпрычэп. У мінулым годзе абнавіў чатыры пагрузачна-транспартныя машыны, якія таксама занятыя на перавозцы драўніны. У гэтым жа годзе мы набылі харвестар “Kamatsu” вытворчасці Швецыі. Усяго ў парку чатыры харвестары і тры форвардары, занятыя на спілоўванні, абрэзцы і перавозцы лесу.
Лідскі лясгас дастаткова забяспечаны тэхнікай, і ўтрымліваецца яна ў ідэальным парадку. Іосіф Івуць сочыць за выпускам аўтамабіляў на лінію ў тэхнічна спраўным стане, абслугоўваннем і правядзеннем тэхнічнага агляду, падрыхтоўкай транспарту да тэхагляду. “Графікі складзеныя на год наперад, – адзначае галоўны механік. – Рыхтуемся загадзя”. У яго кампетэнцыі – атрыманне дарожных дазволаў на цяжкавагавую тэхніку, спісанне і рэгістрацыя транспарту і іншыя пытанні. Іосіф Пятровіч вядзе работу па бяспецы дарожнага руху, інструктажы, заняткі з вадзіцелямі. Вялікіх парушэнняў і ДТЗ у лясгасе няма.
Для працы са спецыфічнай лесанарыхтоўчай тэхнікай патрабуюцца навыкі і кваліфікацыя. “Калектыў вадзіцеляў у нас апошнім часам абнавіўся, але зараз згуртаваны і працуе добра, – расказвае Іосіф Івуць. – Дарэчы, рашэннем агульнага сходу кандыдатуры траіх нашых вадзіцеляў мы накіравалі ў Мінтранс для ўзнагароджання нагрудным знакам “За работу без аварый” ІІІ ступені”.
Іосіф Івуць прызнаецца: ён ні разу не пашкадаваў, што абраў тэхніку і што лёс прывёў яго ў лясгас. Гэта справа жыцця, якую ён выконвае заўсёды бездакорна. Да прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу – Іосіф Пятровіч атрымаў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў. Узнагароду лічыць падставай працаваць, не паніжаючы планку.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






