Жыхар Ліды задаецца пытаннем: чаму для сабакаводаў сабака заўсёды на першым плане, а чалавек – на другім
16 Июля 2020
2055
Тэма, на якую я адважыўся напісаць артыкул, магчыма, не зусім этычная і не вельмі прыемная, але ўсё ж злабадзённая і, я думаю, вартая ўвагі чытача. У гэтым можна пераканацца на фактах. На металічных варотах аднаго двара вісела таблічка: «Внимание! Во дворе злая собака! Если она вас не загрызет, то я застрелю».
Такія адносіны да нас, прахожых, выражаюць псіхалогію, бадай, не аднаго сабакавода.
Праўда, нябедны гаспадар ужо зняў таблічку, якая палохала людзей. Ці то ён сам дапетрыў, што залішне перебраў са сваімі пагрозамі, ці, магчыма, хто патэлефанаваў у міліцыю і тая загадала зняць такую шыльду.
А вось на варотах, за якімі красуецца не меншая двухпавярховая мураванка-катэдж, адпаведная таблічка трымаецца ўжо многа гадоў. Чытаем: “Внимание! Злая собака. А хозяин еще хуже». Чым не самарэклама? Гаспадар горшы за сабаку! А вы хочаце прывітацца з ім за руку… Тут таксама свайго роду немалая пагроза, але больш мяккая. З крыміналам не мяжуе.
Праходжу міма новага парку, і тут якраз муж з жонкай прывялі (гэта непадалёку ад Кургана Бяссмерця) на выгул здаравенную аўчарку. Муж адчапіў павадок і адпусціў сабаку на волю. А каля кургана гуляе маці з малымі дзецьмі, ходзяць і сядзяць на лаўках пенсіянеры. Пытаю: “Дзе гарантыя, што ваша аўчарка не накінецца на чалавека?” Мужчына адказвае: “Гарантыю дае толькі дзяржстрах”. Ці чуеце? Гарантыі ніякай няма. Але такой бяды, калі яго гадаванец пакроіць порткі якому-небудзь нямогламу пенсіянеру ці напалохае малое дзіця. Абы сабаку было добра – усё астатняе не бярэцца ў разлік. Тая ж замшэлая псіхалогія сабакавода.
Дарэчы, у свой час была пастанова гарвыканкама (зараз райвыканкам), якая катэгарычна забараняла выгул сабак у зонах адпачынку. Думаю, што гэта пастанова і зараз у сіле, а паглядзіце, што робіцца: новы парк літаральна кішыць сабакамі розных парод. І не ўсіх іх вядуць на павадках. Многія бегаюць на волі і кідаюцца на людзей. Адказ у такіх выпадках адзін: “Ой, ён не кусаецца. Проста так брэша”. А хоць і проста так брэша – мне ад гэтага непрыемна. Я прыйшоў адпачываць, а не выслухваць брэх сабакі, які кідаецца да ног. Мне здаецца, што неабходна ўзнавіць штрафы для сабакаводаў, як і было раней, за выгул сваіх гадаванцаў у зонах адпачынку. Вось гэтыя зоны: новы парк, стары парк, скверык ля возера, тэрыторыя каля Дома паляўнічага і рыбалова, тэрыторыя вакол замка (асабліва паўднёвы бок, бераг возера). А то што атрымліваецца: усе лепшыя зоны адпачынку “акупавалі” сабакаводы са сваімі чатырохногімі сябрамі.
Праўда, у старым парку ёсць шыльда: “Выгул сабак забаронены”. А ўсё роўна выгульваюць. Таму што ніхто гэтых заядлых сабакаводаў не штрафуе. Адпаведныя таблічкі не перашкодзіла б размясціць пры ўваходах ва ўсе зоны адпачынку. І тут не мае значэння, на павадку сабака ці без павадка, малы ён ці вялікі. Не лезь, куды не просяць!
Жыхары вуліц Гастэлы (новая забудова), Тухачэўскага і іншых панадзіліся выводзіць сваіх сабак на выгул вакол царквы. Ідзе гэткая важная жанчына з цагляным тварам, з павадком у руках, а яе любы гадаванец пабег апраўляцца да плота, якім абнесена тэрыторыя царквы. Святое месца, ды нішто бессаромную жанчыну не хвалюе. Гэта, аднак, не адзіны выпадак.
Абкладваюць “цыгарэтамі” сабакі тэрыторыю вакол дзіцячага садка, які месціцца між інтэрнатамі будаўніча-мантажнага трэста №19. Сюды з раніцы імкнуцца сабакаводы з усяго мікрараёна, які акружаюць кінатэатр “Юбілейны”, аднайменны магазін і тыя ж трэстаўскія інтэрнаты. Па колькасці і шчыльнасці сабак на квадратны метр гэты мікрараён, мабыць, утрымлівае першае месца ў горадзе. І па загаджванні газонаў яму роўных таксама няма.
Некаторыя жыхары горада, адпраўляючыся ў лясы вакол Ліды па грыбы, бяруць з сабой аўчарак. І вось сустрэнешся з такой звяругай адзін на адзін, лоб у лоб, і не ведаеш, што рабіць: ці браць галіну і біць яе па галаве, ці ўцякаць. У абодвух выпадках яна накінецца на цябе. Так і стаіш, як у паядынку, чакаючы, пакуль з-за кустоў не высунецца гаспадар і не адкліча аўчарку. Асабіста са мною былі два такія выпадкі. Грыбнікі апавядаюць, што і з імі здарыліся адпаведныя непрыемныя сустрэчы.
Фактаў нападзення сабак на людзей можна прывесці шмат. І мне бясхвосты чорны бульдог (ці як яго зваць?) разарваў рукавы ў куртцы (добра, што пальцы паспеў падцягнуць вышэй, а то пакалечыў бы). А прыкладна дванаццацігадовая дзяўчынка стаяла з адчэпленым павадком у руцэ і смяялася, пакуль я не прыгразіў: “Пазваню ў міліцыю!” Тады падбегла, ухапіла бульдога за ашыйнік і адцягнула ўбок.
І якая патрэба трымаць сабак у высотных дамах, псаваць людзям настрой пры сустрэчах з імі ў пад’ездах, на лесвіцах, у ліфтах? Іншая справа – на хутары, ці ў вёсцы, ці ў прыватным сектары.
А між тым, сабак ў горадзе менш не становіцца. І галоўнае, з якім сабакаводам ні паразмаўляеш, ці ні паспрачаешся, ці ні пасварышся, з іх слоў вынікае адно: сабака для іх на першым плане, а чалавек – на другім.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.




