«Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла…» Як уражэнцы вёскі Папераўцы захоўваюць сваю спадчыну

23 Сентября 2019 1286
У рэдакцыю «Лідскай газеты» даслаў матэрыял ураджэнец Лідскага раёна, а зараз мінчанін Яўген Рунец. З допісамі Яўгена Казіміравіча рэдакцыя сутыкалася не раз. Праз усе чырвонай ніткай праходзіць любоў да малой радзімы. Сенняшні матэрыял не выключэнне.

Нядаўна нашчадкі Валяр’яна і Магдалены Рунцоў (а гэта дзед і бабуля Яўгена Казіміравіча), хто змог і хацеў, сабраліся на сваёй малой радзіме ў Папераўцах. Успомнілі гісторыю вёскі, свайго роду, прайшліся па адзінай вясковай вуліцы, пастаялі каля тых дамоў, дзе жылі іх дзяды і прадзеды. А потым наведалі могілкі, на якіх знайшлі вечны спакой іх прашчуры. Быў адкрыты абноўлены помнік Валяр’яну і Магдалене з фотаздымкам 1902 года, які адзіны дайшоў да нашага часу. А потым быў абед на беразе любімай усімі рэчкі Лебяды, якая з’яўляецца правым прытокам Нёмана. Было многа гутаркі, успамінаў… 

Расказваючы пра сустрэчу прадстаўнікоў роду Рунцоў, Яўген Казіміравіч даслаў і свае даследаванні, якія датычацца яго малой радзімы, каранёў. Мяркуем, што яны будуць цікавымі нашым чытачам, паколькі гісторыя аднаго населенага пункта, адной сям’і Лідчыны – як ручаёк, які сілкуе паўнаводную раку.

«Хто мы? Адкуль?»

“Я, Яўген Рунец, нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Папераўцы Лідскага раёна (раней Жалудокскага, Шчучынскага раёнаў) пятым, самым малодшым, у сям'і, – піша аўтар. – Бацька мой Казімір Рунец, селянін з вёскі Папераўцы, сын Валяр'яна Рунца і Магдалены Рунец (Мамуль). А мая маці Аліна Рунец паходзіць з роду Фодэраў. Яе бацька, мой дзед па мацярынскай лініі, Францішак Фодэр быў родам з Сольца над Віслай, што пад Варшавай. Яго прыслалі ў 1926 годзе працаваць у якасці настаўніка на так званыя «ўсходнія крэсы». Ажаніўся ён з Янінай Казак з хутара Хмелішча, які знаходзіўся побач з ракой Лебядой і вёскай Папераўцы”. 

Па прызнанні Яўгена Рунца, ён вельмі часта задаваў сабе пытанне: калі з’явіліся вёска Папераўцы, яго род Рунцоў? Знайшоў і прааналізаваў пэўную інфармацыю.

На яго думку, Папераўцы (ці, па-даўнейшаму, Папіраўцы) з'явіліся на барцянскіх землях. Пра борцяў Тодар Нарбут, знакаміты гісторык Лідчыны, бацька ўдзельніка паўстання 1863 года Людвіга Нарбута, пісаў наступнае: «Былі гэта выхадцы з прускай правінцыі Бартніі. Іхнія нашчадкі дагэтуль ёсць у Лідскім павеце». 

На Панямонні, у ваколіцах мястэчка Жалудка былі асаджаны на валоках не толькі Папераўцы (Папіраўцы), але і сёлы Турэйск (сучасныя Борці Турэйскія), Ясялевічы, Мянонтавічы, Талочкі, Вялікія Буцілы, Малыя Буцілы і Панямонцы. 3 тых сёлаў утворана войтаўства Панямонскае.

Борці Панямонскага войтаўства ўжо з вельмі даўніх часоў страцілі ўсялякія рысы свайго старапрускага паходжання, а з тым і родную сваю мову, і звычайна карысталіся выключна мовай беларускай. 

“Калі задаюся пытаннем: “Адкуль з’явіліся ў Папераўцах жыхары з прозвішчам Рунец? Што яно азначае?” – піша Яўген Рунец, – то на гэта маю такую версію. Паколькі борці прыйшлі з Прусіі, то Рунец утварылася ад Рунц, Ненартовіч – ад Ненарт, Марчукевіч – ад Мэрц, і гэтак далей. Такіх прозвішчаў вельмі многа ў Германіі і іншых дзяржавах, у тым ліку на амерыканскім кантыненце. Як вынікае з люстратарскага інвентара Лідчыны 1765 года, у Папераўцах людзей з такім прозвішчам не было, але ў Ясялевічах жыў Міхал Рунец. А паколькі жаніліся борці са сваімі, то, напэўна, Рунец прыйшоў у Папераўцы з Ясялевіч. Я ведаю, што наша сям’я падтрымлівала добрыя адносіны з родзічамі з гэтай вёскі”.

Вывучаючы галіны роду

“Што мы яшчэ дазналіся пра нашых далёкіх продкаў? – дае адказ на пытанне ў дасланым лісце Яўген Рунец. – У польскай інтэрнэтнай базе генетыкі ёсць такі запіс: “03.06.1834 года ў касцёле Жалудка зарэгістраваны шлюб удаўца 33 гадоў з Папераўцаў Рунца Ваўрынца (сына Рунца Казіміра і Элеаноры Ненартовіч) з удавой 21 года Антанінай Раўбо (Шмукста), дачкой Дамініка і Кацярыны Сапель з вёскі Барцякі”. І мы можам лічыць, што гэта былі нашы продкі. На жаль, больш інфармацыі няма”.

“Затое мы добра ведаем факты з біяграфіі нашых бліжэйшых прашчураў, – зазначае Яўген Казіміравіч. – Так, наш дзед Валяр’ян Рунец пасля жаніцьбы з Магдаленай Мамуль (якой у той час, дарэчы, было 16 гадоў) у пачатку 20 стагоддзя паехаў працаваць на будаўніцтва чыгункі Харкаў – Днепрапятроўск. Была з ім і яго Магдалена. І той адзіны фотаздымак, які дайшоў да нас, быў зроблены ў фотасалоне Элінсана ў Горлаўцы Екацярынадарскай (Краснадарскай) губерні дзесьці ў 1902 годзе. У 1903 годзе ў Харкаве ў сям’і нарадзіўся першы сын Міхал (Міця, як яго ўсе звалі). Працаваў наш дзед добра, стаў брыгадзірам будаўнічай брыгады, але атрымаў траўму нагі, і Рунцы вярнуліся на сваю радзіму ў Папераўцы. Там у іх нарадзіліся астатнія дзеці: Станіслава, Казімір, Анюта, Браніслаў і Гелена. У Першую сусветную вайну сям’я адправілася ў эвакуацыю, але пазней зноў вярнулася на радзіму.

Дзед Валяр’ян памёр раптоўна ва ўзросце 57 гадоў, пасля таго як яго збілі невядомыя рабаўнікі. Бабуля Магдалена жыла з сям’ёй нашага бацькі, памерла ў 1949 годзе ва ўзросце 63 гадоў. Няма ўжо на гэтым свеце і ўсіх іх дзяцей і многіх унукаў. Дарэчы, немаўля Анюты памерла ў 1942 годзе ад голаду падчас знаходжання сям’і ў нямецкай турме за сувязь з партызанамі. 

Раскідала жыццё Рунцоў і па-за межамі Беларусі. Нашы родзічы трапілі ў Расію, Украіну, Германію, Францыю, ЗША і іншыя краіны. У сусветнай сетцы ёсць інфармацыя аб людзях з прозвішчам Рунец, якія жывуць і ў Аргенціне”.

Нашчадкі Валяр’яна і Магдалены

На дадзены момант нашчадкі Валяр’яна і Магдалены, а гэта ўнукі, праўнукі, прапраўнукі і прапрапраўнукі, жывуць у Беларусі, Расійскай Федэрацыі, ва Украіне, Польшчы, а таксама ў Італіі і Ізраілі. Маюць розныя прафесіі: эканамісты, інжынеры, тэхнолагі, урачы, будаўнікі, педагогі… Зараз жывых нашчадкаў Валяр’яна і Магдалены налічваецца дзесьці болей за 70! На шклозаводзе “Нёман” у Бярозаўцы працаваў Браніслаў Рунец. Яго сын, таксама Браніслаў, усё працоўнае жыццё таксама звязаў са шклозаводам і скончыў сваю кар’еру дырэктарам гэтага прадпрыемства. Са шклозаводам звязана і праца яго сына Аляксандра, як і праца прадстаўнікоў лініі Міхала Рунца: сына Антона, унука Леаніда, праўнука Максіма, які ўжо вядомы на Лідчыне як мастак, скульптар. Працоўную дзейнасць унучка Валяр’яна і Магдалены Часлава Жаркоўская скончыла на пасадзе галоўнага бухгалтара Гродзенскага аблспортупраўлення. праўнучка Марына Шляпіна – на пасадзе начальніка ўпраўлення міністэрства адукацыі Калінінградскай вобласці Расіі. Былы намеснік дырэктара завода “Оптык” і дырэктар абутковай фабрыкі горада Ліды Казімір Рунец у свае 70 гадоў разам з сынам Віталем працягвае працаваць на ніве прыватнага аўтасэрвісу. Прадстаўніка роду Рунцоў, неаднаразовага чэмпіёна па жыме штангі і добрага спевака Аляксандра Макея многія ведаюць як начальніка аддзела спорту і турызму Лідскага райвыканкама. Усіх не пералічыш…”
 
Дарэчы, сам Яўген Рунец, палкоўнік медыцыскай службы ў адстаўцы, і яго сын Канстанцін працуюць урачамі ў Мінску. 

У 60-х гадах 20 стагоддзя ў Папераўцах было больш за 60 дамоў, пражывала каля 300 чалавек. Зараз у вёсцы жыве ўсяго 20 чалавек. Сваю ролю сыграла міграцыя вясковай моладзі ў горад. Вось і прадстаўнікі роду Рунцоў пакінулі сваю вёску і прыязджаюць сюды толькі на могілкі родных. Але галоўнае – яны ведаюць і памятаюць, адкуль выйшлі, дзе іх малая радзіма і радавыя карані, якія, як тое дрэва, трымаюць чалавека і робяць яго мацнейшым. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться