«Сваім дзецям я раю адно: таксама нарадзіць шмат дзяцей». У Лідскім раёне ў чарговы раз узнагародзілі шматдзетных жанчын ордэнамі Маці

19 Марта 2019 2197

На гэты раз віншаванні прымалі лідчанка Тэрэса Пац і жыхарка вёскі Мінойты Валянціна Шляхтун. І цырымонія ўручэння ордэнаў атрымалася асабіста кранальнай. Падтрымаць мам прыйшлі іх дарослыя дзеці ўжо са сваімі сем’ямі: мужамі і жонкамі, сынамі і дочкамі, – а таксама прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, прафсаюзных камітэтаў.

“Даўно тут не было столькі людзей, жадаючых павіншаваць нашых мам-гераінь. Такая ўвага радуе”, – па традыцыі старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч з першых хвілін пазбавіў урачыстую цырымонію ўсялякай афіцыйнасці. Затым Міхаіл Канстанцінавіч з непадробленай цікавасцю распытаў кожную жанчыну “за жыццё”: аб тым, што іх радуе, а што хвалюе, якія ёсць цяжкасці і ў чым, магчыма, патрэбна дапамога. “Шмат гадоў таму вы ступілі на вельмі адказны і няпросты шлях – шлях мацярынства. Вывучыць дзяцей, даць ім годнае выхаванне, правільныя жыццёвыя арыенціры – задачы, якія стаялі перад вамі кожны дзень. Але з улікам таго, што вы сёння тут, атрымліваеце ордэны Маці і побач з вамі вашы дзеці і ўнукі, можна смела сцвярджаць: сваю місію вы выканалі на выдатна. Спадзяюся, што прынцыпы, якіх вы прытрымліваліся ў выхаванні, пяройдуць па спадчыне да вашых сыноў і дачок. І яны будуць укараняць і ўжываць іх ужо ў сваіх сем’ях, спадзяёмся, таксама шматдзетных”, – звярнуўся кіраўнік рэгіёна да Тэрэсы Пац і Валянціны Шляхтун.

Як расказала Валянціна Рыгораўна, сакрэт яе дружнай сям’і – гэта сумесная праца. “Дзеці нараджаліся, лічы, адзін за адным. Было цяжка. З першымі чатырма дапамагла бабуля, але потым мы з мужам Аляксандрам пераехалі з Ліды ў Мінойты. Да нараджэння пятага дзіцяці, дачкі, мы пабудавалі ўжо свой дом. Завялі гаспадарку. Ведаеце, з малога ўзросту я прывучала дзяцей да працы. Гэта аб’ядноўвае, збліжае. Ужо ўсе павырасталі, але па-ранейшаму вельмі дружныя. Каталіцкія і праваслаўныя святы, 8 Сакавіка, Дзень маці, дні нараджэння – усё адзначаем у нас. За сталом збіраецца не менш за 20 чалавек! Вось што значыць сям’я. Я і сваім дзецям раю не баяцца нараджаць, не баяцца станавіцца шматдзетнымі. Гэта цяжка, але гэта такое шчасце!” – распавяла Валянціна Шляхтун.

Валянціна Шляхтун ужо шмат гадоў працуе санітаркай у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у Мінойтах. Побач з ёй працуюць і яе дзеці: старэйшы сын, дзве дачкі. Нядаўна да гэтай “суполкі” далучыўся і тата. Вось такая дружная сямейная дынастыя! Карыстаючыся святочным момантам, дырэктар дома-інтэрната Ядзвіга Стацэвіч падзякавала сям’і за дабрасумленнасць і адказнасць у рабоце: “Гэта падзяка не толькі на словах, але і грашовая. Нашу маці-гераіню Валянціну Рыгораўну чакаюць некалькі базавых згодна калдагавору, а таксама ад прафкама”.


Прымала шчырыя віншаванні ад прафсаюзнага камітэта і калектыву таксама санітарка Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы Тэрэса Пац. Як адзначыла старшыня прафкама Кацярына Жыгала, Тэрэса Іванаўна ўжо амаль 20 гадоў сумяшчае працу ў бальніцы з выхаваннем ажно шасці дзяцей. А цяпер яшчэ і васьмі ўнукаў.

– У бальніцы мы можам ужо арганізоўваць асобныя святы для мам, узнагароджаных у розныя гады ордэнамі Маці. І такіх жанчын у нас набярэцца вельмі шмат, – дадала Кацярына Мікалаеўна.


– Я сама не са шматдзетнай сям’і, акрамя мяне ў бацькоў ёсць яшчэ сын, – распавядае Тэрэса Пац. – Мама адразу была супраць, бо разумела, што будзе цяжка, але потым не магла нарадавацца ўнукам. Яны ж дапамагаюць адзін аднаму, трымаюцца разам. Назіраць за гэтым сяброўствам – адна асалода.

Усмешкі на тварах Тэрэсы Пац і Валянціны Шляхтун у канцы сустрэчы змянілі слёзы радасці. Мам віншавалі іх дзеці, унукі чыталі вершы. І гэтыя падзякі за жыццё і выхаванне, пажаданні здароўя і шматлікіх сумесных вечароў былі настолькі шчырыя, што кранулі ўсіх. Так, быць маці – гэта шчасце, а быць шматдзетнай маці – гэта шчасце шматразовае.



Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться