У Лідзе ўкінулі не асфальт у бруд, а бруд у інфармацыйную прастору

07 Декабря 2018 3915
Сітуацыя з добраўпарадкаваннем участка вуліцы Прыгараднай аказалася зусім іншай, чым падаў яе карэспандэнт радыё "Рацыя”.

«Добры дзень. У “Аднакласніках” гэта фота адзначылі ўжо 700 чалавек. Няўжо раённай газеце сказаць няма чаго? Крыўдна за наш горад. З павагай Войцех Якубчык”. Пісьмо з такім зместам праз электронную пошту прыйшло ў рэдакцыю днямі. На гэты час мы ўжо пачалі рыхтаваць матэрыял, каб аб’ектыўна растлумачыць сітуацыю, выслухаўшы, што скажуць тыя, у чый бок прагучалі абвінавачванні.

А прагучалі яны ад карэспандэнта радыё “Рацыя”. Маўляў, у Лідзе ўкладваюць асфальт проста ў лужыны, гразь і слоту, і  аб гэтым факце яму паведамілі сведкі. Паведамленне было падмацавана фотакарткамі. Дадзеная інфармацыя з’явілася не толькі на “Рацыі”. Не разабраўшыся, што да чаго, інфармацыю, як заўсёды, перадрукавалі прыватныя лідскія сайты. Словам,  паведамленне тыпу “адна бабулька сказала” разнеслі ва ўсе канцы. Камусьці (як Войцеху Якубчыку) стала крыўдна за наш горад, а хтосьці ў чарговы раз, пыхнуўшы незадавальненнем да ўсяго, што робіцца наўкола, пазласловіў…

Але давайце разбяромся па парадку. Першае датычыць самаго здымка, які быў змешчаны на інтэрнэт-рэсурсе “Рацыі”. “Лідская газета” пабывала на месцы, на вуліцы Прыгараднай. 

Аказваецца, ён быў зроблены ў метрах трыццаці ад участка, на якім вяліся работы. На пярэднім плане на фатаграфіі аказаўся вялікі кавалак даўно пакладзенага асфальту, на якім падтаў сняжок. Ну што можа падумаць  наведвальнік сацыяльных сетак, гледзячы на гэты здымак? Вось пад’едзе трактар, што рухаецца ўдалечыні, і  бухне ў месіва гарачую масу. А адсюль выснова: каб уліць сапраўды бруд пра Ліду ў інфармацыйную прастору, факт падтасаваны.

Што скажуць будаўнікі?

“Лідская газета” пацікавілася ў падрадчыка аб’екта – ДБУ-24, – якім чынам вяліся работы, няўжо, асфальт і сапраўды клалі проста ў лужыны?! Падобнага ж ніхто не можа дазволіць!

– Ну што вы! Ці ж мы свайму гораду і сабе ворагі! – адразу зазначыў галоўны інжынер ДБУ №24 Алег Гялажын. – Даўжыня ўчастка вуліцы Прыгараднай, на якім патрэбна было правесці работы, складала 189 метраў і мы выканалі іх якасна. Падрыхтоўка асновы з шчэбенева-гравійнай сумесі праводзілася намі загадзя, сумесна з участкамі вуліц у раёне новага магазіна “Белмаркет” пры плюсавой тэмпературы  паветра. Пасля гатоўнасці асновы ў належным парадку яна была прынята тэхнічным наглядам. Укладка асфальтабетоннага пакрыцця была запланавана на 3 снежня бягучага года.

– Але ж 3 снежня надвор’е сапраўды не радавала, вуліца была прыцярушана сняжком…

– Каб пазбегнуць страты трывалых характарыстык асфальтабетону, звязаных з паніжэннем тэмпературы акаляючага асяроддзя з 12 лістапада, пры падрыхтоўцы асфальтабетоннай сумесі выкарыстоўвалася французская дабаўка “Секабаз РТ 945”, – падрабязна растлумачыў Алег Станіслававіч. – Таксама перад устройстваннем ніжняга слою асфальтабетоннага пакрыцця аснова, пакладзеная на ўчастку, была ачышчана ад снегу аўтагрэйдэрам, а ў недаступных месцах – з дапамогай паветрадуўкі “Husqvarna 580 ВТС”. Каб пазбегнуць астывання прадольнага стыку, пры ўстройванні верхняга слою асфальтабетоннага пакрыцця прыменены шыроказахватны магістральны асфальтаўкладчык “Вольва 7820”, што дазволіла ўкладваць асфальт на ўсю шырыню пакрыцця. Для ўшчыльнення верхняга слою асфальтабетона быў прыменены каток “Bomag BW 203", у якім устаноўлена аўтаматычная сістэма кантролю ўшчыльнення.

– Мы ручаемся за якасць сваёй работы. Гарантыйны тэрмін асфальтабетоннага пакрыцця складае пяць гадоў, – падкрэсліў Алег  Гялажын.

Значыць, толькі дылетант, убачыўшы, што ў нейкім  месцы вядуцца работы ў будаўнічай сферы не ў летні перыяд, з разумным выглядам можа меркаваць, што не тэрмін гэта рабіць? Час ідзе наперад, з’яўляюцца сучасныя тэхналогіі, дзякуючы якім якасць работ не пагоршыцца. І лепей спачатку падумаць, перш чым паказваць сваю недасведчанасць і дэманстраваць свой замшэлы пункт погляду, асноўваючыся на часе даўно мінуўшых дзён.

Сказанае вышэй пацвердзіў і выконваючы абавязкі дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Лідскага раёна Сяргей Трутнеў. Што датычыць аб’екта па вуліцы Прыгараднай, ён, як прадстаўнік заказчыка, адзначыў: работы на ім выкананы якасна.

Рамонту чакалі і за яго дзякуюць

“Лідскую газету” цікавіла, чаму ўзнікла неабходнасць правядзення дарожных работ на ўчастку вуліцы Прыгараднай. Як расказаў Сяргей Трутнеў, у свой час пры пракладванні каналізацыйнай магістралі да раёна новай забудовы быў парушаны і не адноўлены ўчастак вуліцы. Мясцовыя жыхары цярпелі шэраг нязручнасцей. Перашкодай для ўдзельнікаў руху стала сама дарога. Вада з боку вуліцы, дзе размешчаны шматпавярхоўкі, сцякала на бок прыватнай забудовы і падтапляла ўчасткі. Людзі звярталіся з патрабаваннем выправіць становішча. Для таго каб правесці аднаўленчыя работы былі выдзелены сродкі з абласнога бюджэту і  асвоены.

Дарэчы, пад водгукам да інфармацыі, пачатак якой паклаў карэспандэнт “Рацыі”, на адным з сайтаў нейкі “Ясь з-пад Вільні”  піша, што маўляў, тут жыве нейкі чынуша, калі дарогу робяць. Пра чынуш не ведаем, а вось тое, што на гэтай вуліцы размяшчаецца ФАК “Алімп”, які наведваюць і дзеці, і дарослыя, відавочна. І тое, што перпендыкулярна вуліцы Прыгараднай знаходзіцца вуліца Вербная, у пачатку якой стаяць два дамы сямейнага тыпу, – таксама  факт.

Да таго ж, мы вырашалі спыніць першага сустрэчнага мясцовага жыхара і спытаць яго думку наконт праведзенага добраўпарадкавання. Мужчына якраз ехаў па новым участку вуліцы на веласіпедзе.

– Уладзімір Іванавіч Контар, жыву ў доме па вуліцы Сасновай, – з ахвотай прадставіўся ён. – Мы такія задаволеныя, што дарогу нам адрамантавалі, што і словамі пачуцці не перадаць! Адно скажу: дзякуй. Перадайце яго праз газету ўсім тым, хто мае дачыненне да гэтага рамонту.

Вось як яно, аказваецца, на самай справе выходзіць!

“Прыпячаталі” землякі

“Грошы дзяржаўныя ў гразь замуроўваюцца” – залямантаваў што ёсць моцы карэспандэнт “Рацыі”, і яго лямант падхапілі тыя, хто не ведае сапраўднай сітуацыі і для каго чым горш, тым лепш. Як кажуць, дзьмухнуў, плюнуў і пайшоў.  Усё роўна некаторыя павераць. А іначай як жа адпрацоўваць грошы, якія выплачваюцца вось такім работнікам, каб ліць бруд на нашу рэчаіснасць? Пачні нешта высвятляць, браць каментарый – справа акажацца зусім іншай, чым на першапачатковай карцінцы (у данным выпадку на фота). Заўважана, што  падобная работа стала для гэтага карэспандэнта нормай. Прычым заўважана яго землякамі – беразаўчанамі. Расказваюць  прыклад, што “глабальную” выснову ён аднойчы зрабіў па знойдзенай недзе… кучцы гною. Трапныя на язык беразаўчане пачалі з гэтага кпіць. Дык, можа, каб не станавіцца аб’ектам для насмешак, лепш, як той казачны герой, злезці з печы, на якой ён праляжаў трыццаць гадоў і тры гады, і глянуць вакол  па-іншаму, не шукаючы жучкоў у брудзе?
Текст: Галіна Федаровіч.Галіна Федаровіч.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться