10 гадоў з дня заснавання адзначыла Лідская раённая арганізацыя «Трэмбіта»

10 Ноября 2018 1509

Лідская раённая арганізацыя «Трэмбіта» грамадскага аб'яднання ўкраінцаў «Ватра» адзначае свой першы юбілей – дзесяць гадоў з дня заснавання. Сёння ў яе складзе трыццаць тры актыўныя члены, якія маюць украінскія карані. Павіншаваць калектыў з гэтай значнай датай прыйшлі многія ганаровыя госці і жыхары горада. У іх ліку і консул-кіраўнік консульства Украіны ў горадзе Брэсце Анатоль Дзідзенка:

– Наша краіна заўсёды была зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў самых розных напрамках: эканоміцы, сацыяльнай сферы і культуры, – заўважыў карэспандэнту "Лідскай газеты" Анатоль Нікіфаравіч. – Не так даўно гэта даказала чарговая сустрэча Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у рамках Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які адбыўся ў Гомелі. Упэўнены: добрасуседскія адносіны дзвюх краін-суседак, брацкіх народаў будуць толькі мацнець. І сёння, безумоўна, вельмі рады прысутнічаць у Лідзе.

Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, якая ўручыла падзячнае пісьмо кіраўніку харавога калектыву “Смерычка” Вользе Пчыцкай:

– Для многіх людзей Украіна іх малая радзіма. А для кожнага з нас малая радзіма – гэта і маці, і бацька. Чалавек не зможа адбыцца, калі не будзе гаварыць на роднай мове, успамінаць свае карані. Сёлета мела магчымасць пабываць на фестывалі нацыянальных культур у горадзе Гродна. Было вельмі прыемна бачыць сярод удзельнікаў і членаў Лідскай раённай арганізацыі "Трэмбіта", якія прадставілі сябе вельмі годна. Жадаю і ў далейшым творчых поспехаў. 

У напрамку зберажэння нацыянальных звычаяў і папулярызацыі ўкраінскай культуры на Лідчыне раённая арганізацыя «Трэмбіта» працуе з першага дня свайго заснавання. Нашы суайчыннікі не могуць жыць без сваіх традыцый. Мабыць, таму ў харавога калектыву “Смерычка” з такой лёгкасцю атрымліваецца данесці да гледача глыбокі сэнс меладычных украінскіх песень. Ды так, каб за сэрца брала. Вось і сёння са сцэны гучалі добрая музыка, вершы, словы віншаванняў. Перад удзячнымі гледачамі выступалі вакальны ансамбль “Diamonds”, госці з горада Маладзечна і іншыя. Кожны нумар суправаджаўся бурнымі апладысментамі. 

– На канцэрт мы прыйшлі ўсёй сям'ёй, – дзеліцца ўражаннямі госця свята, лідчанка Тамара Бандарэнка. – У наш час, калі па тэлевізары вельмі часта транслююць серыялы, а некаторыя выступленні артыстаў сучаснай эстрады – адзіны набор слоў, хочацца пачуць вось такія меладычныя песні, якія маюць глыбокі сэнс, нагадваюць нам аб справядлівасці, любові да бліжняга, дабрыні і міласэрнасці. Дзякуй артыстам за гэтае свята, якое яны зладзілі для жыхароў нашага горада.

Асаблівым стаў гэты дзень і для Ларысы Краўчук. У 1999 годзе яна прыехала з сям'ёй на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь з невялічкага мястэчка Аўдзееўка, што ў Украіне. У горадзе Лідзе засталася ў спадчыну кватэра ад бабулі. І з тых часоў ні разу аб сваім рашэнні не пашкадавала, але прызнаецца: па малой радзіме часта сумуе.

– Тут з мужам знайшлі працу, пайшлі ў школу дзеці, – заўважыла жыхарка нашага горада. – З гадамі наладзілі побыт. Цяпер старэйшы сын вучыцца на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Малодшы заканчвае адзінаццаты клас і рыхтуецца да паступлення ў ВНУ. Мы шчаслівыя, што жывём у гэтым прыгожым горадзе. Беларусь даўно стала для нас другім домам, але і аб першым ніколі не забываем. Таму вельмі рада была стаць удзельнікам святочнай праграмы “10 гадоў у нас у актыве, адзначаем дзень нараджэння ў пазітыве!” Слухаючы песні нашых дзядоў і прадзедаў, атрымліваеш велізарны зарад станоўчай энергіі. Я шчыра віншую Лідскую раённую арганізацыю "Трэмбіта" з юбілеем. Хай і ў далейшым яны радуюць нас сваёй творчасцю.

У гэты дзень кожны, хто прыйшоў у Палац культуры горада Ліды, змог не толькі пачуць меладычную ўкраінскую мову, але і акунуцца ў насычаную і непаўторную атмасферу свята з каларытным гумарам, песнямі, музыкай, танцамі, а таксама атрымаць зарад добрага настрою. І за гэта гледачы выражалі вялікую ўдзячнасць артыстам. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться