Не абышоў юбілей горада і «ЛьВёнок»

14 Мая 2023 935

У квітнеючым маі Ліда ўжо традыцыйна з’яўляецца сталіцай мастацтваў для самых яркіх і таленавітых юных музыкантаў, вакалістаў, харэографаў, тэатралаў, іх педагогаў і бацькоў з усёй Беларусі (і не толькі): у Лідскай дзіцячай школе мастацтваў быў дадзены старт Х, юбілейнаму, рэспубліканскаму фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” (“Лідскі вянок”). Арганізатарамі маштабнага культурнага форуму традыцыйна выступілі ГА “Беларускі саюз музычных дзеячаў”, ГА “Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў”, Галоўнае ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, Лідскі райвыканкам, Лідская дзіцячая школа мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Фестываль-конкурс “ЛьВёнок” вось ужо дзесяць гадоў садзейнічае развіццю творчага патэнцыялу дзяцей, дае ім выдатную магчымасць праявіць сваё майстэрства, дорыць станоўчыя эмоцыі і яркія ўражанні. Гэта сапраўднае свята дзіцячага мастацтва, пачатак яркага творчага шляху для юных канкурсантаў, адна з першых прыступак да іх перамог на сцэне. У фестывалю-конкурсу заўсёды асаблівая атмасфера. Яму ўласці-вы гасціннасць і цеплыня, непаўторны каларыт і строгае, але справядлівае судзейства. Гэта адзін з найбуйнейшых дзіцячых музычных конкурсаў у нашай краіне, які па сваім змесце і мастацкім узроўні не саступае самым папулярным рэспубліканскім мерапрыемствам.

Ідэя правядзення фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва, накшталт “Залатой пчолкі” ў Клімавічах, узнікла ў калектыву Лідскай ДШМ яшчэ ў 2007 годзе. Першы “ЛьВёнок”, пакуль у статусе рэгіянальнага, прайшоў у маі 2008-га. Аўтар эмблемы конкурсу – педагог мастацкага аддзялення ДШМ Тэрэса Кедык. Назву ж конкурсу, якая нагадвае пра льва на гербе горада Ліды, падказаў старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Валерый Сліўкін. Да таго ж вялікага майстра ў тым ці іншым мастацтве раней называлі львом. А яшчэ “ЛьВёнок” – скарочаны варыянт назвы “Лідскі вянок”, якая падразумявае “вянок” мастацтваў, прадстаўленых на конкурсе, іх шырокі спектр.

З 2013 года фестываль-конкурс пачалі праводзіць у статусе рэспубліканскага. З кожным годам раслі колькасць намінацый конкурсу, колькасць яго юных удзельнікаў. На сённяшні дзень творчага спаборніцтва з такой вялікай колькасцю намінацый, як у лідскім “ЛьВёнке”, у Беларусі больш нідзе не праводзіцца. За пятнаццаць гадоў удзельнікамі фестывалю-конкурсу стала больш за 25 з паловай тысяч дзяцей з усіх абласцей Беларусі і краін-суседак. Матэрыяльнай дапамогай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі былі адзначаны 214 канкурсантаў. За гады існавання “ЛьВёнок” даказаў сваю жыццяздольнасць, стаў адным з культурных брэндаў Ліды.

Як адзначыла дырэктар Лідскай ДШМ Алена Спірына, сёлета ў фестывалю-конкурсу двайны юбілей: 15 год праводзіцца гэты культурны форум і 10 год ён праводзіцца ў статусе рэспуб-ліканскага. Да таго ж, як і іншыя культурныя мерапрыемствы ў Лідзе, “ЛьВёнок” сёлета праходзіць пад знакам 700-годдзя нашага горада. У гэтым годзе конкурс праходзіць у 33 намінацыях, у ім удзельнічае больш за 2 тысячы юных талентаў. Геаграфія конкурсу – усе вобласці Беларусі, а таксама (упершыню) горад Істра Маскоўскай вобласці Расіі.

Урачыстае адкрыццё Х рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” адбылося ў мінулую суботу ў вялікай зале Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. Цырымонія адкрыцця была прысвечана 700-годдзю Ліды, і сцэна вялікай залы была аформлена ў выгля-дзе дворыка ўнутры Лідскага замка. Для гледачоў быў праведзены кароткі экскурс у гісторыю горада-юбіляра. А яшчэ цырымонія адкрыцця праходзіла на беларускай мове, з акцэнтам на нацыянальную культуру, з беларускімі песнямі і танцамі. Дарэчы, нумары, якія гледачы ўбачылі на адкрыцці фестывалю-конкурсу, – частка праграмы, прадстаўленай Лідскай ДШМ на раённым аглядзе-конкурсе канцэртных праграм “Лідскі падворак”. Гэтая праграма заняла на “Лідскім падворку” 1-е месца.

Удзельнікаў конкурсу віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Леўшунова. Наталля Фёдараўна зачытала прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча. Божага благаславення канкурсантам пажадаў сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель.

Дзень адкрыцця фестывалю-конкурсу супаў з Сусветным днём баяна і акардэона, і першымі для конкурсных праслухоўванняў на сцэну выходзілі юныя баяністы і акардэаністы. У другі конкурсны дзень кампетэнтнае і аўтарытэтнае журы ацэньвала выступленні юных выканаўцаў на цымбалах, балалайцы, гітары, домры і г. д. – усяго каля 350 ўдзельнікаў.

Фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” праходзіць на базе Лідскай ДШМ па 28 мая ўключна, па суботах і нядзелях. Спадзяёмся, што, як і ў мінулыя гады, у ліку лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу будзе нямала лідчан.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться