Знешняе аблічча помніка Гедыміну на апошнім этапе ўзгаднення. У Лідзе адбылася рабочая сустрэча аўтарскага калектыву з кіраўніцтвам раёна

18 Августа 2018 6930

ГедиминСтаршыня райвыканкама Міхаіл Карповіч і спецыялісты, якія адказваюць за ідэалогію і культуру, за архітэктуру і будаўніцтва, за жыллёва-камунальную гаспадарку, абмеркавалі са скульптарамі Сяргеем Аганавым і Вольгай Нячай, а таксама архітэктарам Сяргеем Багласавым як ідэйную і мастацкую канцэпцыю помніка, так і практычныя пытанні (арганізацыйныя, тэхнічныя, фінансавыя), якія могуць паўстаць падчас рэалізацыі праекта.

Згадваючы конкурс, Сяргей Аганаў з удзячнасцю адзначыў: ужо на самай першай стадыі працы кіраўніцтва Лідчыны разумела, што гэта будзе аб’ект не раённага і нават не абласнога, а агульнанацыянальнага маштабу. Таму і парупілася, каб аб’ект адпавядаў свайму прызначэнню. Нездарма ідэя помніка аднаму са стваральнікаў нашай дзяржаўнасці падтрымана Прэзідэнтам Беларусі.

Сяргей Аганаў распавёў, што пры ўсёй мастацкай абагульненасці вобраза Гедыміна ў дадзенай трактоўцы ягонае аблічча адпавядае гістарычнай праўдзе. Гэтаму паспрыялі шматлікія кансультацыі. Аўтары ўлічылі парады спецыялістаў па палітычнай гісторыі Вялікага княства, матэрыяльнай культуры і мастацтве таго часу. Не абышлі ўвагай нават пароду каня, на якім сядзіць князь! Былі спрэчкі і па тым, як правільна пісаць яго імя. Адпаведна, тое, што было прадстаўлена кіраўніцтву Лідчыны, стала вынікам сумеснай працы мастакоў, архітэктара, навукоўцаў.

Даведаўшыся, што аўтарам прапаноўвалі зрабіць пастамент ніжэй, наблізіўшы статую вершніка да зямлі, кіраўнік раёна рашуча гэтаму запярэчыў: маўляў, высокі пастамент будзе падкрэсліваць той статус уладара, які меў Гедымін. Па словах Міхаіла Карповіча, такой самай думкі прытрымліваецца і абсалютная большасць жыхароў Лідчыны, якія ўжо стаміліся чакаць, калі помнік упрыгожыць горад.

Абмяркоўвалася і архітэктурная прывязка да ландшафту. Праблема ў тым, што бронзавы Гедымін, усталяваны на фоне замкавага мура, частку дня візуальна бу-дзе знаходзіцца ў контражуры (сонца са спіны). На жаль, гэтую сітуацыю выправіць немагчыма, і таму варта паспрабаваць павярнуць яе на карысць. Як прызналі спецыялісты, адзін з выйгрышных у пластычным сэнсе ракурсаў помніка не займее тую ролю, якую ён мог бы мець. Але сам замкавы мур за плячамі князя надасць яго постаці значнасці ў вачах грамады. Зрэшты, канкрэтную адлегласць помніка ад муроў яшчэ належыць удакладніць.

IMG 0372

Ідэя аўтараў прадставіць Гедыміна не дзеячам, які пашырае сваю дзяржаву (што для князя, зрэшты, цалкам натуральна), а абаронцам межаў краіны прызнаная правільнай, зразумелай і блізкай сённяшняму пакаленню беларусаў, а таксама адпаведнай нашаму разуменню рэалій сучаснага свету. Плашч-мантыя, які спускаецца з плеч князя на зямлю, – добры сімвал абарончага покрыва, што атуляе Радзіму. Зрэшты, над выразнасцю складак таго плашча аўтарскі калектыў яшчэ мае намер папрацаваць. Магчыма, на ім з’явяцца геральдычныя знакі.

Наступным этапам творчай працы будзе стварэнне рабочай мадэлі ў маштабе 1:4 ад рэальнага памеру (гэта мае адбыцца ўжо ў першай палове верасня) і больш дакладная прапрацоўка дэталяў. Кіраўніцтва Лідчыны і аўтарскі калектыў дамовіліся падтрымліваць шчыльны кантакт і каардынаваць свае планы па стварэнні помніка.

А наконт надпісу на помніку… Вырашылі, што падрабязна распісваць тытул князя не мае сэнсу. Адно слова – Гедымін – ужо само па сабе брэнд беларускай гісторыі.

Згодна з рашэннем выканкама ад 02.10.2017 года № 1012 Лідскім ГУП ЖКГ адкрыты дабрачынны рахунак № BY62AKBB31320000002464200000 у філіяле АСБ «Беларусбанк» код банка AKBBBY2X для пералічэння бязвыплатных (спонсарскіх) ахвяраванняў на стварэнне помніка «Заснавальнік замка – князь Гедымін».

Текст: Пётр ВАСІЛЕЎСКІ (газета «Культура»). Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА.Пётр ВАСІЛЕЎСКІ (газета «Культура»). Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться