У гістарычна-краязнаўчым музеі СШ №8 захоўваецца рэдкая старадаўняя рэч

09 Ноября 2018 3608

Яшчэ не так даўно куфар займаў ганаровае месца ў кожнай вясковай хаце. У вялікія драўляныя куфры дзяўчаты збіралі пасаг,  пачынаючы з грошай і заканчваючы прадметамі, якія патрэбныя былі пасля замужжа: посцілкамі, андаракамі, кашулямі і тканінай, вытканай на кроснах. З куфрам былі звязаны вясельныя абрады. Куфры выраблялі з хваёвых і яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, па баках мацавалі ручкі. Часта аздаблялі іх мастацкай акоўкай і афарбоўвалі ў чорны, зялёны ці сіні колер. Адзін з такіх куфраў з’яўляецца ўпрыгажэннем экспазіцыі гістарычна-краязнаўчага музея СШ № 8.

У музей ён быў перададзены некалькі год таму маёй бабуляй Браніславай Яфімаўнай Пясецкай. Год назад яна пайшла з жыцця. А сама ж была вялікая майстрыха!.. Бабуля з натхненнем згадвала гады сваёй маладосці, калі яна, як і ўсе маладыя дзяўчаты з вёскі Любары, збірала пасаг маладой. Чаго толькі не было ў яе куфры: разнастайныя ручнікі, перабіранкі, адзежа, тканіна. Вось, напрыклад, ільняны ручнік з вышытай літарай “К” (першая літара дзявочага прозвішча Браніславы Яфімаўны – Капачэль). Усё зроблена рукамі бабулі. Вядома, адзенне не такое, як цяпер. Усе прадметы пераважна з бавоўны, ільну і шэрсці. 

Па ўспамінах Браніславы Яфімаўны, вяселле гулялі ў сакавіку 1941 г. у яе роднай вёсцы Любары Лідскага раёна. Мясцовы майстар вырабіў куфар маладой. Шматлікія госці два дні віншавалі маладых і іх бацькоў. Затым вясельнікі пераехалі ў дом маладога ў вёску Плябанцы. Куфар везлі на пачэсным першым вясельным возе. 

Далей у сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей. Часта куфар станавіўся мэбляй – выкарыстоўваўся як ложак для дзяцей. На шчасце, бабуля Браніслава Яфімаўна беражліва захоўвала свой куфар і рэчы з яго. 

Зараз куфар займае пачэснае  месца ў этнаграфічнай зале музея школы № 8, і шматлікія наведвальнікі могуць на свае вочы ўбачыць і дакрануцца да гісторыі сапраўднага лідскага куфра.

Текст: Ірына Пясецкая,  настаўніца гісторыі СШ № 15 г. Ліды.Ірына Пясецкая, настаўніца гісторыі СШ № 15 г. Ліды.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться