Алесь + Лілія = сям’я, або Як у Лідзе вяселле ў беларускім стылі гулялі (фота)

16 Сентября 2017 5866

Выяздныя рэгістрацыі шлюбу па індывідуальных сцэнарыях у Лідзе сёння не такая ўжо і рэдкасць. Заключэнне шлюбу ў Лідскім замку, вяселлі ў сядзібе і беларускія нацыянальныя вяселлі… На першым месцы ў гэтым спісе для нас, беларусаў, здавалася б, павінна стаяць вяселле ў беларускім нацыянальным стылі. Але, як не дзіўна, такое вяселле сёлета ў Лідзе згулялі ўпершыню. Быць на гэтым вяселлі мне, супрацоўніку рэдакцыі “Лідскай газеты”, было цікава, прыемна, урачыста і важка ўдвайне, бо браў шлюб кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі “Лідскай газеты” “Суквецце” (лічы, мой калега), загадчык літаратурнага аддзела гісторыка-мастацкага музея, чалавек творчы, закаханы ў беларушчыну, і да ўсяго -- проста чалавек з прыгожай душой і добрым сэрцам -- Алесь Хітрун. Яго абранніцай і музай стала прыгожая сціплая дзяўчына, светлавалосая і блакітнавокая Лілія Жэгарыс.

Свой самы галоўны дзень закаханыя вырашылі адзначыць па-беларуску, так, як калісьці іх дзяды і прадзеды. Самае падыходзячае для гэтага месца – цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”, дзе і сёння не проста захоўваюцца, але і жывуць нашы родныя традыцыі, культура і рамёствы.

Затаіўшы дыханне, усхваляваныя, але шчаслівыя ў самы свой незабыўны дзень, маладыя пераступалі парог цэнтра рамёстваў. У нацыянальных касцюмах, якія так пасавалі да іх твараў і былі сапраўдным упрыгажэннем! Музыкі зайгралі “Прывітальную” – хваляванне кудысьці знікла і маладыя смела ступілі на вясельны ручнік.

Цырымонію шлюбу на чыстай і прыгожай беларускай мове вяла загадчыца аддзела ЗАГС Наталля Малышка. Маладыя раз-пораз кідалі адзін на аднаго позіркі – тады іскрынкі, што свяціліся ў іх вачах, ператвараліся ў маленькія агеньчыкі. А калі Наталля Канстанцінаўна абвясціла іх мужам і жонкаю, яны ўспыхнулі, а дзесьці ўнутры два сэрцы затрапяталі ва ўнісон. Напэўна, не мне адной, а ўсім, хто бачыў гэта, прыйшла думка, -- якая прыгожая і шчаслівая пара! Нібыта папараць-кветку адшукала яна сваё каханне і не згубіла, а захавала і з ім у далонях сёння прыйшла да шлюбу. “Няхай жа пранясуць яго маладажоны да свайго сярэбранага, а потым і залатога вяселля, якое сустрэнуць у акружэнні дзяцей і ўнукаў!” -- жадала ім Наталля Малышка.

1

Маладыя прымалі віншаванні... Першымі дарылі іх хросная Ліліі, а таксама матуля і бабуля Алеся. Апошняя, бадай, перажывала самую вялікую радасць -- бачыць сёння такім свайго ўнука -- у светлым убранні, прыгожым, шчаслівым. Не стрымалася і заспявала маладым “Сто лят”... Яе падхапілі ўсе прысутныя. Хораша, шчыра, весела, з морам жартаў і пажаданняў віншавалі маладых калегі – супрацоўнікі гісторыка-мастацкага музея, дзе працуе Алесь, і сталовай ААТ “Будтрэст №19”, дзе працуе Лілія.

А потым вяселле ўзяла ў свае рукі гаспадыня цэнтра – Алена Шчэліна. На руках малады пранёс сваю каханую праз парог у старадаўнюю беларускую хату. Хата спакон вякоў была і ёсць месцам, дзе чалавек праводзіць большую частку свайго жыцця, калыскай, у якой нараджаецца і расце не адно пакаленне сям’і. Існуе павер’е, што кожнаму мужчыне неабходна пабудаваць сваю хату, а жанчыне – напоўніць яе цеплынёй і ўтульнасцю.

2

З гэтага моманту і госці вяселля сталі нейкімі іншымі: заварожана яны сачылі за тым, што адбываецца ў хаце. А маладыя тым часам удзельчалі ў розных абрадавых дзеяннях. Спачатку маладая кідала на печ пояс, які здавён лічыўся ахоўнікам ад хвароб і няшчасцяў, – каб задобрыць хатніка. Потым вядучая Алена Шчэліна сыпала ў кішэні маладому жменькі жыта і прыгаворвала: “Жадаем, каб у вас было столькі дачушак, колькі ў хаце падушак, столькі сынкоў, колькі ў сценах сучкоў”. Затым Лілія дарыла свайму абранніку бутэльку з зернем, абвязаную зноў жа поясам, – у знак таго, што вырашыла пражыць з Алесем ўсё сваё жыццё. А яшчэ быў куфар – неад’емная частка беларускай хаты і вяселля, бо ў яго маладая збірала свой скарб, пасаг. Нявеста дастала з яго падушачку і вышыла на ёй першую літару імені свайго каханага. Алесь тым часам малоў на старадаўніх жорнах муку -- першы сямейны набытак. Лілія між тым не стаяла, а дапамагала мужу. Разам яны змалолі поўны мяшочак мукі.

3

Госці ж у гульні гулялі. Сябры і сяброўкі абкручваліся паясамі -- варажылі, хто ў маладых першы народзіцца: сынок ці дачка. З двух раз, (каб дакладна) выйшла, што першым чакаць сям’і хлопчыка. Па традыцыі ў даўнія часы маладыя ішлі да ганчара, дзе рабілі заказ на посуд. Алесю і Ліліі выпала магчымасць на глінянай падкове зрабіць уласнаручна першы запіс. Яны напісалі: “А+Л= сям’я”.

Ад супрацоўнікаў цэнтра рамёстваў маладыя атрымалі сімвалічны падарунак -- саламяную ляльку “Неразлучніцу” – талісман шчаслівага сямейнага жыцця, якое, (і ў гэта проста нельга не верыць пасля ўсяго ўбачанага!) будзе ў Алеся і Ліліі, працягвацца доўгія гады.

4

“Каб разам усё жыццё ішлі, шчасце-долю знайшлі”, – жадалі супрацоўнікі цэнтра рамёстваў. Маладыя зрабілі круг гонару і шчыра дзяліліся перажытым:

-- Перапаўняе радасць і адчуванне шчасця. Мы чакалі гэтага, і вось, нарэшце, яно збылося -- мы муж і жонка.

-- Жаданне правесці самую важную падзею ў жыцці, вяселле, згодна беларускаму абраду з’явілася ў мяне даўно: калісьці на беларускім тэлебачанні ішла перадача “Запрашаем на вячоркі” – убачыў і запала ў душу, -- дзеліцца Алесь.

-- Я цалкам падтрымала свайго будучага мужа, бо лічу, што мы павінны захоўваць традыцыі нашых продкаў, свае карані, -- адказала Лілія.

Гэта вяселле не толькі запомніцца маладым і іх родным на ўсё жыццё, але і стане добрым пачаткам новай беларускай сям’і. Ды і іначай і быць не можа: хіба ёсць у свеце што-небудзь лепшае, чым сваё, роднае?!

5

***

Да віншаванняў маладажонаў далучыліся і мы, супрацоўнікі рэдакцыі “Лідскай газеты”, і пажадалі маладым дабрабыту, бясконцага кахання і сямейнага шчасця.

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

6

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться