«Звініць каса – жыве вёска» – так называўся конкурс касцоў, які 26 чэрвеня ўпершыню прайшоў у нашым раёне (фота)

30 Июня 2016 3517

Думку аб тым, каб адаптаваць гэты конкурс да Лідчыны, метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш выношвала даўно. У Бярозаўскім раёне, на Брэстчыне, адкуль яна родам, конкурс касцоў даўно набыў статус міжнароднага. А ў нас, у Прынямонні, хіба мала віртуозаў сенажаці? І сёлета, калі ў раёне стартаваў праект «Абрады маёй радзімы», Ганна Мікалаеўна і яе калегі з ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» вырашылі, что зараз самы час ажыццявіць задуманае. Ідэя правя-дзення конкурсу выклікала вялікую зацікаўленасць таксама з боку Ганчарскага Дома культуры, тутэйшых сельвыканкама (Ганчарскага) і гаспадаркі (КСУП «Беліца-Агра»). Выказалі жаданне аказаць дапамогу ў яго арганізацыі таксама ААТ «Лідахлебапрадукт» і Лідскі хлебазавод. І вось што з гэтага атрымалася… Забягаючы наперад, падкрэслім: сапраўды атрымалася!

Да вызначанай даты быў састаўлены спіс аматараў, якія пажадалі праявіць сябе ў касьбе. Сярод іх – тры жанчыны. Самаму малодшаму ў спісе было 14 год, самаму старэйшаму – 80.

Раніцай 26 чэрвеня на павароце з шашы перад старымі Ганчарамі можна было ўбачыць указальнік са стрэлкай, які накіроўваў на тое самае месца, на ўскрайку сенажаці за вёскай, дзе непасрэдна павінен быў адбыцца конкурс. Там ужо стаяла сцэна, над якой красавалася расцяжка з назвай конкурсу «Звініць каса – жыве вёска», а побач пэўная плошча лугу папярэдне была падзелена на роўныя дзялянкі. Арганізатары рабілі апошнія прыгатаванні, прыехалі артысты з Мажэйкаўскага Дома культуры – народны ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка», – рэгістраваліся касцы, хваляваліся іх родныя і знаёмыя. І вось усе 17 удзельнікаў конкурсу выстраіліся перад сцэнай, з якой іх віталі першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Клімук, старшыня Ганчарскага сельвыканкама Ніна Урбановіч, старшыня КСУП «Беліца-Агра» Казімір Янушкевіч.

Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Клімук. Ён адзначыў, што конкурс касцоў праводзіцца на Лідчыне ўпершыню і гэта вельмі добрае пачынанне, і, у прыватнасці, падкрэсліў: «Радуе, што сучаснае пакаленне не толькі захоўвае, але і дастойна адраджае традыцыі сваіх продкаў, у тым ліку – ручной касьбы, якая з’яўляецца часткай гістарычна-культурнай спадчыны нашай краіны». Мікалай Вітальевіч пажадаў конкурсу ручной касьбы мець працяг і стаць на Лідчыне традыцыйным.

IMG 2867

Пасля прывітальных слоў касцоў на хвілінку папрасілі адкласці ўбок свае косы, каб выцягнуць нумарок дзялкі, потым пазнаёмілі іх з цікавым народным звычаем. Сутнасць яго ў тым, што ў вёсцы перад касьбой вызначалі жанчыну, якая выконвала ролю Сеназарніцы. У яе абавязкі ўваходзіла благаславенне мужчын на касьбу. Ролю Сеназарніцы на гэтым свяце ўсклала на сябе аматарскае аб’яднанне «Ульяніца» Ганчарскага Дома культуры. Жанчыны з «Ульяніцы», адзетыя ў прыгожыя народныя касцюмы, павязалі кожнаму ўдзельніку конкурсу пояс, звіты з лекавых траў (чыстацелу, падбелу, крапівы і іншых), каб не балела спіна, і мовілі наказ на справу. Раптам зайгралі музыкі з «Каханачкі», і пад спевы народнага калектыву касцы калейкай рушылі на свае дзялкі. Мажэйкаўскія артысты, дарэчы, выконвалі не звычайны нумар – гэту песню яны спецыяльна адрэпетыравалі да конкурсу касцоў. «Касіў бацька, касіў я, нас касіла двое», – стваралі настрой касцам спевакі.

IMG 2962IMG 2969

Сеназарніцы ўручалі касцам абярогі - лялек-пакосніц

Хоць свята пачалося рана, у восем гадзін, надзвычай гарачае сонца паспела выпіць ранішнюю расу, што ўскладняла касьбу, але паглядзець было на што! Літаральна кожны касец, без выключэння, выклікаў захапленне: і хлопцы, і больш сталыя мужчыны, і прыгажуні маладзіцы. Але калі асабіста мяне, як журналіста, прывабліваў працэс ручной касьбы сам па сабе, то для журы конкурсу гэта быў вельмі напружаны прамежак часу. Журы, дарэчы, складалася са старшыні Ваверскага сельвыканкама Аляксандра Іодкі (ён узначальваў журы), старшыні Ганчарскага сельвыканкама Ніны Урбановіч і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Уладзіміра Самсонава. Каб вызначыць пераможцу, яны звярталі ўвагу ў першую чаргу на якасць касьбы (вышыню травы пасля пакосу), на хуткасць, на чысціню (каб не заставалася «барады» – рэшткаў няскошанай травы), на эстэтычны выгляд валкоў.

IMG 2929

Старшыня журы Аляксандр Іодка і член журы Уладзімір Самсонаў ацэньваюць якасць пракоса

Я з фотаапаратам падбягала то да аднаго, то да другога касца. Перапынкамі знаёміліся. Вось самы малодшы касец Ілля Кудла, яму ўсяго 14 год, ён з Дроздава, бацька працуе на льнозаводзе, маці – у КСУП «Беліца-Агра». Вось Іван Матусевіч, яму ідзе 81-ы год, ён з Ганчароў, былы настаўнік Ганчарскай СШ і трэнер па барацьбе Бярозаўскай СШ. Вось Таццяна Зялінская, яна, між іншым, грае на касе ў «Каханачцы», а ў конкурсе касцоў удзельнічае з сынам Віктарам (ён на другой дзялцы). Неўзабаве самыя спрытныя закончылі пакос сваёй дзялкі. Сярод іх Генадзь Юшкевіч – прадпрымальнік з Крупава. Ён паведаміў, што ў конкурсе прымае ўдзел – на дзялцы непадалёк – таксама і яго сын Юрый. Сярод тых, хто справіўся найхутчэй, і Яўген Чайко з Мінойтаў. Ён не толькі хутка касіў, але і вельмі годна глядзеўся на пакосе, бо прыехаў у прыгожай кашулі з беларускім арнаментам, якую спецыяльна да конкурсу яму пашыла жонка Святлана. А як зграбна, прыгожа, элегантна касіў Мікалай Сакалоўскі, кіраўнік фальклорнага калектыву аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры!

IMG 2879IMG 2879

IMG 2879

IMG 2879

IMG 2879

IMG 2879

IMG 2879

IMG 2879IMG 2879

IMG 2879IMG 2927

Была на сенажаці работа і Сеназарніцам – яны ў збанках падносілі касцам ваду.

Але вось усё ўжо скошана, члены журы пачалі падводзіць вынікі. Астатнія ўдзельнікі свята ў гэты час не сумавалі, бо для іх спявала «Каханачка» і быў прадэманстраваны майстар-клас па кляпанні касы. Аказваецца, на Лідчыне практыкаваліся два спосабы кляпання. Адзін з іх, калі каса пры гэтым не здымаецца з касаўя, прадэманстраваў Дыяніз Машкала з Ваверкі. Другі спосаб, калі каса перад кляпаннем здымаецца з касаўя, паказалі Леанід Урбановіч з Ганчароў, былы галоўны інжынер мясцовай гаспадаркі, і 78-гадовая Ядвіга Шалтыс з Жучкоў, былы палявод.

IMG 2942

IMG 2946IMG 2955

Ну а хто ж яны, пераможцы? Уладальнікамі спецыяльных прызоў першага конкурсу касцоў на Лідчыне сталі: самы малодшы касец – 14-гадовы Ілля Кудла з Дроздава; самы старэйшы касец – 80-гадовы Іван Матусевіч; тры канкурсанткі-жанчыны – Таццяна Зялінская з Радзівонішак, Марыя Бальцэвіч з Верх-Ліды і Юлія Шэшка з Ліды (самая малодшая з іх); удзельнікі майстар-класа па кляпанні касы Леанід Урбановіч і Ядвіга Шалтыс; касец, які прадэманстраваў самую элегантную касьбу (па словах журы, касіў – як песню спяваў), Мікалай Сакалоўскі.

IMG 2973IMG 2977

IMG 2986IMG 2990

А ў самым канцы сталі, нарэшце, вядомыя імёны лідараў конкурсу. Трэцяе месца прысудзілі Дыянізу Машкалу, 71-гадоваму пенсіянеру з Ваверкі, былому механізатару, ардэнаносцу (узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга). Другое месца атрымаў Станіслаў Ждонец з Верх-Ліды, рабочы ААТ «Лідахлебапрадукт», – за тое, што ў яго атрымаўся адзін з самых акуратных пракосаў, прычым на складаным участку, у нізіне з густым травастоем. А лепшым касцом конкурсу (яму і дасталася першае месца) прызналі Івана Караля з Рулевіч Ваверскага сельсавета, які працуе лесніком. Як адзначыла журы, пракос Івана Караля быў проста ідэальны.

IMG 3018

Узнагароджванне лідэра касьбы Івана Караля

IMG 3018

IMG 3018

IMG 3018

Пераможцы конкурсу (злева направа): Станіслаў Ждонец, Іван Кароль і Дыяніз Машкала.

Інтэрв'ю з пераможцамі конкурса касьбы

Іван КАРОЛЬ (з вёскі Рулевічы, першае месца ў конкурсе):

– Касіць я прывучаны з дзяцінства. Нас у бацькоў было двое – я і мая сястра. У гаспадарцы трымалі трох кароў. Вядома, накошваць на іх бацьку аднаму было нялёгка. Таму я змалку яму дапамагаў. Сенажаці тады калгаснікам выдзялялі няшмат. Даводзілася прыглядаць лапікі з асакой на няўдобіцах за рэчкай Дзітва пад Яўсеевічамі. Там, за ракою, і ставілі стагі. Так што стаж касца ў мяне немалы. Не дае згубіць кваліфікацыю касца і цяперашняя мая работа. Я працую лесніком у Ваверскім лясніцтве. У нас шмат маладых пасадак, і іх неабходна рэгулярна падкошваць, каб трава не заглушыла маленькія дрэўцы. Гэта такая ювелірная работа! Трошкі не так касой маханеш, і верхавінкі ў дрэўца не будзе. У нашай працы касой трэба валодаць бездакорна.

А яшчэ я музыку люблю. З’яўляюся баяністам «Гудскага гармоніка».

Калі конкурс касцоў будзе праводзіцца на наступны год, я абавязкова прыму ў ім удзел. Толькі касу з сабой вазьму лепшую.

Станіслаў ЖДОНЕЦ (з вёскі Верх-Ліда, другое месца ў конкурсе):

– Я працую рабочым у ААТ «Лідахлебапрадукт». А касу ў руках трымаю, колькі сябе памятаю. Мае бацькі мелі ў гаспадарцы 7 кароў. Тата быў хваравіты. І я, можна сказаць, быў асноўным касцом у сям’і. Даводзілася скошваць вялікія плошчы. І я так набіў руку на гэтай справе, што за дзень мог скасіць цэлы гектар. Думаю, калі б была неабходнасць, то і зараз, у свае 48 гадоў, яшчэ здолеў бы скасіць гектар за дзень.

Дыяніз МАШКАЛА (з аграгарадка Ваверка, трэцяе месца ў конкурсе):

– Я ўсё жыццё прапрацаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы ў Ваверцы. Зараз – на пенсіі, мне 71 год. За працу ўзнагароджаны двума ордэнамі. У 1972 годзе мне ўручылі ордэн «Знак Пашаны» за высокія вынікі ў вырошчванні бульбы. Ураджайнасць «другога хлеба» у нас тады была каля 500 цэнтнераў з гектара.

У сезон жніва я працаваў на камбайне. Другую высокую ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцягу – мне ўручылі у 1976 годзе за высокі намалот зерневых.

У час адпачынку люблю ўзяць у рукі гармонік. Я і сёння граю на гармоніку на розных мерапрыемствах у Ваверскім Доме культуры.

А касой я махаю, можна сказаць, усё жыццё – з дванаццаці гадоў. Лёс прымусіў. Неўзабаве пасля вайны, у 1948 годзе, памёр мой бацька, і мужчын у сям’і не засталося. Таму, ледзь я падрос, мужчынская работа ў гаспадарцы легла ў асноўным на мяне. І так я прывык да гэтай работы, што і зараз трымаю карову. Так што развітвацца з касой мне яшчэ рана.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться