Баброўскія цуды
У вёску Бабры Ходараўскага сельсавета да мясцовых цудаў варта было б пракласці турыстычны маршрут. Два з іх ужо ўвайшлі ў Кнігу рэкордаў Лідчыны – гэта цар-дуб, якому некалькі соцень год, і камень-следавік. А трэцяе... Так-так, ёсць у гэтай вёсцы яшчэ цуд, і хадзіць за ім далёка не трэба – рукой падаць, адвярніся толькі і ўбачыш цуда-казку, якую стварылі людзі.
Не першы раз каля гэтага цуда спыняецца рэдакцыйны аўтамабіль. Дакладна ведаем, што ў доме побач жывуць Марыя Міхайлаўна і Дзяніс Сяргеевіч Крыпені. А казку стварае іх унучка – лідчанка Аксана Гагалушка, якая працуе выхавацелем у Тарноўскім дзіцячым садку і наведвае бабулю з дзядулем у выхадныя дні. Пра казачны куток, які стварыла Аксана, на старонках “Лідскай газеты” ўжо расказвалася гадоў з пяць-шэсць таму, але і зараз нельга не ўспомніць і не напомніць аб ім, бо стаў ён шматаблічным і яшчэ больш цікавейшым і прыгажэйшым.
На лаўцы каля плоту прыселі баба з дзедам і калышуць у калысцы немаўля. З першага позірку можа падацца, што яны сапраўдныя, жывыя. Менавіта так падалося нядаўна аднаму з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства, які, праязджаючы міма, кіўнуў галавою “старым”, паздароўкаўся. А потым міжволі спыніўся і выйшаў з машыны. Прыгледзеўся добра і, усё зразумеўшы, заўсміхаўся: “Гэта ж трэба было так змануцца! А яшчэ падумаў: чаму гэта Міхайлаўна з Сяргеевічам не адказваюць на прывітанне?”
Аптымістычны настрой авалодвае канчаткова, калі бачыш утульнае, сплеценае з токніх галінак дрэў, гняздо, якое чакае бусла...
– Бусел хутка будзе, – адзначае Марыя Міхайлаўна. – Гэта першае, што ў бліжэйшы час Аксана хоча зрабіць.
Казачны баброўскі свет і яго героі выкананы з падручных матэрыялаў. Дзед з бабай, напрыклад, з дрэва. На іх тварах маскі, а прыбраліся яны ў дзедаву і бабіну вопратку. Прыйшліся да месца і іншыя вясковыя рэчы, якія больш не патрэбны ў гаспадарцы, але выкінуць якія шкада. Тут і кошыкі, і чыгункі, і чайнікі, і шапкі, і боты. Фантазія ў Аксаны багатая. А натхняюць яе, напэўна, вёска, бабуля з дзядулем, радзіма...
Скажу асабіста пра сябе: калі прыязджаю ў вёску, дзе гадавалася і дзе жыла мая бабуля, адчуваю вялізную любоў да ўсяго: кожнага дрэўца, травінкі... Даўно ўжо няма дарагога сэрцу чалавека, ды і мне ўжо шмат год, але дзіцячыя вобразы паўстаюць як жывыя. Мне здаецца, пакуль ёсць такое жаданне і магчымасць – вяртацца ў дзяцінства, няхай сабе ў мроях, – трэба гэта рабіць. Можа, адтуль мы зачэрпнем крыху шчырасці і непасрэднасці? Можа, там сустрэнемся з роднымі, навучымся прасіць у іх прабачэння і рабіць штосьці добрае?
Мае рацыю Аксана Гагалушка. Казачны куток – усяго адна яе справа, а колькі добрага выпраменьвае яна! За прыкладам далёка хадзіць не трэба: бліжэйшая суседка Марыі Міхайлаўны – Рэгіна Расціславаўна Заяц – таксама вырашыла стварыць у сябе на падворку казку, і каля яе дома (на верхнім здымку) сёння таксама вельмі прывабна і хораша. Упэўнена, пройдзе час, і каля яе падворка ў нас будзе нагода спыніцца і падзівіцца яшчэ аднаму баброўскаму цуду.