Літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» пры «Лідская газеце» рыхтуецца да святочных імпрэз
Асобна хачу расказаць пра літаратурную дзейнасць нашай Лідчыны, а больш дакладна – літаратурнага аб’яднання “Суквецце”. Пройдзены 2012 год, які быў абвешчаны Годам кнігі: майстры пяра выдавалі свае зборнікі вершаў, прозы, якія ўрачыста прэзентаваліся ў горадзе. 2013 год выклікаў беражлівасць да спадчыны, да культуры. 2014-ы гасцінна дапамог сустрэць сяброў-аднадумцаў, сустрэчы з якімі надоўга запомніліся лідчанам. 2015-ы прайшоў пад знакам Года моладзі. У 2016-м для літаратараў пройдзе шэраг сустрэч з юбілярамі Лідчыны, якія сваёй творчасцю аздабляюць наш край: Хрысцінай Лялько, Ірынай Багдановіч, Алесем Стадубам, Юрыем Карэйвам, Іванам Гушчынскім і іншымі.
Гэты год нагадае і пра вядомую беларускую паэтэсу Цётку (Алаізу Пашкевіч, 140 год з дня нараджэння), пра былых літсупрацоўнікаў газеты “Уперад” Ніну Тарас (100 год) і Якуба Міско (105 год), Леаніда Вінніка (60 год), Смарагда Сліўко (85 год). Бягучы год на Лідчыне будзе працягваць цыкл гасцінных сустрэч з вядомымі пісьменнікамі Беларусі. А галоўным момантам стане падрыхтоўка да святкавання юбілея літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, што дзейнічае пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Так, у наступным, 2017, годзе нашаму “Суквеццю” споўніцца 50 год! Задумана, каб у паэтаў Лідчыны быў свой гімн (песня). У літаратараў павінен быць распрацаваны пэўны сімвалічны знак: эмблема, лагатып. Пра дзейнасць літаратурнай Лідчыны, магчыма, можна будзе дазнацца і праз інтэрнэт-сайт.
І таму літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” аб’яўляе конкурс для літаратараў, мастакоў, дызайнераў:
на лепшы гімн (песню) літаратурнай суполкі Лідчыны;
на лепшы сімвалічны знак (эмблему, лагатып) літаратараў Лідчыны;
на лепшы распрацаваны сайт “Суквецця”.
Акрамя гэтага, мы не супраць прыняць і вершаваныя прысвячэнні-прызнанні, адрасаваныя літаб’яднанню.
Вынікі будуць падведзены на ўрачыстым пасяджэнні літаратараў падчас святкавання юбілея. Лепшыя ўдзельнікі будуць аддзячаны.
А найбольш інфармацыі пра жыццё-быццё літаратараў Лідчыны, пра сустрэчы з юбілярамі і з гасцямі-творцамі, пра прэзентацыі чарговых кніг можна дазнацца са старонак “Лідскай газеты”. І таму не забывайце падпісвацца на раённае выданне – і пастаянна будзеце ў курсе падзей нашай Лідчыны, а выданне з кожным разам прынясе свежыя навіны і раскрые чарговыя цікавыя старонкі прынёманскага краю. І яшчэ: калі пішаце вершы, празаічныя творы, выконваеце песні пад гітару, цікавіцеся мастацкай літаратурай, то далучайцеся да літаратурнага аб’яднання і дзяліцеся сваімі здольнасцямі і талентам.