Фота ў стылі рэтра: пляцоўка для танцаў пад адкрытым небам

16 Апреля 2015 2656

Людзі старэйшага пакалення ўспомняць, што ў пасляваенныя гады, ды і ў наступныя дзесяцігоддзі любы лідчанін маладога ўзросту кожныя выхадныя літаральна бег на танцы. Менавіта там можна было весела правесці час, на іншых паглядзець і сябе паказаць.

Нядаўна чытач «Лідскай газеты» Віктар Сухойда прынёс у рэдакцыю ўнікальны здымак: на ім – частка паркавай тэрыторыі побач з загсам, дзе размяшчалася пляцоўка для танцаў пад адкрытым небам. Сёння тут дзіцячы забаўляльны цэнтр. Дакладна вызначыць месцазнаходжанне аб’екта дапамагаюць карпусы абутковай фабрыкі, што можна заўважыць удалечыні, а таксама комін ЦЭЦ. Мяркуючы па невысокіх дрэвах, сам парк тады быў яшчэ зусім маладым.

Пляцоўка на фота абнесена просценькім драўляным плотам. І гэта невыпадкова. Нават культурны вольны час тады быў арганізаваным. На танцавальныя вечары прадавалі квіткі (мая мама ўспамінае, што каштавалі яны нядорага: усяго 30 капеек). Каля ўваходу дзяжурылі дружыннікі, каб прадухіляць канфлікты сярод наведвальнікаў, што прыходзілі на танцы падшафэ. 

Фота зроблена ў 50-х гадах, але ўжо ў пачатку 60-х танцпляцоўку абцягнулі металічнай сеткай. Верагодна, невысокі штыкетнік не змог стаць істотнай перашкодай для безбілетнікаў. Яшчэ праз гадоў дзесяць тут з’явілася і зусім суцэльная бетонная агароджа белага колеру. Мяркую, што з асвятлення быў толькі адзін пражэктар, апора ад якога – на пярэднім плане здымка. Сціплая летняя эстрада магла размясціць толькі ВІА ці невялікі інструментальны калектыў, але для танцаў гэта было якраз тое, што трэба. 

Лідчане старэйшага пакалення, з кім мне ўдалося пагутарыць аб гэтым фота, у адзін голас запэўніваюць, што музыка выконвалася выдатная. Наведвальнікаў, што стаялі ўбаку, амаль не было. Пра тое, каб заказаць кампазіцыю, не было і гаворкі! Праграму вызначалі толькі самі музыкі і культарганізатар. Вечар традыцыйна адкрываў вальс, але моладзь з задавальненнем танчыла і энергічныя танцы.

Складана сабе нават уявіць, колькі шчаслівых хвілін, расчараванняў, сустрэч і расставанняў звязана ў лідчан з вечарамі, праведзенымі тут... А якой танцпляцоўку ў лідскім парку памятаеце вы? Магчыма, у вашым фотаальбоме захаваліся здымкі той пары. Падзяліцца ўспамінамі і паказаць сваё фота ў стылі рэтра нашым чытачам можна, папярэдне звярнуўшыся ў рэдакцыю па тэлефоне 52-32-87.

tanc

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться