Майстар-залатыя рукі
Міма дома №36 у вёсцы Ігнаткаўцы Ходараўскага сельсавета проста так не праедзеш – спыніцца і задумацца прымушае ўбачанае: прыгожыя вароты, дэкарыраваныя пад даўніну, адмысловыя разныя аканіцы... Ці не з казкі гэтыя аздобленыя драўлянымі ўзорамі вокны вясковай хаты?.. Або якісьці мастак маляўніча вывеў іх сваім пэндзлем?..
Трапіўшы на падворак, разумееш, што з вуліцы бачыў не ўсё. Далёка не ўсё... Тут жа ёсць і калодзеж з трысняговым дахам, і мініяцюрны млыночак, і ажурная альтанка, і мноства кветак, што “цвітуць” круглы год, і нават лебедзі, якія “плывуць” па сцяне гаспадарчай пабудовы... Гэтую казку сваімі рукамі стварае жыхар Ліды, самы сапраўдны майстар-залатыя рукі Вацлаў Капачэль. Яго застаём за чарговай справай – зваркай металічнага каркаса, асобнага элемента будучай лазні. Дарэчы, лазню з былой летняй кухні збудаваў ізноў жа ён сам. І яе таксама ўпрыгожваюць выразаныя з дрэва адмысловыя элементы дэкору.
Праз хвіліну-другую пасля знаёмства становіцца зразумела: прыгажосць гэтага падворка і гэтай хаты не толькі вонкавая, але і ўнутраная, якая зыходзіць ад саміх людзей. Аказваецца, жывуць яны ў Лідзе, а хата ў Ігнаткаўцах – іх бацькоўскае гняздо. Сюды прыязджаюць штотыдзень, праводзяць тут лета. Гаспадары – дзве сястры: Ірына і Валянціна (жонка майстра), а таксама іх брат. Дзесяць год, як памерлі іх бацькі. Але дзеці не выракліся сваёй бацькаўшчыны. Усім сэрцам любяць родны куток, сочаць за парадкам, ды яшчэ і казачную прыгажосць ствараюць.
У Вацлава Мар’янавіча на вясковым падворку шырокі прастор для дзейнасці. Ніколі не сядзіць ён без справы: нешта задумае – і, глядзіш, ужо робіць. Рукі мае чалавек сапраўды залатыя – усё ў яго атрымліваецца. Мала таго што працуе з тэхнікай (Вацлаў Капачэль – электра-зваршчык у ААТ «Кіруючая кампанія холдынга “Лідсельмаш”), ён натура творчая. Прызнаецца: натхненне наведвае яго час ад часу. “Нават уночы, бывае, устанеш, а перад вачыма – нейкая карціна, узор, – кажа майстар. – Бяру паперу, аловак і малюю. Потым думаю, як і дзе гэта прымяніць”.
Менавіта так нарадзіліся ў Вацлава Мар’янавіча дзіўныя аканіцы. “Узор прыдумаў сам, намаляваў, – расказвае ён. – Потым пераносіў на дрэва. Спачатку выразаў пілкай, потым набыў электралобзік”. Ці вось яшчэ – калодзеж... “Калодзеж на падворку быў стары, – гаворыць майстар, – і апошняе кольца – вельмі дрэннае. Вырашыў абкласці звонку каменем. Ніхто мяне не вучыў – як сам задумаў, так і рабіў. Збудаваў драўляную накрыўку, зрабіў вядро. Захацелася зрабіць прыгожы дах. Узнікла пытанне: які? І так думаў, і сяк. Спыніўся на саламяным варыянце. Праўда, замест саломы выкарыстаў трыснёг, якога багата расце па навакольных балотах”.
...Вясна паўнапраўна крочыць па лідскай зямлі, а нашага майстра кліча вёска. Адразу пасля працы, у пятніцу, Вацлаў Капачэль ужо спяшаецца ў Ігнаткаўцы, дзе рукі просяць справы, а душа адпачывае.