Велапілігрымкай у Тракелі праславілі Бога і Дзеву Марыю

19 Августа 2023 909


У Тракелі імкнуцца людзі самага рознага ўзросту і заняткаў – іх аб’ядноўвае імкненне чэрпаць сілы з жыватворных крыніц духоўнасці. Вось і 13 жніўня распачала свой шлях да Маці Божай Каралевы нашых сем’яў велапілігрымка з Ліды, Воранава, Радуні.

Цікава, што самаму старэйшаму велапілігрыму было 76 год, а самаму малодшаму – усяго адзін год. Хтосьці прыбыў да Маці Божай з падзякай, хтосьці з просьбай, хтосьці ўзяў не асабістую, але агульнаграмадскую інтэнцыю. Для кагосьці велапілігрымка стала спосабам абвяшчэння Евангелля.

У санктуарыі велапілігрымаў прывітаў кусташ ксёндз-канонік Юрый Бяганскі, які ўзначаліў святую Імшу, агарнуў малітвамі ўсіх, хто прыбывае ў гэтае святое месца.

Велапілігрымы атрымалі сапраўдную асалоду ад знаходжання на тракельскай зямлі. Духоўныя мерапрыемствы гарманічна спалучыліся з выключнай навакольнай прыгажосцю, створанай прыродай і прымножанай чалавечымі рукамі. Багатыя кветнікі і зялёныя лугавінкі, дзівосныя расліны і дэкаратыўныя кампазіцыі, вадаёмы з рознакаляровымі німфеямі і ўтульныя альтанкі — усё тут дыхае любоўю і дасканаласцю. Гэта месца быццам выпраменьвае дзіўную прыцягальнасць і сцвярждае: чалавек закліканы на гэту зямлю, каб ствараць!..



Завяршэннем падзеі стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў.

Гэта быў цудоўны дзень, праведзены з малітвай і ў сяброўскай атмасферы. Велапілігрымка дапамагла адпачыць сэрцам і паказала напрамак, у якім рухацца далей.

"Шчаслівай жыццёвай дарогі вам, Божай дапамогі, папутнага ветру ў падарожжах і поўнага ўзаемаразумення!" – пажадаў кусташ санктуарыя ксёндз-канонік Юрый Бяганскі ўсім велапілігрымам.



Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться