Горад на старых выявах. Фарны касцёл (фота)
Працягваем цыкл пад назвай “Горад на старых выявах” аўтара Леаніда Лаўрэша. У сённяшнім выпуску – падборка, звязаная з Фарным касцёлам.
У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Таксама Ягайла надаў зямлю “на 6 сох”, 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усей каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адчыніў пры касцёле францысканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага закону былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г. І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і асвечаны пад назвай «Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых».
У Метрыцы ВКЛ Лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік лідскага старасты Юрыя Ільініча не аддаў арыштаванага слугу гетмана Канстанціна Астрожскага, калі “тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы”.
Падчас спусташальнай вайны 1654–1663 гг. горад быў цалкам знішчаны. У тэксце візітацыі касцёлаў віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс: “Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара”.
У другой палове XVIII ст., верагодна па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы ў стылі барока быў пабудаваны Фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу.
Фарны касцёл у пачатку ХХ ст.
Будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Томаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча (пам. 23.01.1762). Міхал Зянкевіч, перад тым як у 1747 г. стаць віленскім біскупам, быў лідскім пробашчам. У сваім завяшчанні, напісаным у 1761 г., ён рэкамендаваў прапанаваць прыцягнуць да будаўніцтва Іагана Крыштофа Глаўбіца або «каго-небудзь яшчэ, добрага». Біскуп прызначыў для будаўніцтва 50 000 тынфаў і працэнты ад 7500 чырвоных злотых, якія былі размешчаны ў фальварку Канюшаны, Томаш Зянкевіч хутка павялічыў гэтую суму на 4900 злотых. Новы касцёл пачалі будаваць на новым месцы, але недалёка ад старой святыні, і высвяцілі ў 1768 ці 1780 г.
Свой агульны выгляд касцёл захаваў да нашага часу, аднак вядома, што першапачаткова ён меў дзве трохузроўневыя вежы. У новы касцёл былі перанесены некаторыя рэчы са старога: абразы, купель, увянчаная драўлянай статуяй св. Яна Хрысціцеля, і арган, другі арган быў перанесены сюды з крупаўскага касцёла.
Новы касцёл меў сем алтароў. Тры з іх (у тым ліку і галоўны) мураваныя, размаляваныя пад мармур, бакавыя алтары – у блакітна-ружовыя таны.
У галоўным алтары знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай Ружанцовай. Пра Божыя ласкі, выказаныя праз гэты абраз, сведчылі запісы ў “Кнізе цудаў”. Таксама ў алтары былі чатыры драўляныя фігуры: злева св. Пётр і св. Станіслаў, справа св. Павел і св. Казімір, а над імі – чатыры стуковыя (штучны мармур) анёлкі.
Другія два мураваныя алтары былі пад вызваннямі Яна Непамуцкага і Бічавання.
Алтар Св. Яна Непамуцкага ў верхняй частцы меў маляваны на сцяне абраз Найсвяцейшай Панны Ружанцовай, алтар Бічавання там жа – абраз Св. Апостала Тамаша. Усе абразы ў бакавых алтарах, за выключэннем абраза Бічавання, былі новыя.
Каля касцёла, 1917 г.
Два алтары, якія знаходзяцца пры ўнутрыкасцельных слупах, мелі мураваныя прастолы з абразамі св. Антонія і св. Юзэфа, якія былі перанесены са старога касцёла.
Іншыя два алтары пры бакавых сценах – пад вызваннем св. Барбары і св. Івона.
Сцены і столь прэзбітэрыума пакрывалі малюнкі. Падлога выкладзена каменнымі плітамі, але пад лаўкамі і па баках была выкладзена цэглай.
Унутранае абсталяванне касцёла з большага захавалася да нашых дзён.
Фарны касцёл у 1920-х гг.
Касцёл агароджвала мураваная сцяна, унутры якой знаходзіліся могілкі, каля храма стаяла званіца на чатырох слупах з двума званамі. На вуліцу вяла брама “бляхай крытая, на ёй вырабленае з жалеза імя Марыя з прамянямі зялёнага колеру”. Адначасова з касцёлам планавалася пабудова плябаніі і двух шпіталяў, з якіх адзін ужо ў 1777 г. патрабаваў рамонту. У тым жа 1777 г. планавалася пабудаваць парафіяльную школу, бо шэсць вучняў да гэтага часу вучыліся ў доме арганіста.
З-за памылак пры праектаванні і будаўніцтве касцёла, а таксама з-за “надта дрэннага матэрыялу”, ужо ў 1777 г. храм патрабаваў рамонту, пра тое ж самае напісана і ў візітацыі 1782 г. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты карнізаў і сценаў, да таго ж ветрам павыбівала шыбы і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў.
У 1790 г. на грошы ксяндза Вінцэнта Нарбута быў устаноўлены новы арган, які замяніў арган, што застаўся яшчэ ад старога касцёла.
Рамонт праводзіўся ў 1782-90 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, дзеля чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1675 чырвоных злотых. Канчаткова касцёл быў адрамантаваны да 1792 г. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла. Таксама папраўлены пілястры і ўсе вокны. Дах нанава пакрыты гонтай, маленькая вежа над прэзбітэрыумам пакрыта бляхай.
Фарны касцёл, плошча Славы, прыпынак аўтобусаў, 1930-я гг.
Цікава было б пабачыць малюнак лідскага Фарнага касцёла да перабудовы – з дзвюма вежамі, але, на жаль, хутчэй за ўсё, такога малюнка не існуе.
15 жніўня 1812 г. у Фарным касцёле і горадзе прайшлі святочныя мерапрыемствы па святкаванні дня нараджэння Напалеона. У першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. былі пабудаваны ўсе касцельныя пабудовы: шпіталь, могілкі, новая плябанія (1818 г.) – і закончаны рамонты: тынкоўкі, вокнаў, дзвярэй. Зроблены два новыя алтары: Св. Сімона Юды, Св. Тэклі і Св. Барбары. У той жа час у галоўным алтары ўстаноўлены абраз “Хрыстос, які падае пад крыжам”.
У 1826 г. пажар знішчыў дах і вокны касцёла, згарэў таксама і шпіталь, страты былі вялікімі, бо яшчэ ў 1832 г. рамонт касцёла не закончаны. Пасля пажару ў 1828 г. дах касцёла пакрылі саломай.
Пасля скасавання Закона Піяраў у 1844 г. Фарны касцёл прыняў уцалелы пры пажары піярскага манастыра звон.
У 1847 г. быў пабудаваны новы шпіталь для ўбогіх, а ў 1856 г. адрамантаваны арганы.
Вялікі рамонт усяго касцёла праводзіўся ў 1861 г. У 1878 г. адноўлены франтон святыні. Чарговы рамонт зроблены ў 1886-92 гг.
У 1906-09 гг. пры пробашчы Юзэфу Шкопу адноўлены тынкоўка, насценныя малюнкі, алтары.
У 1960-х гадах разабрана агароджа касцёла разам з брамай.