Калі трэба, дадзім у Доме Таўлая канцэрт
08 Августа 2022
2562
Сярод наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды і горада Бярозаўкі нямала людзей творчых, якія, нягледзячы на пэўныя фізічныя абмежаванні, пад куратарствам чулых работнікаў аддзяленняў знаходзяць прымяненне сваім талентам. Гэтыя людзі абмежаваныя ў магчымасцях, але багатыя душой і моцныя духам. Хтосьці з іх іграе на шумавых інструментах, хтосьці танцуе, хтосьці піша вершы, хтосьці малюе або стварае вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… І такіх людзей у рамках інклюзіўнага праекта “Перадай дабро па крузе” запрашае ў госці Дом паэта Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея, выдзяляе плошчы для сустрэч з імі і выстаў іх работ, каб пра іх таленты, іх багаты ўнутраны свет даведаліся наведвальнікі Дома-музея. Вось ужо другі год Дом Таўлая з’яўляецца пляцоўкай не толькі для паэтаў, але і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (сярод якіх, дарэчы, таксама ёсць паэты). Праект “Перадай дабро па крузе”, куратарам якога з’яўляецца навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун, закліканы падтрымаць такіх людзей, дапамагчы ім заявіць пра сябе.
Калі ў сезоне інклюзіўнага праекта 2021 года ў Доме Таўлая арганізоўваліся сустрэчы з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды, то героі сустрэч сезона 2022 года – наведвальнікі аналагічнага аддзялення горада Бярозаўкі. У Доме-музеі сёлета ўжо пабывалі і выстаўлялі свае работы ў навамодных тэхніках стрынг-арт і кінусайга беразаўчанкі Ала і Марына Кулеш (маці і дачка), адны з самых актыўных членаў Лідскай аб’яднанай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. На днях яны перадалі эстафету праекта жыхарам горада над Нёманам Веры Саннікавай і Сяргею Пачабуту, якія захапляюцца адпаведна дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвам (калі дакладней, то Вера Леанідаўна прывезла ў Дом Таўлая вырабы з тканіны, а Сяргей Яўгенавіч – графічныя малюнкі). Новая выстава называецца “Творчасць як жыццё”. І сапраўды, творчасць займае важнае месца ў жыцці абаіх беразаўчан. Абое нядаўна прыехалі з міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў, які праходзіў у Віцебску ў рамках “Славянскага базару”, прывезлі адтуль дыпломы і мноства яркіх уражанняў. І вось іх работы (няхай і малая іх частка) – на выставе ў Лідзе, у Доме Валянціна Таўлая. І Вера Саннікава, і Сяргей Пачабут уклалі ў гэтыя работы цяпло сваёй душы, сваю станоўчую энергетыку.
***
Творчасць Веры Леанідаўны прадстаўлена тут дзіцячымі паштоўкамі і кніжкамі-“малышкамі” ў тэхніцы скрапбукінг, штучнымі кветкамі з асаблівага матэрыялу – фаамірану (порыстай гумы), а таксама з фетру. Да атрымання інваліднасці майстрыха працавала на шклозаводзе “Нёман” рэзчыкам на агні. Аднак потым у яе выявілі лейкоз, у Мінску ёй зрабілі аперацыю па перасадцы касцявога мозга. Але без занятку жанчына не сядзела і дома – праз інтэрнэт даведалася пра выраб кветак з фаамірану, вырашыла сама паспрабаваць, абсталявала для сябе рабочы стол. Пазней дачка прывезла ёй машынку для скрапбукінгу – Вера Леанідаўна асвоіла і гэтую тэхніку. Майстрыха прызнаецца, што не можа доўга займацца адным і тым жа, а яшчэ – што не ўмее прадаваць свае работы – толькі дорыць іх ад усяго сэрца. У жанчыны ёсць свая старонка ў Інстаграме, куды яна выкладвае фота тварэнняў сваіх рук. А яшчэ Вера Саннікава хораша спявае. Яе песенныя нумары адкрываюць і закрываюць святочныя мерапрыемствы для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання горада Бярозаўкі. Наогул, усе жанчыны згаданага аддзялення здатныя да спеваў.
***
Творчасць жа Сяргея Пачабута прадстаўлена на выставе ўнікальнымі жыццесцвярджальнымі малюнкамі. Мастацкай адукацыі ў Сяргея Яўгенавіча няма, але талент і жаданне тварыць, бясспрэчна, ёсць. Свае графічныя работы ён стварае з дапамогай васковай крэйды і алоўкаў. Пра разнастайнасць тэм малюнкаў і багатую фантазію іх аўтара можна меркаваць ужо па іх назвах: “Зорнае неба”, “Геній”, “Ньютан з яблыкам” і інш.
– На шклозаводзе мне даводзілася шмат працаваць з фарбамі, – расказвае Сяргей Пачабут. – Вывучыў усе колеры і іх адценні – гэта дапамагло мне ў маляванні. Што мяне натхняе? Натхненне можна знайсці паўсюдна. Галоўнае – настроіцца на гэтую хвалю, што я і раблю.
Сяргей Яўгенавіч праяўляе сябе не толькі ў выяўленчым мастацтве – ён піша вершы, спявае, дасканала валодае камп’ютарам. Некалі быў удзельнікам вядомага мужчынскага вакальнага гурта “Кронан” Бярозаўскага дома культуры. Цяпер жа спявае ў вакальным гурце “Братаны”, створаным пры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі.
У свой час Сяргей Пачабут паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Пасля трэцяга курса прыняў удзел у міжнароднай праграме “Работа і падарожжа” і ў ліку іншых найлепшых студэнтаў па абмене быў накіраваны ў ЗША. Але нечакана ў Сяргея абвастрылася захворванне, ён вымушаны быў вярнуцца на радзіму, пакінуць універсітэт. У 2005 годзе вярнуўся ў родную Бярозаўку. Працаваў на шклозаводзе аператарам ЭВМ, кладаўшчыком. Работу сумяшчаў з лячэннем. Аддзяленне дзённага знаходжання ў горадзе над Нёманам стаў наведваць год назад, там знайшоў прымяненне сваім здольнасцям да малявання і вакалу.
***
Разам з аўтарамі работ на адкрыцці выставы “Творчасць як жыццё” прысутнічала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі Наталля Саўко.
– У Доме Таўлая я ўпершыню, – прызнавалася Наталля Мікалаеўна. – І ведаеце, у мяне ўжо ўзнікла жаданне больш даведацца пра паэта Валянціна Таўлая – настолькі цікавай, змястоўнай і цёплай была экскурсія для нас у мемарыяльны пакой паэта, праведзеная перад адкрыццём выставы куратарам гэтага Дома-музея і інклюзіўнага праекта Алесем Хітруном. Буду прыходзіць сюды яшчэ, прыводзіць з сабой наведвальнікаў нашага аддзялення – удзельнікаў праекта. У нас нямала рознабакова адораных людзей – ім будзе што паказаць у Доме Таўлая. Мы вельмі мабільныя і заўсёды гатовы прыехаць сюды з Бярозаўкі. Калі трэба, нават дадзім тут канцэрт або спектакль – будзе вельмі цікава.
Са сказанага вынікае, што ў Доме Таўлая будуць праходзіць новыя сустрэчы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, але з неабмежаванай фантазіяй, жаданнем тварыць і дзяліцца сваёй творчасцю, цяплом сваёй душы. Інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе” будзе працягвацца – будзе далей перадавацца эстафета дабра.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.