«Праз мінулае – да будучыні»: новы праект «Лідскай газеты» раскажа пра гісторыю Лідчыны на старонках раёнкі з дня яе заснавання
Існуе знакамітая фраза, якая, як сцвярджае народная мудрасць, б’е не ў брыво, а ў самае вока: народы, якія не ведаюць сваёй гісторыі, знікаюць.
Праўда, у сувязі з сённяшняй абстаноўкай у свеце яе можна працягнуць: або перапісваюць яе на свой кшталт, у залежнасці ад палітычных павеваў часу. Так дзейнічае, у прыватнасці, так званы “калектыўны Захад”, які закелзаны Злучанымі Штатамі Амерыкі ў натаўскі хамут, засмеціў інтэрнэтаўскія рэсурсы рознымі агіднымі фейкамі і ўжо – што зусім недаравальна – адмовіўся прызнаваць рашаючую ролю савецкага народа ў Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка нездарма на сустрэчы з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук паставіў адну з найважнейшых задач апошняга часу: стварыць сапраўдную гісторыю Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён без ніякіх купюр, дакладна пазначыўшы, хто ў ёй быў хто на самай справе. Напрыклад, калі калабарацыяністамі, якія пад бела-чырвона-белымі сцягамі змагаліся быццам бы за Беларусь, але супрацоўнічалі з фашыстамі, – так іх і трэба называць. Калі сапраўднымі беларусамі, якія ніколі не здраджвалі сваёй Радзіме (а такіх пераважная большасць), – дык гэта нашы героі, на якіх сёння трэба раўняцца...
Сапраўды, зусім нездарма сёлетні год аб’яўлены Годам Гістарычнай Памяці. Мы недарэмна гэтыя тры словы напісалі з вялікіх літар, бо вялікая ўвага надаецца не толькі самой мінуўшчыне, але і патрыятычнаму выхаванню моладзі, сувязі пакаленняў, любові да роднага кутка і многаму-многаму іншаму.
А праз два гады наша родная “Лідская газета” будзе адзначаць чарговы юбілей – ёй споўніцца 85! Мо, дзіўна, але сышлося адначасова не адна, а адразу некалькі важных нагод, каб распачаць праект пад назвай «Праз мінулае – да будучыні». Мы раскажам, чым жыла наша Лідчына ў 1939 годзе, у гады Вялікай Айчыннай вайны (дзякуй лідскім музейшчыкам, што змаглі захаваць асобныя нумары тых часоў). А пачынаючы з 1948 года, усе падшыўкі займаюць сваё пачэснае месца ў самой рэдакцыі.
Што ж, як кажуць, У ДОБРЫ ШЛЯХ! Але спачатку крыху перадгісторыі…
***
Гістарычным вынікам рэвалюцыйнага руху ў Расіі, у склад якой уваходзілі тагачасныя беларускія землі, стала, як вядома, перамога ў 1917 годзе Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі. Яе ідэі, якія адлюстроўвалі шматлікія спадзяванні на лепшае жыццё, былі настолькі прывабнымі, што вельмі хутка перакрочылі расійскія межы і ахапілі іншыя абшары, у тым ліку беларускія. Ужо ў жніўні 1920 года ў будынку аднаго з кінатэатраў Ліды, прыбраным чырвонымі сцягамі і лозунгамі, адбыўся агульнагарадскі мітынг, дзе было ўтворана павятовае бюро КП(б)Б, а неўзабаве і рэвалюцыйны выканаўчы камітэт. Дарэчы, у іх склад уваходзілі прадстаўнікі дзвюх партый – камуністаў і інтэрнацыяналістаў. Аднак першая савецкая ўлада ў Лідзе пратрымалася нядоўга. Ужо восенню таго ж года, захапіўшы заходнюю частку, польская армія Пілсудскага, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, зноў акупавала наш горад.
Такім чынам, з канца верасня 1920 года да 17 верасня 1939 года наш рэгіён, як і ўся асноўная частка заходнебеларускіх земляў, згодна з так званай Рыжскай дамовай, знаходзіўся пад уладай Польшчы. Цяжка паверыць, але менавіта ёй гэтыя амаль два дзесяцігоддзі належалі тэрыторыі цяперашніх Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, а таксама заходнія раёны Віцебскай і Мінскай, што складала амаль палову ўсёй цяперашняй Беларусі. З пункту гледжання сённяшняга дня нават страшна ўявіць: лінія дзяржаўнай мяжы, устаноўленая той жа Рыжскай дамовай і якая аддзяляла БССР ад Польшчы, праходзіла ўсяго ў некалькіх кіламетрах… ад Мінска – каля Ракава.
Так, гісторыя кроіла межы жорстка, па-жывому, як чэрствы акраец хлеба. Адрэзанымі адзін ад аднаго аказаліся не толькі далёкія знаёмыя, але і суседзі, сваякі. Можна налічыць безліч выпадкаў, калі па розныя бакі барыкад (маецца на ўвазе мяжы) апынуліся бацькі і дзеці, браты і сёстры, іншыя блізкія людзі. Нават вясковыя могілкі часта аказваліся ў іншай дзяржаве. Зразумела, што ўжо толькі па гэтых прычынах Рыжскую дамову нельга было лічыць справядлівай. Дарэчы, беларуская дэлегацыя, якая з неймавернымі цяжкасцямі змагла прыняць удзел у перамовах, была пазбаўлена права голасу.
Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай у адносінах да беларусаў, як і сёння, было вельмі жорсткім. Той жа вядомы лідскі краязнавец Анатоль Кулеш, якога не западозрыш у пакланенні, як некалі казалі, Саветам, у сваім папулярным гістарычна-геаграфічным нарысе “Горад Ліда: гісторыя, легенды, факты”, як відавочца таго часу, справядліва сцвярджае:
«У чэрвені 1922 года Сейм Польшчы прыняў закон аб карыстанні беларусамі, украінцамі і літоўцамі роднаю моваю ў судах, дзяржаўных і навучальных установах. У выніку напачатку ў школах было ўведзена двухмоўе, хаця на самай справе гэта вяло да знішчэння беларушчыны ўвогуле. Так, напрыклад, са 150 беларускіх школ, якія існавалі да 1921 года, засталіся толькі 2. А ў 1937 годзе было забаронена, што ўжо атаясамліваецца з сапраўдным кашчунствам, выкладаць рэлігію на беларускай мове для праваслаўных дзетак. Беларусам не дазвалялася ствараць свае арганізацыі, выдаваць на роднай мове газеты і часопісы. Адным словам, польскі ўрад вёў відавочную лінію на апалячванне жыхароў на тэрыторыі акупаваных заходніх абласцей, называючы іх не іначай як “крэсамі ўсходнімі” (усходняй ускраінай).Не толькі нацыянальнае становішча беларусаў, але і палітычна-сацыяльнае заставалася вельмі складаным. Была забаронена КПЗБ (камуністычная партыя Заходняй Беларусі). У верасні 1929 года, 6 і 17 чысла, адбыліся два судовыя працэсы над яе членамі. А восенню 1933 года ў Лідзе, у турме Каменка па вуліцы 3-га Мая (сёння Ленінская, будынак друкарні), – судовы працэс ваенна-палявога суда над членам КПЗБ, жыхаром вёскі Сялец Лідскага павета Міхаілам Манькоўскім. Ён быў асуджаны да пакарання смерцю. Тут жа, на дзядзінцы турмы, жудасны прыгавор быў прыведзены ў выкананне, уявіць нават страшна, праз павешанне…”
У 1931 годзе Ліду наведаў яго вялікасць прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнацы Масьціцкі. Ён пазнаёміўся з горадам і пабываў у старажытным замку, дзе тагачасныя прапольскія ўлады сабралі шматлікі натоўп лідчан. Відавочцам таго часу (а іх на Лідчыне засталіся, на жаль, адзінкі, а можа, не засталося і зусім) ён запомніўся сядзячым на ўкормленым кані і з залатой шабляй цераз плячо. Дарэчы, пра гэта не раз успамінала мая суседка з вёскі Рылаўцы Марыя Шэшка, якую разам з іншымі аднакласнікамі настаўніца польскай мовы вадзіла ў Ліду пешшу, каб сустрэча атрымалася больш масавай.
Праўда, залатая шабля прысутных у замку лідзян не вельмі ўразіла, бо медыцынскае абслугоўванне (нягледзячы на тое што існавала дзяржаўная бальніца) большасці насельніцтва было амаль недаступным. Кошт знаходжання хворага на лячэнні за адзін дзень даходзіў да 7 злотых, што складала 3-4 дзённыя заробкі. Акрамя дзяржаўнай, працавала яшчэ і прыватная, яўрэйская бальніца, якая знаходзілася ў раёне завода «Лідсельмаш», але і яна справы не вырашала. Звернемся яшчэ раз да гістарычна-геаграфічнага нарыса Анатоля Куляша. Вось што ён адзначае з гэтай нагоды:
“Нягледзячы на некаторыя станоўчыя зрухі, становішча ў Лідскім павеце, як і ў цэлым у “крэсах”, заставалася даволі складаным. Асабліва цяжка прыходзілася мала- і беззямельным сялянам. І блюзнерча сёння (нарыс быў напісаны і выдадзены ў 1994 годзе. – Заўв. рэд.) гучаць словы некаторых “вучоных-даследчыкаў”, быццам у той час сяляне “завязвалі дзверы кілбасою”. Майце сумленне, паны вучоныя! Хоць гісторыя не любіць часціцу “бы”, усё ж такі спытаю: кім бы вы былі, панове навукоўцы, у той час? Я маю на ўвазе ў першую чаргу навукоўцаў з беларускага асяроддзя Заходняй Беларусі. Канешне, вам не даводзілася лётаць ад снегу да снегу босымі ці хадзіць узімку ў драўляных чаравіках, шэсць тыдняў Малога і сем Вялікага посту сядзець на бульбе і саладусе…
Можна і больш прыводзіць прыкладаў, але навошта, калі і так бачна, якая “смачная” каўбаса панавала ў хаце селяніна? Аўтар кажа гэтыя словы таму, што сам паспрабаваў на працягу дванаццаці гадоў свайго маленства таго “райскага” жыцця…”
Менавіта сацыяльная і нацыянальная няроўнасць, а падчас поўнае бяспраўе беларусаў, а таксама нацыянальных меншасцяў узмацніла імкненне беларускага народа да ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і ўтварэння адзінай беларускай дзяржавы. Што і адбылося ў сярэдзіне верасня 1939 года.
17 верасня а 3-й гадзіне раніцы Міністэрства замежных спраў СССР папярэдзіла польскага пасла, што ў сувязі з акупацыяй Польшчы фашысцкай Германіяй савецкі ўрад бярэ пад абарону жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. На золку таго ж дня Чырвоная Армія перайшла граніцу, вызваліла горад Ліду, а неўзабаве і ўсю акупаваную тэрыторыю.
Беларускі народ заўсёды адносіўся да рускага з вялікай сімпатыяй, таму не дзіўна, што ўступленне ў гарады і сёлы часцей Чырвонай Арміі стала без перабольшвання ўсенародным святам.
Вось што перадаваў у газету «Правда» з Навагрудка палкоўнік Місюеў:
«Местное население встречает нас как настоящих освободителей. Мы проходим мимо деревень, украшенных красными флагами. Девушки дарят красноармейцам цветы. Эти дни стали для народа Белоруссии радостным праздником…»
Гэту акалічнасць пацвярджае і наш зямляк, краязнавец Анатоль Кулеш у сваёй манаграфіі «Горад Ліда: гісторыя, легенды, факты»:
«Сапраўды ўсё было так, таму што сам быў відавочцам. Радасна і дружалюбна сустрэлі прыход Чырвонай Арміі жыхары горада Ліды. У крэпасці адбыўся шматлюдны мітынг, які закончыўся масавым шэсцем па вуліцы Сувальскай (зараз Савецкая). Пабачыўшы многае на сваім вяку, пасівелы замак стаў сведкам сапраўднай народнай урачыстасці. Арганізатарамі яе былі члены КПЗБ і працоўныя горада. Цікава, што сярод лікуючых лідзян быў і сын польскага асадніка з-пад Дакудава, які, у адрозненне ад прадстаўнікоў свайго класа, змагаўся за лепшую долю гаротнага селяніна, будучы вядомы польскі пісьменнік Ежы Путрамант, сябра вядомага нашага земляка – народнага паэта-класіка Максіма Танка (Яўгена Скурко)”.
Па гарачых слядах, 15 студзеня 1940 года, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было ўведзена новае адміністрацыйнае дзяленне, у выніку чаго горад Ліда становіцца раённым цэнтрам Баранавіцкай вобласці.
У канцы 1939 – пачатку 1940 года пачалася вялікая ломка: сацыялістычныя пераўтварэнні ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы і грамадскім жыцці, у сувязі з чым радасць уз’яднання была часова азмрочана рэпрэсіямі і дэпартацыяй так званага “антысавецкага элемента”. Але зноў жа, гэтая доля ў першую чаргу спасцігла тых, хто працівіўся савецкай уладзе: кулакоў і іх сем’і, служачых лясной аховы, наглядчыкаў турмаў, асаднікаў, канфідэнтаў. Ну і, канешне, тых, хто меў непасрэдныя зносіны з Арміяй Краёвай польскага генерала Андэрса, бо яны не толькі вялі жорсткую барацьбу з савецкімі партызанамі, але і знішчалі шмат нявінных людзей.
Напярэдадні 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі э БССР (а гэта быў 2019 год) у газеце «СБ. Беларусь сегодня» быў змешчаны вялікі артыкул пад загалоўкам «Уроки истории». У ім я знайшоў і такія радкі, якія цалкам пацвярджаюць маю думку:
«Новая книга (а размова ідзе аб грунтоўным 5-томным выданні Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прымеркаваным да гэтай слаўнай даты) не обходит стороной и негативные страницы советской истории. Но главное, – чытаем далей, – по мнению белорусских историков, все-таки в другом: «Воссоединение Западной Беларуси с БССР предотвратило угрозу полонизации и ассимиляции белорусов. Этот акт исторической справедливости завершил процесс территориальной и этнографической консолидации белорусской нации – необходимого прочного фундамента белорусской государственности. Навсегда останется фактом то, что Беларусь впервые за всю историю стала территориально целостным государством».
...Вось у такім бурным патоку радасных і ў той жа час трывожных падзей, шаноўныя чытачы, і выйшлі першыя нумары газеты “Уперад”, якая з’яўлялася органам часовага ўпраўлення г. Ліды і (не здзіўляйцеся) тады яшчэ Лідскага павета. Адзін з іх цалкам быў прысвечаны выбарам у Народны сход Заходняй Беларусі, і на першай старонцы асабліва прыцягвае ўвагу заклік, які набраны тлустым шрыфтам: “Грамадзяне выбаршчыкі! Поўнасцю скарыстаем свае свяшчэнныя правы. Усе, як адзін, прыйдзем на выбарчыя ўчасткі, дружна і аднадушна прагаласуем за кандыдатаў у дэпутаты Беларускага Народнага Сабрання, за людзей, беззаветна адданых справе працоўных!..”
***
У наступны раз, вандруючы па старонках “Лідскай газеты” за 1939 год, я падрабязна раскажу пра падзеі на Лідчыне ў той далёкі і няпросты час. Забягаючы наперад, падкрэслю толькі адно: былі яны бурлівымі і плённымі, бо жыццё працоўнага чалавека пачало мяняцца на вачах у лепшы бок.
Дзякую за ўвагу, шаноўныя чытачы! Беражыце сябе, сваіх блізкіх і... мінулае сваё і сваіх продкаў!