Перажыць абнаўленне душы, дзякаваць за ўсё і быць шчаслівымі разам
17 Апреля 2022
2440

Данута ГУРЧЫН, мама дома сямейнага тыпу №1:

Вялікдзень і Каляды – два галоўныя святы ў нашай сям'і. А таксама дні нараджэння дзяцей. У нядзелю мы зробім адкрыццё сезона на свежым паветры, у двары. У нас ёсць барбекю, таму свята адбудзецца пры любым надвор'і.
А калі зазірнуць у глыб сябе, то, вядома ж, у душы прысутнічае хваляванне. Як хрысціянка, я разумею: каб сустрэць Вялікдзень, трэба перажыць абнаўленне. У Вялікі пост я прыняла рашэнне: паспрабаваць стаць яшчэ больш адкрытай для дзяцей, каб больш адчуваць і разумець іх патрэбы. Я прасіла гэтага ў Бога ў штодзённых малітвах і адчуваю: гэта са мною адбываецца. Дзяцей мы з мужам таксама стараемся выхоўваць у веры. Я бачу, як яны мяняюцца. У пост многія па меры сваіх сіл прымалі розныя інтэнцыі: нехта не глядзеў фільмы жахаў, нехта адмовіўся ад той ці іншай звычкі. І сапраўды, дзеці сталі лепшымі. Трэба жыць з Богам – тады ўсё будзе добра.
Марыя МАКАРЭВІЧ, сацыяльны работнік, в. Буцілы:

Атмасфера свята ў нашай вёсцы адчувалася ўжо ў мінулую нядзелю, на Вербніцу. Мы прыгатавалі для нашага ксяндза Валянціна самую незвычайную вярбу: прыгожую і два метры ў вышыню! А сёння мы старанна прыбралі рознакаляровымі стужкамі і кветкамі кошыкі з велікоднымі стравамі. У свой кошык я нават паставіла ліхтарык у форме велікоднага яйка. Гэта не столькі знешняя прыгажосць, колькі адлюстраванне нашых пачуццяў, любові да Бога.
У нядзелю чакаю ў госці дзяцей і ўнукаў. Збяромся за накрытым сталом. Па традыцыі паставім адну пустую талерачку для памерлых, каб і яны нябачна былі з намі і раздзялілі радасць Вялікага дня.
Аляксей ДУДЗІЧ, рэдактар тэхнічны ДУ “Рэдакцыя «ЛідаМедыяКампанія»:

Гэта вельмі здорава і проста па-чалавечы цёпла, душэўна, радасна. Для мяне Вялікдзень – менавіта такое свята.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.