Жыхарка Лідскага раёна расказала, як прымушала стукаць драўлянае сэрца ткацкага станка і чым было напоўнена жыццё ў яе роднай вёсцы шмат гадоў таму
19 Октября 2021
1650

Захаванне традыцый продкаў з'яўляецца неабходнай умовай духоўнага развіцця. Такім чынам ствараецца нябачная, але вельмі моцная сувязь пакаленняў. І пра ўсё гэта мы збіраемся расказаць чытачам у сумесным праекце “Лідскай газеты” і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, які называецца «Тут Радзімы маёй пачатак».
У маленькіх вёсачках і аграгарадках нашага раёна яшчэ жывуць бабулі, у куфарах якіх захоўваюцца аўтэнтычныя скарбы народных рамёстваў. Рукі таленавітых жанчын ткуць, вышываюць, плятуць з лазы і саломкі. Мясцовыя майстрыхі з'яўляюцца захавальніцамі разнастайных тэхнік і ўзораў. І жыхарка Ваверкі Тэрэза Ясюкайціс – яскравы таму прыклад. Жанчына – носьбіт ведаў аб ткацтве, адным з самых старажытных рамёстваў не толькі ў нашым рэгіёне, але і ва ўсёй Беларусі. І ў чарговым артыкуле карэспандэнта “Лідскай газеты” яна раскажа, як прымушала стукаць драўлянае сэрца ткацкага станка і чым было напоўнена жыццё ў яе роднай вёсцы шмат гадоў таму.
У хаце сельскай жыхаркі перада мной адкрыўся сапраўдны этнаграфічны Кландайк. Тут і дзіўныя даматканыя дарожкі, якія радуюць вока сваёй вясёлай паласатасцю, і абрусы, і сурвэткі. Але, мабыць, галоўнай іскрынкай калекцыі Тэрэзы Юзэфаўны з’яўляюцца даматканыя ручнікі. Так-так, сапраўдныя шэдэўры рамяства нашых продкаў, якія звычайна суправаджалі чалавека ад нараджэння да смерці.
– Я нарадзілася ў 1939 годзе ў вёсачцы Сямейкі, якая знаходзіцца ў трох кіламетрах ад Ваверкі, – успамінае факты са свайго жыцця Тэрэза Ясюкайціс. – А ў 1945 годзе тата не вярнуўся з вайны. У мамы нас было чацвёра: я і тры браты. З самага дзяцінства нам прыйшлося ёй дапамагаць: прыбірацца ў двары, працаваць у агародзе, хадзіць разам са старэйшымі ў поле і апрацоўваць буракі. Але так жылі ў вёсцы ўсе, і гэта не лічылася геройствам, а хутчэй нормай жыцця. А ў вольныя хвіліны разам з дарослымі падлеткі асвойвалі розныя рамёствы. Напрыклад, я заўжды з захапленнем назірала за стараннымі рукамі маці, якія з любоўю стваралі на ручніках і сурвэтках прыгожыя геаметрычныя карціны, мудрагелістыя ўзоры. Для мяне гэта быў сапраўдны цуд. У пятнаццаць гадоў сама пачала ствараць даматканае палатно: спачатку звычайнае, а потым ужо навучылася ўпрыгожваць яго вышыўкай, мярэжкамі, карункамі ручной працы. Занятак быў настолькі займальным, што я адразу ўцягнулася ў яго. Праўда, у маім дзяцінстве не было такіх нітак, якія можна купіць у магазінах цяпер. Ніткі для ткацтва мы самі выраблялі з ільну.

– Нашых продкаў на вёсцы ўсё жыццё суправаджалі ручнікі, – апавядае сельская жыхарка. – Калі дзіця хрысцілі, яго прыносілі дахаты ў ручніку. Людзі браліся шлюбам, стоячы на ручніку, і рукі іхнія абгортваліся менавіта ім. Хлеб таксама клалі на ручнік, а ў хаце прыгожая белая рэч з сімвалічнымі ўзорамі займала самае пачэснае месца. Ручнікі складалі неад'емную частку пасагу дзяўчыны. Вышывалі ручнікі на шчасце, на каханне, на доўгае сямейнае жыццё, і лепш, каб іх было не адзін, не два, а некалькі. Таму за працай можна было ўбачыць адразу некалькіх жанчын-суседак, якія старанна перабіралі ў руках шчыльныя ніткі. Ткалі шмат, бо, акрамя тых ручнікоў, што павінны былі выкарыстоўвацца непасрэдна ў абрадзе, клалі ручнікі пад ногі ў царкве, дарылі бацькам жаніха, упрыгожвалі імі хату, куды ўваходзіла маладая жонка. Акрамя гэтага, нявеста прыносіла свае дываны, пасцельныя прыналежнасці. Сабраць добры пасаг, асабліва калі ў сям'і некалькі дачок, было не так проста.

Па словах Тэрэзы Ясюкайціс, тэхналогію вытворчасці ручнікоў сёння мала хто ведае. Толькі такія старажылы, як яна сама, або супрацоўнікі аддзелаў рамёстваў, якім мудрыя бабулі перадаюць свае веды ў час навуковых экспедыцый, могуць расказаць пра ткацтва, падзяліцца сваімі сакрэтамі, паказаць, як ніццю “пісаць” той ці іншы ўзор.
– Нягледзячы на тое што гады праляцелі птушкамі, асноўныя этапы працэсу памятаю добра, хоць за кросны садзі! – смяецца жанчына, перабіраючы ў руках яркае покрыва. – Цяпер, зразумела, лён у вёсках не сеюць і палатно больш не ткуць – адпала неабходнасць у гэтай цяжкай працы. Ранейшае рамяство, якое ўваходзіла ў жаночыя абавязкі, ужо не запатрабаванае. Ручнікі і дзяружкі – гэта ўсё, што засталося як напамін аб тым, як сельскія жыхаркі займаліся ткацтвам для душы. Кожная такая рэч – сапраўдны шэдэўр. Да таго ж, нягледзячы на «ўзрост», яны не губляюць колер і форму. Я вельмі шаную іх і спадзяюся, што калі-небудзь мае дзеці і ўнукі будуць таксама берагчы гэтыя рэчы. Бо ў іх – нашы вытокі, традыцыі, гісторыя. Вось толькі шкада, што такую прыгажосць ужо не ствараюць.

Калі з замілаваннем глядзіш на работы сельскай майстрыхі, становіцца відавочным: традыцыі лідскай зямлі не знікнуць бясследна. У памяці людзей старэйшага пакалення яшчэ жывуць успаміны аб старадаўніх песнях, абрадах, мерным укладзе жыцця, а ў драўляных куфрах захаваліся старадаўнія кашулі, дываны і ручнікі. Усе яны – бясцэнны скарб, які і праз гады, дзесяцігоддзі абавязкова будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.